Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цырульні — самы папулярны від бытавых паслуг у беларусаў


Цырульня ў Менску
Цырульня ў Менску

Беларусам аказваюць 157 відаў бытавых паслуг. Гэтую лічбу назваў 20 сакавіка на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску начальнік упраўленьня Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю Беларусі Валер’ян Бяспалы. Паводле яго, толькі летась адкрылі каля 3700 новых аб’ектаў.

Якія паслугі найбольш папулярныя

На першым месцы — карыстаньне цырульнямі. Далей у сьпісе — тэхнічнае абслугоўваньне і рамонт транспартных сродкаў, рамонт і шыцьцё швейных вырабаў, рамонт і ўсталёўваньне кампутараў і іншага офіснага абсталяваньня, рамонт і шыцьцё абутку, арэнда і пракат.

Растуць і аб’ёмы адносна новых відаў паслугаў. Так, за мінулы год амаль на 90% павялічылася карыстаньне СПА-цэнтрамі. Прыкметна павялічыўся попыт на барбэршопы і пракат катамаранаў. У некалькіх сталічных цырульнях зьявілася паслуга — «абслугоўваньне ў шэсьць рук». Гэта азначае, што кліентцы або кліенту адначасова чысьцяць твар, робяць манікюр і пэдыкюр. Папулярнымі сталі і фотакабінкі, дзе можна хутка зрабіць невялічкі здымак.

У сельскай мясцовасьці патрэбы мала чым адрозьніваюцца ад агульных. Хоць, вядома, тут ёсьць і спэцыфічныя: завезьці, парэзаць і пакалоць дровы, скасіць траву ды іншыя.

З 3700 аб’ектаў бытавога абслугоўваньня, якія адкрыліся летась, палова прыпала на райцэнтры, пасёлкі і буйныя вёскі. Агульны балянс цяпер такі: 51% суб’ектаў «бытоўкі» — у гарадах, 49% — у сельскай мясцовасьці.

Чым незадаволеныя кліенты

Найчасьцей скардзяцца на кошты паслугаў. Людзі жаляцца, што іх цэны ня ўлічваюць рэальны дабрабыт бальшыні беларусаў.

На гэта спадар Бяспалы заўважыў, што абсалютная бальшыня «бытоўкі» цяпер у прыватных руках. А кошты на іх паслугі «не падлягаюць дзяржаўнаму рэгуляваньню».

Што тычыцца якасьці паслуг, дык тут скаргаў стала меней. Лічыцца, што гэта вынік канкурэнцыі, якая ў «бытоўцы» нарастае з году ў год.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG