Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У райцэнтры на Магілёўшчыне масава дэмантуюць газавыя калёнкі. Жыхары пагражаюць «сацыяльным выбухам»


Газавая ўстаноўка насупраць дома, у якім дэмантавалі газавую калёнку

Жыхароў райцэнтру Круглае, якому летась надалі статус гораду, масава прымушаюць дэмантаваць у кватэрах газавыя калёнкі. Паводле газаўшчыкоў, воданагравальнікі ўстаноўленыя з грубым парушэньнем «Правілаў карыстаньня газам у побыце». Пэрспэктыва застацца без гарачай вады пагражае сотням сямей з больш як сарака дамоў.

Новым гараджанам прапануюць мяняць газавыя воданагравальнікі на электрычныя за ўласны кошт. Гаспадары кватэраў не пагаджаюцца — кажуць, што старая электраправодка ня вытрымае. Дый сродкаў на замену абсталяваньня ў іх няма.

Многія настойваюць, што сама ўлада павінна парупіцца, каб падвесьці ў дамы гарачую ваду, як гэта павінна быць у горадзе. Чыноўнікі адпісваюць, што на гэта ў бюджэце няма грошай, і абяцаюць вырашыць праблему з гарачай вадой на працягу дзесяці гадоў.

Дзесяцігодзьдзямі да калёнак ставіліся ляяльна

Цэнтралізаванай сыстэмы гарачага водазабесьпячэньня ў Круглым няма, хаця дамы, як паінфармавала жыхароў Міністэрства энэргетыкі, праектаваліся з гарачай вадой. Трубаправод да сёньня не захаваўся, бо яго дэмантавалі. Каб мець у кватэрах гарачую ваду, гаспадары і пачалі ставіць газавыя калёнкі. Першыя, па словах старажылаў, зьявіліся гадоў сорак таму.

«На працягу дзесяцігодзьдзяў да такога абсталяваньня газавыя службы ставіліся ляяльна, — сказаў Свабодзе жыхар райцэнтру, які назваўся Сяргеем Паўлавічам. — За расход газу бралі грошы. Спраўнасьць воданагравальнікаў кантралявалася».

Газавая калёнка ў адной з кватэраў. Газаўшчыкоў гаспадары ў жытло не пускаюць
Газавая калёнка ў адной з кватэраў. Газаўшчыкоў гаспадары ў жытло не пускаюць

Па словах круглянцаў, актыўнае змаганьне з калёнкамі ўсчалося года паўтара таму. Падставай для яго сталі няшчасныя выпадкі ў розных гарадах Беларусі з прычыны няспраўных газавых калёнак. Як кажуць жыхары райцэнтру, падчас сёлетняй выбарчай кампаніі барацьбу з газавымі воданагравальнікамі прыпынілі.

Газаўшчыкі выявілі ў Круглым 578 самавольна ўсталяваных газавых воданагравальнікаў. Зь іх 488 эксплюатуюцца ў дамах, якія ня маюць дымаходаў. Для адводу прадуктаў гарэньня выкарыстоўваюцца вэнтыляцыйныя шахты, што забаронена правіламі карыстаньня газам у побыце. Па зьвестках газавай службы, калёнкі ставіліся больш за трыццаць гадоў таму.

Дэмантаваць калёнкі дапамагае міліцыя

Цяпер супрацоўнікі газавай службы разам зь міліцыяй абыходзяць кватэры і «зразаюць» абсталяваньне. У адказ гаспадары зачыняюцца ў сваіх хатах і адмаўляюцца пускаць візытэраў.

Жыхары райцэнтру зьвярнуліся да прэсы. На іх думку, раённая ўлада замоўчвае маштаб праблемы з гарачай вадой у Круглым і нічога ня робіць, каб яе вырашыць.

На сустрэчу з журналістам 17 сакавіка з розных канцоў гораду прыйшлі блізу трох дзясяткаў чалавек. Гаворка адбылася непадалёк ад дому № 3 на вуліцы Лукашэвіча. Па словах яго жыхароў, ужо некалькі дзён яны жывуць як у аблозе. У двух пад’ездах газавыя калёнкі ўжо паздымалі. Жыльцы трэцяга адмаўляюцца. Каб зрабіць іх згаворлівымі, пад’езд адключылі ад газу.

Круглянцы расказваюць журналісту пра сытуацыю з гарачай вадой
Круглянцы расказваюць журналісту пра сытуацыю з гарачай вадой

«...Газазабесьпячэньне ў вашых кватэрах будзе адноўлена пасьля доступу ў кватэры № 6, 9, 10, 17», — было напісана на абвестцы.

Супрацоўнікі газавай службы, пабачыўшы людзкую грамаду, тут жа зьехалі, а некаторыя з жыхароў наважыліся выйсьці са сваіх кватэраў. Газавыя калёнкі, як сказалі суразмоўцы, яны паставілі шмат гадоў таму, «каб жыць па-людзку». Доўгія гады прэтэнзіяў да абсталяваньня не было. Разабрацца ў прычынах дэмантажу людзі ня могуць, бо адна арганізацыя адпраўляе да другой.

«У нас ёсьць тэхнічныя ўмовы для калёнак. Ёсьць вэнтыляцыйная шахта і дымаходы. Але ў нас газавыя калёнкі пазразалі. Прапануюць ставіць электрычныя бойлеры-награвальнікі, але нас ня слухаюць, што іх нагрузкі ня вытрымае старая электраправодка. Яе прапануюць замяніць у доме за наш жа кошт», — кажа пра сытуацыю жыхарка дому Тацяна.

Па словах жанчыны, дамова на карыстаньне газавай калёнкай была заключаная ў 2014 годзе, але яна не ўратавала абсталяваньне ад дэмантажу.

Жылы масіў, які можа застацца без гарачай вады. Раней у гэтых дамах было цэнтралізаванае гарачае водазабесьпячэньне
Жылы масіў, які можа застацца без гарачай вады. Раней у гэтых дамах было цэнтралізаванае гарачае водазабесьпячэньне

Арытмэтыка пераабсталяваньня: 2,5 тысячы — газавая калёнка, 500 рублёў — электрычная. Дзе ўзяць грошы?

Для таго каб стварыць у кватэры тэхнічныя ўмовы для працы газавай калёнкі — пракладка ўнутранага газапроваду, мантаж прыстаўных дымавых каналаў, распрацоўка праекту на ўвесь дом са згодай жыльцоў, набыцьцё воданагравальнікаў з закрытай камэрай згараньня — гаспадару спатрэбіцца 2,5 тысячы рублёў. На электранагравальнік трэба менш — ад 350 да 500 рублёў. Але пры гэтым, тлумачаць жыхары, трэба ўлічыць, што бойлер будзе расходваць электраэнэргіі больш, чым звычайна.

Цяпер без электраабагравальніка, як казалі суразмоўцы, яны ўкладаюцца ў 150 кіляват па «льготным тарыфе» — 10 капеек за кіляват. З электраабагравальнікам тарыфы ўзрастаюць ад 12 да 15 капеек за кіляват.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў: паскору вырашэньне пытаньня

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Дзьмітры Гобараў называе пытаньне з гарачай вадой у Круглым «дужа прынцыповым і важным для жыцьцезабесьпячэньня грамадзян».

«Урад прыняў рашэньне забараніць выкарыстаньне газавых праточных калёнак там, дзе не забясьпечаны адвод газу. У Круглым 42 дамы з гэтымі калёнкамі. З аднаго боку, можна зразумець і людзей, а з другога — дзеяньні ўлады», — камэнтуе сытуацыю дэпутат Палаты прадстаўнікоў, які 19 сакавіка сустракаўся з групай жыхароў Круглага.

Па словах Дзьмітрыя Гобарава, пытаньне з гарачай вадой не аднойчы абмяркоўвалася ў Магілёўскім аблвыканкаме. Ураду даслалі хадайніцтва, каб круглянцам, якія выкарыстоўваюць электраводанагравальнікі, дабавілі льготныя кіляваты электраэнэргіі.

10 гадоў на гарачую ваду

Многія жыхары райцэнтру вінавацяць мясцовую ўладу ў нерацыянальным расходаваньні сродкаў, выдзеленых на падрыхтоўку Круглага да Дажынак, якія адбыліся ў 2015 годзе. Людзі спасылаюцца на досьвед суседняга Талачына, дзе за грошы на Дажынкі мадэрнізавалі сыстэму гарачага водазабесьпячэньня. У Круглым жа, па іх словах, грошы пайшлі на «фарбаваньне дамоў».

Падкову паставілі ў Дажынкі
Падкову паставілі ў Дажынкі

Год таму сытуацыю з гарачай вадой і газавымі калёнкамі абмяркоўвалі на сходзе жыхароў райцэнтру. На ім, як вынікае з пратаколу, прызнавалася, што адзінай крыніцай гарачага водазабесьпячэньня ў Круглым застаюцца газавыя калёнкі. Дэмантуюць іх, па словах чыноўнікаў, дзеля бясьпекі людзей, каб не патруціліся чадам. На тое, каб вырашыць праблему гарачага водазабесьпячэньня, гаварылі службоўцы на сходзе, спатрэбіцца 10 гадоў, бо працы фінансуюцца за сродкі ўласьнікаў жытла.

Будынак райвыканкаму на вуліцы Савецкай. На ёй і прылеглых да яе вуліцах узьведзена бальшыня дамоў, у якіх дэмантуюць газавыя воданагравальнікі
Будынак райвыканкаму на вуліцы Савецкай. На ёй і прылеглых да яе вуліцах узьведзена бальшыня дамоў, у якіх дэмантуюць газавыя воданагравальнікі

За прамінулы год у Круглым газавых калёнак паменела. Некаторыя з жыхароў усё ж памянялі іх на электрычныя. Большасьць жа спадзяецца, што дзяржава дапаможа вырашыць праблему. Я некаторыя зьвярнуліся ў адміністрацыю прэзыдэнта, які, па словах скаржнікаў, ня ведае, што робіцца ў Круглым.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG