Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вінцук Вячорка пра «Падарожжа ў БНР»: «Падступны аўтар пакінуў некалькі інтрыгаў, вартых расьцягваньня на мэмы»


Вінцук Вячорка

Кніжная сэрыя Радыё Свабода папоўнілася новым выданьнем. Гэта архіўны раман Сяргея Шупы «Падарожжа ў БНР». Сваімі першымі чытацкімі ўражаньнямі дзеліцца мовазнавец Вінцук Вячорка.

Маральнае права пісаць пра айцоў (і мацярок) БНР як пра жывых людзей — з вартасьцямі і хібамі — Сяргей Шупа мае як мала хто, бо як мала хто прапусьціў праз сваю душу іхныя лёсы і ўпэўнена пачуваецца на падмурку зь дзьвюх цаглінаў укладзеных ім паводле сучасных навуковых канонаў «Архіваў БНР». Ён і аб‘ектыўны, і суб‘ектыўны: сымпатыі-антыпатыі схаваць цяжка. Часам карціць зь ім паспрачацца — але апускаеш рукі: мае грунт.

Тэксты двух жанраў. Адзін — гэта кароткія да афарыстычнасьці рэзюмэ падзеяў. А другі — міні-аповесьці, правільна вынесеныя ў асобны сшытак у сярэдзіне кнігі. Вельмі хацелася б, каб Сяргей сваім выдатным пяром (клявіятураю!) разьвіў у такія аповесьці яшчэ нямала карацелек, мо і ня зьвязваючы сябе суворай вернасьцю архіўнаму факту.

Падступны аўтар пакінуў-такі некалькі інтрыгаў, вартых расьцягваньня на мэмы. Нешта мне ў галаву прыходзяць найперш зьвязаныя з hardware. Гэта і пісталет Ластоўскага, везены ім з загадкавай мэтай у Каралявец. Гэта і беларусы — вайскоўцы Румынскага фронту, магутная сіла, якая так і не прабілася тады на Бацькаўшчыну, але ж недзе затаілася... Гэта і патоплены ў Сьвіслачы арсэнал Беларускай вайсковай рады (а я тысячу разоў хадзіў міма цырку на вул. Купалы і не падазраваў пра жарсьці, якія палалі ў доме на тым месцы ў 1918-м...).

Ёсьць у кнізе і іронія, і скруха. Тым больш аб’ёмна паўстае чын, зьдзейсьнены ў амаль неверагодных умовах. І — героі гэтага чыну, жывыя людзі, якіх і вярнула нам кніга.

Прэзэнтацыя кнігі Сяргея Шупы «Падарожжа ў БНР» адбудзецца у Менску, 20 сакавіка (аўторак) у Культурным інкубатары Ок16 (вул. Кастрычніцкая, 16), пачатак у 19.00, і ў Горадні, 23 сакавіка (пятніца) у этнакраме «Цудоўня» (вул. Кірава, 3), пачатак у 18.30.

Як дайсьці да пляцоўкі ОК16
Як дайсьці да пляцоўкі ОК16

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG