Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Студэнтаў прасілі расьпісацца за ігнараваньне Дня Волі. Выкладчыца пацьвердзіла, адміністрацыя адмаўляе


У Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце культуры і мастацтваў прайшла куратарская гадзіна са студэнтамі пра «ігнараваньне Дня Волі». Выкладчыца пацьвердзіла гэты факт, а адміністрацыя ВНУ яго адмаўляе.

У сацсетках зьявіліся сьведчаньні студэнтаў, што іх просяць расьпісацца за наведваньне куратарскай гадзіны па тэме «Ігнараваньне Дня Волі, бо гэтае мерапрыемства супярэчыць ідэалёгіі Рэспублікі Беларусь».

Выкладчыца катэдры міжкультурнага абмену і куратарка адной з групаў БДУКіМ Валерыя Філіпенка пацьвердзіла «Нашай Ніве», што сапраўды правяла са сваімі студэнтамі куратарскую гадзіну пра «ігнараваньне Дня Волі».

«Куратарскую гадзіну я магу праводзіць як заўгодна — і маю права агучваць сваю грамадзянскую пазыцыю, — патлумачыла Філіпенка. — Я лічу, што Дзень Волі супрацьстаіць ідэалёгіі, бо мы ідзем дэмакратычным шляхам».

«Гэта была прафіляктыка наркотыкаў»

А вось у адміністрацыі ўстановы гэтую інфармацыю абверглі.

«Якая куратарская гадзіна? — адказала пытаньнем на пытаньне карэспандэнта Свабоды прарэктар па выхаваўчай і ідэалягічнай працы ўнівэрсытэту Юлія Пэрсідзкая. —​ Адкуль у вас такія зьвесткі? Куратарскія гадзіны ў нас па прафіляктыцы правапарушэньняў на гэтым тыдні. А ў сацыяльных сетках я не глядзела».

Начальнік аддзелу выхаваўчай працы з моладзьдзю ўнівэрсытэту Дзьмітры Купрыянюк сказаў карэспандэнту Свабоды, што ўпершыню чуе пра такую куратарскую гадзіну.

«Сёньня ў нас былі сустрэчы з куратарамі, але на іх паводле пляну ішла размова адносна прафіляктыкі наркатычных сродкаў, паказвалі ролік і сустракалася псыхалягічная служба. Вось такая ў нас была тэматыка. Адносна Дня Волі ў нас нічога не было», — сказаў ён.

Прарэктар БНТУ: «Ніякага масавага вызваленьня ад заняткаў ня будзе»​

Таксама ў сацсетках зьявіліся меркаваньні, што ў БНТУ вызваляюць студэнтаў ад заняткаў 24 і 26 сакавіка і што гэта, магчыма, зьвязана з Днём Волі.

Першы прарэктар БНТУ Георгі Вяршына ў камэнтары Свабодзе назваў гэта «хлусьнёй». «Ніякага масавага вызваленьня ад заняткаў ня будзе», — сказаў ён.

«25 сакавіка заняткаў ня будзе»

Паведамлялася, што ў Менскім дзяржаўным каледжы тэхналёгіі і дызайну лёгкай прамысловасьці ў сувязі «з удзелам у рэспубліканскіх мерапрыемствах» пераносяцца заняткі з 21 на 25 сакавіка.

Дырэктар каледжа Вольга Рунец сказала карэспандэнту Свабоды, што загаду пра перанос заняткаў на 25 сакавіка няма.

«Заняткаў 25 чысла ў каледжы ня будзе», — сказала яна.

Зь міністэрстваў не давалі ніякіх указаньняў

Прадстаўніца аддзелу ўстаноў адукацыі Міністэрства культуры Юлія Будзько і прэс-сакратар Міністэрства адукацыі Людміла Высоцкая сказалі карэспандэнту Свабоды, што ніякіх захадаў у зьвязку з правядзеньнем сьвяточных мерапрыемстваў 25 сакавіка не рабілася і ніякіх указаньняў навучальным установам не было.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG