Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Чаму не гаворыш па-польску?» За спробу зарэзаць беларуса паляку пагражае пажыцьцёвае зьняволеньне


Васіль Жакаў у шпіталі
Васіль Жакаў у шпіталі

У Варшаве пачаўся працэс супраць 25-гадовага Лукаша К., якога абвінавачваюць у замаху на забойства. Паводле абвінавачаньня, ён нанёс некалькі ўдараў нажом грамадзяніну Беларусі Васілю Жакаву. Напад мог быць матываваны нацыянальнай нянавісьцю, лічыць адвакатка пацярпелага.

Пінчуку Васілю Жакаву 36 гадоў. У 2016 годзе ён прыехаў у Польшчу і ўладкаваўся кіроўцам гарадзкога аўтобусу ў Варшаве. Летась у траўні, пасьля начной зьмены, ён разам з сябрам адпачываў у бары варшаўскага раёну Урсус. Васіль расказвае, што празь некаторы час, калі сябра пайшоў дадому, ён выйшаў з будынку і сеў за столік звонку.

«Я сядзеў і глядзеў нешта ў тэлефоне. Падышоў хлапец, сеў побач і пачаў чапляцца. Я не зьвяртаў на яго ўвагі, а потым мне надакучыла гэтае мармытаньне. Я ўстаў і сказаў па-руску, каб ён адчапіўся і ішоў сваёй дарогай», — распавёў Свабодзе Васіль Жакаў.

Пасьля рускамоўнай рэплікі з-за суседняга стала ўзьняўся іншы хлапец, які сядзеў там зь дзяўчынай, і пасьля словаў «Чаму ты не гаворыш па-польску?», пачаў ісьці ў бок беларуса.

«Ягоны сябра, той што прысеў спачатку да мяне, пачаў махаць рукамі і я схапіў яго за руку. Потым я яго адпусьціў, і ўжо калі падышоў ягоныя сябра, я пачаў адступаць, бо не хацеў біцца. Потым я адчуў нейкія рухі каля грудной клеткі і крык дзяўчыны — "Кроў". Калі я удыхнуў паветра, то з грудзі вылецеў фантан крыві», — працягвае Васіль.

Васіль Жакаў
Васіль Жакаў

Хлапец, які, паводле яго, нанёс удары нажом, зьбег. Уцячы хацеў і ягоны сябра зь дзяўчынай, але тая спачатку запярэчыла, што не пакіне параненага і выкліча хуткую. Але праз імгненьні за вуглом бару зьніклі і яны. Васіль у гэты час ляжаў на зямлі і сьціскаў рану.

«Я пачаў грукаць у шыбу бару па дапамогу. Выйшлі людзі, выклікалі хуткую. Калі прыехала хуткая, то побач сабраліся людзі і пыталіся, а хто цябе так ударыў нажом? А сярод іх я пабачыў таго хлопца, які кідаўся да мяне», — гаворыць пацярпелы.

Васіля Жакава завезьлі ў шпіталь. Падчас апэрацыі яму паставілі дзьве жалезныя пласьціны ў грудную клетку. У шпіталі ён прабыў 8 дзён, і пасьля яшчэ два тыдні праходзіў рэабілітацыю. Меркаванага нападніка затрымалі на наступны дзень. Ад траўня мінулага году ён знаходзіцца пад арыштам.

Прызнаўся, але потым адмовіўся

16 сакавіка ў Варшаўскім акруговым судзе адбылося першае паседжаньне па гэтай справе. Перад судом была праведзеная псыхіятрычная экспэртыза і абвінавачанага прызналі псыхічна здаровым. У папярэднім расьсьледаваньні Лукаш К. прызнаўся, што нанёс удары нажом. Але пазьней адмовіўся ад ранейшых паказаньняў.

Патлумачыць паводзіны абвінавачанага Свабода папрасіла яго адвакатку Магду Гавіньску.

«Мой кліент меў права зьмяніць паказаньні і адмовіцца ад гаварыць. Гэтае права яму гарантуе закон. Ён адкідае абвінавачаньні і яшчэ выступіць напрыканцы працэсу. Галоўныя сьведкі яшчэ таксама не выступалі і я лічу, што іх словы будуць мець ўплыў на вынік справы», — гаворыць адвакатка Лукаша К.

Паводле Гавіньскай, яе кліент заявіў, што ня памятае акалічнасьцяў здарэньня і ня мае паняцьця, што там здарылася. Яна патлумачыла, што яе кліент зьмяніў паказаньні, паколькі падчас папярэдняга расьсьледаваньня ён кепска памятаў усе абставіны і абапіраўся на вэрсію паліцыі.

«Ён нічога не памятае. Мой кліент усяго толькі працягваў гісторыю, якую пачаў ад паліцыі, але гэта маглі быць і прыдумкі, бо ён нічога не памятае. Суд гэта ацэніць. І пакуль ён не паставіць у працэсе кропку, рана пра нешта казаць на 100%», — сказала Свабодзе Гавіньска.

Адвакатка абвінавачанага заявіла, што падчас судовага працэсу чакаецца выступ новых сьведкаў, якія прадставяць вэрсію пра зусім іншага нападніка. Паводле яе, некалькі нажоў меў і пацярпелы, а на вопратцы адной з затрыманых асобаў былі выяўлены сьляды крыві. На пытаньне, чаму тады паліцыя затрымала менавіта Лукаша К., адвакатка адказала:

«Бо мой кліент ня выключыў, што такое магло адбыцца. Ён проста быў у стане, у якім ня мог дакладна ўсё патлумачыць».

Абвінавачаны Лукаш К.
Абвінавачаны Лукаш К.

У інтэрвію Свабодзе адвакатка пацярпелага беларуса Тацьцяна Рот-Мэльзацка пацьвердзіла, што ў Васіля Жакава сапраўды былі пры сабе нажы, але яны ня маюць дачыненьня да справы, паколькі былі схаваныя, і нападнік ня мог іх бачыць.

«Адвакатка абвінавачанага абрала такую лінію абароны. Пацярпелы Васіль Жакаў меў пры сабе нажы, але яны не адыгралі ніякай ролі ў гэтым здарэньні. Яны былі ў заплечніку, або ў закрытай кішэні, далёка ад вачэй абвінавачагага. На першым пасяджэньні былі зачытаныя паказаньні спадара Жакава, і няма ніякіх сумневаў, што ён распазнаў абвінавачанага», — гаворыць адвакатка.

Яна нагадала, што ў папярэднім расьсьледаваньні паляк пацьвердзіў, што сапраўды нанёс удары, і нават назваў месца, куды выкінуў нож, які так і не знайшоўся. Лукаш К сьцьвярджаў, што гэта была самаабарона, а ня спроба забойства.

«А цяпер ён адмовіўся ад ранейшых паказаньняў і пакуль не прадставіў новую вэрсію. Цяпер ён кажа, што нічога ня памятае».

Ці мог у гэтай справы быць матыў канфлікту на нацыянальнай глебе? Тацьцяна Рот-Мэльзацка лічыць, што абвінавачаны шукаў зачэпкі, а калі пачуў іншую мову, то гэта яшчэ больш узмацнілася ягоную нянавісьць і таму ён напаў на яе кліента.

«Сам абвінавачаны пра гэта кажа. Падчас папярэдняга расьсьледаваньня ён заявіў, што пацярпелы папрасіў яго адысьці на іншай мове. І абвінавачаны тады адказаў, што не жадае, каб зь ім гаварылі на іншай мове, бо гэта Польшча. У яго крыві выяўлена 1,5 праміле алькаголю. Ён быў пасьля спажываньня моцнага алькаголю і функцыянаваў зусім інакш. Але пазьней абвінавачаны цалкам адмовіўся ад першай вэрсіі здарэньня», — распавяла адвакатка беларуса Тацьцяна Рот-Мэльзацка.

Лукашу К. за спробу забойства пагражае ад 8 гадоў турмы да пажыцьцёвага зьняволеньня. Наступныя паседжаньні па гэтай справе павінны адбыцца 18 і 24 красавіка.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG