Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паштоўкі зь мястэчка, якога больш няма. Мастак аднаўляе памяць пра габрэйскую Горадню


На выставе «Паштоўкі зь мястэчка»

Семдзесят пяць год таму ў Горадні зьліквідавалі гета. З нагоды гадавіны адбыўся «марш памяці» — па месцах, празь якія пралёг пакутніцкі шлях ягоных вязьняў. А ў сынагозе на Вялікай Траецкай вуліцы чакала выстава «Паштоўкі зь мястэчка», прысьвечаная страчанай даваеннай габрэйскай цывілізацыі. І ня проста страчанай — жорстка зьнішчанай у час апошняй вайны. Ты заходзіш, і ў вочы кідаецца ланцужок чамаданаў: гэты ланцужок нагадвае вагоны, якімі вывозілі габрэяў у канцлягеры, на пагібель.

Выставу зрабіў мастак Алесь Сураў. Задума «ўзгадаць» пэндзлем тых людзей, хто зьнікне неўзабаве ў полымі Галакосту, у яго ўзьнікла пару год таму. Памятаю, я пацікавіўся: ці можна будзе ўбачыць партрэты вядомых асобаў, напрыклад, тых, хто жыў некалі ў Горадні? Алесь жа ўзяўся стварыць нібы стары альбом з фатаздымкамі, якія ня маюць подпісаў. Важныя твары, узгаданыя жыцьцёвыя сюжэты, агульнае аблічча таго даваеннага сьвету.

Алесь Сураў — зьлева
Алесь Сураў — зьлева

«Ён зрабіў цуд — вярнуў габрэяў у сынагогу»

Карціны Сурава нечаканыя, але ў той жа час можа ўзьнікнуць уражаньне, нібыта яны ўжо некалі існавалі. Чаму? Апошнім часам жыцьцё габрэйскіх жыхароў былых мястэчак прыцягвае ўвагу гісторыкаў. Але для мастакоў яно, бадай, заставалася недасьледаваным архіпэлягам. Яшчэ ня вымытыя са сьвядомасьці рэшткі савецкіх «установак», калі на помніках замардаваных габрэяў дазвалялася толькі пісаць, што гэта месца пахаваньня «савецкіх грамадзянаў». Ва ўсякім разе, тэма такой выставы нібы ляжала на паверхні, але першым адчуў яе Сураў, яна паступова высьпела ў яго ў душы.

Гарадзенская сынагога
Гарадзенская сынагога

І сёньня «ён зрабіў цуд — вярнуў габрэяў у сынагогу», — сказаў Міхаіл Кемераў, кіраўнік рэлігійнага абʼяднаньня грамадаў прагрэсіўнага юдаізму ў Беларусі. А яшчэ ня так даўно, нагадаў сам аўтар «паштовак», храм быў прытулкам гарадзенскіх мастакоў, у сынагозе былі мастацкія майстэрні... Калі траціцца частка культуры, узьнікае прагал. Мастак меў амбіцыю зрабіць спробу запоўніць яго, аднавіць забытыя карціны мінулага. Каб сказаць: памятайце, людзі, што ў нас была прыгожая разнастайная культура, — сказаў Алесь Сураў. Ён меў на ўвазе, што мястэчкі былі некалі іншымі, жыцьцё — больш насычаным і цікавым.

На гарадзенскі марш памяці прыехалі некаторыя дыпляматы. Чульліва для прысутных гучалі затым у сынагозе словы кіраўніцы прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Беларусі Андрэа Віктарын, амбасадара ФРГ Пэтэра Дэтмара. «Мы выступаем супраць любой формы антысэмітызму, расізму, неталерантнасьці», — сказала спадарыня Віктарын. І нагадала, што «бяда, якая здарылася ў Горадні, у выніку чаго загінулі дваццаць дзевяць тысяч бязьвінных людзей», здарылася і ў іншых беларускіх гарадах.

Габрэйскія дзеячы, дыпляматы запальваюць сьвечкі ў сынагозе
Габрэйскія дзеячы, дыпляматы запальваюць сьвечкі ў сынагозе

Петэр Дэтмар гаварыў пра ўрокі гісторыі, што «адказнасьць, якую нясуць немцы, застаецца нязьменнай, іхняя гісторыя накладвае на іх абавязак аказваць процідзеяньне любой форме дыскрымінацыі і ксэнафобіі. Больш ніколі дзяржавы і грамадзтвы не павінны дапусьціць, каб людзі праз сваё паходжаньне, рэлігію, палітычныя погляды, з прычыны сваіх адрозьненьняў сталі калектыўным вобразам ворага для маўклівай большасьці».

Памяць пра Галакост сталі вяртаць на пачатку 1990-х

Вяртаючыся да Алеся Сурава. Ён сябра Саюзу тэатральных дзеячаў, афармляў спэктаклі ў абодвух гарадзенскіх тэатрах. Прывык працаваць з прасторай, сцэнай, дэкарацыямі. Гэта адчуваецца і ў саміх карцінах, і, зразумела, у ланцугу чамаданаў — іншаму мастаку зрабіць іх магло б і ня трапіць на думку. Чамаданы прыцягвалі ўвагу, былі незвычайнай рэччу пад дахам сынагогі, многім хацелася іх сфатаграфаваць. І ў гэтых чамаданах выразна канкрэтная сымболіка: перад вывазам вязьняў гета ў прыгарадны канцлягер Каўбасіно або далей — у Трэблінку ці Асьвенцім ім загадвалася прыйсьці ў сынагогу з рэчамі.

Так, загад сабрацца ў храме на Вялікай Траецкай мог азначаць адпраўку ў лягер сьмерці альбо — расстрэл на месцы. Горад невялікі, аднак гета было два. У сакавіку 1943 году нацысты заявілі, што Горадня стала «юдэнфрай», «вольнай ад габрэяў». Яны памыліліся не нашмат. Дачакацца вызваленьня ўдалося толькі некалькім дзясяткам.

У савецкі час ніякіх узгадак на вуліцах пра трагедыю Галакосту быць не магло. У першай палове 1990-х, калі ў гарвыканкаме за пытаньні культуры адказваў Аляксандар Мілінкевіч, адбыліся дзьве падзеі. Габрэйскай грамадзе перадалі сынагогу, а на вуліцы Замкавай зьявілася памятная шыльда і арка — сымбалічны ўваход у гета. Цяперашні марш памяці пачаўся менавіта з гэтага месца. Міма заўсёды праходзяць турыстычныя групы: наперадзе — замкі. Варта прыстаць у гэтым месцы. Цяжка ўсьвядоміць, што за гэтай брамай, на плошчы менш за палову квадратнага кілямэтра, трымалі пятнаццаць тысяч чалавек.

Каля брамы, што сымбалізуе ўваход на тэрыторыю былога гета
Каля брамы, што сымбалізуе ўваход на тэрыторыю былога гета

Гэтая тэма пэўным чынам прысутнічае цяпер у кіно. Але вось якім: на вуліцы Маладзёжнай расейскі рэжысёр Дзьмітры Астрахан здымаў сцэны для фільму пра кіеўскае гета. Пазьней «Беларусьфільм» паміж Замкавай і Вялікай Траецкай вёў здымкі пра гета ў неназваным горадзе (якім меў быць Нясьвіж). Сапраўдная гарадзенская гісторыя габрэйскіх лёсаў увасабленьня ў кіно пакуль не знайшла, хоць задума можа быць на паверхні. Як было з «Паштоўкамі зь мястэчка» Алеся Сурава.

Успамінаючы здымкі: нямецкія аўтаматчыкі, што праходзяць па Замкавай, рэзка ўражваюць. А заўважыўшы людзей з жоўтымі зоркамі на сьпінах, можна наогул адчуць дрыжыкі.

На выставе «Паштоўкі зь мястэчка»
На выставе «Паштоўкі зь мястэчка»

Праўда, быў яшчэ адзін фільм менавіта пра перадваеннае габрэйскае мястэчка ва ўсходняй Польшчы. Здымала яго ў Горадні францускі рэжысэр Іялянда Заўбэрман на пачатку 1990-х. «Я — Іван, ты — Абрам». Здымкі адбываліся побач з музэем гісторыі рэлігіі, дзе працаваў Сураў, і яны маглі адбіцца ў ягонай памяці. Здымаліся, між іншым, вельмі вядомыя расейскія акторы і нават Даніэль Альбрыскі з Варшавы. Калі я глядзеў «Паштоўкі зь мястэчка», мне здавалася, што той малавядомы фільм нейкім чынам мог сваімі вобразамі паўплываць на мастака, калі той ствараў свае сюжэты.

Траўматычны досьвед Горадні

У засваеньні Горадняй габрэйскай гісторыі быў яшчэ даволі сьвежы траўматычны досьвед. На пачатку 2000-х сталі паляпшаць гарадзкі стадыён. Экскаватары выцягвалі зь зямлі людзкія чарапы, косткі. Парэшткі з былых габрэйскіх могілак. Усё вывозілася з вачэй далоў. Здарэньне атрымала розгалас, таксама міжнародны. Пад ціскам начальства пагадзілася павесіць на агароджы шыльду. Але ў іншым месцы і зь іншым тэкстам: не пра былыя могілкі і не пра стадыён.

На выставе «Паштоўкі зь мястэчка»
На выставе «Паштоўкі зь мястэчка»

Здавалася б, у чым крамола — напісаць: тут былі старыя габрэйскія могілкі, зьліквідаваныя пры будаўніцтве стадыёну (у часы Хрушчова)? Бо так было насамрэч. Але ўлады дазволілі толькі павесіць мэмарыяльную дошку, прысьвечаную агулам габрэйскай грамадзе Гарадзеншчыны. І на суседняй малой вуліцы: каб не на ажыўленым скрыжаваньні. Што праўда, пры канцы той гісторыі была яшчэ адна падзея, якая нейк ратавала сытуацыю: выкапаныя на тэрыторыі стадыёну парэшткі перапахавалі. На старых, даўно закрытых занёманскіх габрэйскіх могілках.

У сынагозе ўражвае сярод іншых партрэт Сары, «дачкі зэгармайстра». Рамку для жаночага твару Алесь Сураў зрабіў з мноства цыфэрблятаў ручных гадзіньнікаў. Пазбаўленых стрэлак.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG