Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Тэхасе адбыўся пяты за два тыдні выбух. Што вядома?


Выбух адбыўся каля поўначы на адным са складоў кур’ерскай кампаніі FedEx у гарадку Шэрц, што ў 100 кілямэтрах ад сталіцы Тэхасу, Остына. Нязначна пацярпеў адзін чалавек.

Як паведамляе CNN, гэта ўжо пяты выбух за апошнія дні. Да гэтага чатыры выбухі агулам забілі двух чалавек і паранілі чатырох. Ва ўсіх выпадках выбухоўка была схавана ў паштовыя пасылкі. У ФБР, спэцыялісты якога ўжо пачалі расьсьледаваньне, мяркуюць, што ўсе выбухі зьвязаныя паміж сабой.

Першы выбух, як і наступныя тры, адбыўся ў Остыне. Так, 2 сакавіка, 39-гадоваму чарнаскураму мужчыну дамоў прыйшла невядомая пасылка. Падчас распакоўкі спрацавала выбуховае прыстасаваньне, у выніку чаго мужчына загінуў. Наступным разам, 12 сакавіка, загінуў чарнаскуры 17-гадовы падлетак, а яго маці была шпіталізавана ў крытычным стане. Паведамляецца, што хлопец пасьпеў толькі занесьці ў дом пасылку, якая чакала ля дзьвярэй. А ўжо праз некалькі гадзін амаль пры такіх жа абставінах пастраждала 75-гадовая жанчына лацінаамэрыканскага паходжаньня.

Пасьля гэтых выбухаў сьледчыя меркавалі, што ў злачынствах могуць быць расісцкія матывы, аднак жа ўжо 18 сакавіка адбыўся чарговы выбух паштовай пасылкі, якая ляжала проста на вуліцы. Пацярпелі два белыя мужчыны ва ўзросьце 22 і 23 гадоў. Выбух адбыўся пасьля таго, як яны сарвалі ўсталяваную расьцяжку. Як адзначаюць сьледчыя, ужываньне расьцяжкі сьведчыць пра тое, што злачынца можа зладзіць і больш складаныя выбуховыя прыстасаваньні.

Сёньняшні выбух, аднак жа, стаў першым, пры якім выкарыстоўваліся курʼерскія службы. Да гэтага «пасылкі» не праходзілі ні празь якую паштовую кампанію.

Спэцслужбы абвясьцілі пра ўзнагароды, агульным памерам $115.000, за любую інфармацыю пра чалавека, які рыхтаваў выбухі. Таксама кіраўніцтва штата Тэхас тэрмінова выдзеліла $265.000 для набыцьця сямі партатыўных рэнтгэн-сыстэм для мясцовай паліцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG