Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцы «Вясны» выдалі кнігу — фаталетапіс «гарачай вясны» 2017-га


Да гадавіны леташняга разгону акцыі на Дзень Волі Праваабарончы цэнтар «Вясна» выдаў фатакнігу пра леташнія пратэсты, акцыі, затрыманьні і суды. Кніга мае назву «Вясна-2017».

Паводле ўкладальніцы Алены Лапцёнак, у кнізе выкарыстаныя каля 200 здымкаў Уладзімера Грыдзіна, Сяргея Гудзіліна, Антона Матолькі і іншых аўтараў.

Першае падобнае выданьне выйшла па выніках 1996 году, яно насіла назву «Менская вясна-1996».

«З тых пор кожная вясна ў Беларусі гарачая», — кажа іншы ўкладальнік кнігі Алесь Бяляцкі.

Фатакніга адлюстроўвае асноўныя грамадзка-палітычныя падзеі Беларусі 2017 году: абарону Курапатаў ад забудовы ахоўнай зоны мэмарыялу, маршы пратэсту супраць дэкрэту аб дармаедах у розных гарадах краіны, арышты абвінавачаных па «Справе патрыётаў», разгон шэсьця на Дзень Волі, які суправаджаўся масавымі затрыманьнямі і судамі, крымінальны перасьлед актывістаў прафсаюзу РЭП.

Алесь Бяляцкі прэзэнтуе кнігу
Алесь Бяляцкі прэзэнтуе кнігу

«Адчуваньне драматычнасьці беларускай гісторыі, трагічнага лёсу нашых людзей сапраўды знайшло адлюстраваньне ў гэтай кнізе», — кажа Алесь Бяляцкі.

Усяго, паводле падлікаў праваабаронцаў, летась пад адміністрацыйны перасьлед трапілі 900 чалавек, у тым ліку было 250 адміністратыўных арыштаў актывістаў і ўдзельнікаў акцый, быў выпісаны 551 штраф на агульную суму 135 тысяч эўра, яшчэ 35 тысяч эўра штрафаў сплацілі незалежныя журналісты, якія асьвятлялі пратэсты і іншыя падзеі 2017 году. 40 чалавек летась трапілі пад крымінальны перасьлед. Разгоны пратэстаў, арышты і суды адбываліся нягледзячы на тое, што, паводле праваабаронцаў, усе акцыі 2017 году насілі мірны характар.

«І хоць па „Справе патрыётаў“ пазьней крымінальны перасьлед быў закрыты, ні перад кім улады нават ня выбачыліся, ня тое каб кампэнсаваць незаконны арышт», — падкрэсьліў Бяляцкі.

Леташнія падзеі істотна паўплывалі і на 2018 год, перакананы Алесь Бяляцкі. На ягоную думку, тое, што ўлады сёлета дазволілі акцыі на 100 год незалежнасьці БНР, сталася вынікам цьвёрдай пазыцыі грамадзянскай супольнасьці і актывістаў у папярэднія гады.

Алесь Бяляцкі заклікаў беларускія ўлады вырашаць грамадзкія праблемы і канфлікты шляхам перамоваў.

«Мы ня хочам даводзіць сытуацыю да крызісу. Грамадзтва без унутранай згоды не карыстаецца даверам з боку дэмакратычных дзяржаў».

Кніга «Вясна-2017» выйшла ў Вільні, у Беларусі яе надрукаваць не ўдалося.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG