Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Калі беларусы захочуць у Расею, то праз рэфэрэндум». Расейцы прагаласавалі ў Магілёве


На выбарчым участку ў ліцэі Беларуска-расейскага ўнівэрсытэту
На выбарчым участку ў ліцэі Беларуска-расейскага ўнівэрсытэту

Прэзыдэнта Расеі ў Магілёве выбіралі ў ліцэі Беларуска-расейскага ўнівэрсытэту. Каб прагаласаваць выбарцы выстойвалі ў немалой чарзе. Атрымаць бюлетэнь зь імёнамі прэтэндэнтаў мог кожны, у каго быў пашпарт грамадзіна Расеі. На ўчастак прыходзілі сем’ямі.

«​У Расеі нармальныя людзі, але ўлада мае быць у адных руках, іначай бяда»​

Два дзясяткі апытаных выбарцаў заявілі, што кіраваць расейскай дзяржавай надалей будзе Ўладзімер Пуцін. Для многіх ён увасабленьне стабільнасьці ды «павольнага руху краіны наперад без рэвалюцыяй». Без такога лідэра, як Пуцін, Расея абысьціся ня можа, казалі яны.

«У Расеі жывуць нармальныя людзі, але так гістарычна склалася, што дзяржаваю мае кіраваць адзін чалавек, можа і не пажыцьцёва, але ў яго адных руках павінна быць улада, іначай будуць праблемы. Такое праўленьне, зразумела, бліжэй да манархіі», — даводзіў сваё разуменьне расейскай рэчаіснасьці адзін з суразмоўцаў.

Уваход у ліцэй. Чарада выбарцаў не перапынялася
Уваход у ліцэй. Чарада выбарцаў не перапынялася

Наступны суразмоўца працягваў: «Пуцінская Расея, — гэта аўтарытарная палітычная сыстэма, якая не дапускае ўхілаў ні ўправа, ні ўлева». «Такі курс без гайданкі найбольш прыдатны для Расеі», — падкрэсьліў ён.

«​Недапушчальна згубіць Беларусь»​

Многія апытаныя спадзяюцца, што новы тэрмін праўленьня Пуціна дапаможа Расеі стаць «магутнай дзяржавай, якой быў Савецкі Саюз». Цяпер жа, казалі яны, Расея застаецца калёніяй Захаду і Амэрыкі. Для такой катэгорыі суразмоўцаў «страта Расеяй Украіны — трагедыя». Іх дужа непакоіць, што і Беларусі можа паўтарыць украінскіх шлях. «Гэта недапушчальна, — казаў адзін з выбарцаў, — бо Беларусь і Расея па-сутнасьці адна краіна».

Дасягнуць самой Расеяй дабрабыту і росквіту будзе цяжка празь ціск на яе заходніх дзяржаваў, лічылі выбарцы.

«Гэта напружаньне зьвязанае з Крымскім пытаньнем, хаця ясна, што ў Крыме жывуць расейцы, якія самастойна праз рэфэрэндум вярнуліся на радзіму, — выказаўся наступны суразмоўца. — Для нас, расейцаў, наагул цуд, што Крым стаў расейскім, але, некаторым гэта не спадабалася».

Каб прагаласваць, грамадзяне Расеі стаялі ў чарзе
Каб прагаласваць, грамадзяне Расеі стаялі ў чарзе

Мужчына спачатку дапусьціў, што і Беларусь можа паўтарыць лёс Крыму, але, схамянуўшыся, дадаў, што такую «інтэграцыю» бачыць толькі ў эканоміцы. «Калі ж беларусы захочуць у Расею, то праз рэфэрэндум гэтага яны могуць дасягнуць», — падсумаваў ён.

Хто вінаваты ў «гандлёвых войнах»

«Гандлёвыя войны» між Расеяй і Беларусьсю ўсчынаюцца праз Лукашэнку, казалі расейскія выбарцы. На іхную думку, такі ўзровень адносінаў між краінамі захаваецца і пры «новым Пуціну», бо «кіраўнік беларускай дзяржавы будзе і надалей балянсаваць між Расеяй і Захадам».

«У Беларусі з Расеяй пачыналіся амаль усе праблемы і спрэчкі пасьля таго, як Лукашэнка нешта не падумаўшы языком ляпнуў, — выказаўся адзін з суразмоўцаў і дадаў. — Лукашэнка хоча і з тымі ўжывацца і з тымі, а Пуціну гэта не зусім падабаецца. Хаця ўсім жа зразумела, што ваш хоча таксама застацца ва ўладзе».

На ўваходзе ва ўчастак для галасаваньня
На ўваходзе ва ўчастак для галасаваньня

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG