Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За кансэрвы і каўбасу з гнілога мяса пракуратура патрабуе адправіць вэтэрынараў і чыноўнікаў за краты


Былы генэральны дырэктар Гомельскага мясакамбінату Рычард Стэфановіч у залі суду

У Гомельскім абласным судзе пасьля шасьцімесячнага разбору агучылі пазыцыю дзяржаўнага абвінавачваньня ў крымінальнай справе дзесяці кіраўнікоў і спэцыялістаў ААТ «Гомельскі мясакамбінат», а таксама рэгіянальных і сталічных вэтэрынараў. Паводле абвінаваўцаў, мяса на камбінаце псавалася, а з гэтага сапсаванага мяса рабілі кансэрвы і каўбасы.

Прадстаўнікі абласной пракуратуры 15 сакавіка падчас судовых спрэчак заявілі, што судовае сьледзтва пацьверзіла віну кіраўнікоў і спэцыялістаў у злоўжываньні ўладай і службовымі паўнамоцтвамі, бязьдзеяньні, а таксама ў дзеяньнях супраць інтарэсаў службы з карысьлівых памкненьняў.

У залі суду
У залі суду

Прапанавана пакараць былога генэральнага дырэктара Гомельскага мясакамбінату Рычарда Стэфановіча 6 гадамі калёніі агульнага рэжыму з выплатай кампэнсацыі нанесенай прадпрыемству шкоды ў памеры 73,5 тысячы рублёў.

Намесьніка генэральнага дырэктара па вытворчасьці Аляксандра Бандарэнку і галоўнага вэтэрынарнага лекара прадпрыемства Ігара Сямёнава, лічыць абвінавачаньне, мэтазгодна пакараць 5 гадамі няволі з выплатай 49 тысяч рублёў нанесенай мясакамбінату шкоды. Начальніку халадзільніка Ігару Мельнікаву прапануецца прызначыць 4 гады калёніі з адтэрміноўкай пакараньня на два гады — за прызнаньне віны і супрацоўніцтва са сьледзтвам.

Гомельскія вэтэрынарныя кіраўнікі
Гомельскія вэтэрынарныя кіраўнікі

Начальніцу ўпраўленьня вэтэрынарыі камітэту сельскай гаспадаркі і харчаваньня Гомельскага аблвыканкаму Алу Лазоўскую і кіраўніка гарадзкой вэтстанцыі Віктара Валчанкова прапануецца пакараць 2 гадамі няволі з выплатай кампэнсацыі адпаведна 24,5 і 12,2 тысячы рублёў.

«Ялавічына тушаная дамашняя»

Сталічнага правяральніка Гомельскага мясакамбінату Аляксандра Букіна з Дэпартамэнту вэтэрынарнага кантролю, на думку, дзяржаўнага абвінавачваньня, неабходна пазбавіць волі на 3 гады, а былога намесьніка міністра сельскай гаспадаркі Беларусі Васіля Півавара — на 2 гады. Двухгадовы тэрмін пакараньня няволяй запатрабаваны і для ўсіх астатніх фігурантаў «мясной справы».

Паводле сьледзтва, згаданыя кіраўнікі прадпрыемства ня толькі змарнавалі 178 тон ялавічыны і сьвініны на 7,2 мільярда недэнамінаваных рублёў, але й арганізавалі перапрацоўку гнілога мяса ў каўбасным цэху на камбінаце, а таксама падзяліліся ім з Аршанскім камбінатам, які вырабіў зь яго звыш 3 тысяч штук мясных кансэрваў пад назвай «Ялавічына тушаная дамашняя». Няякасную прадукцыю накіроўвалі таксама ў гандлёвую сетку Гомля і нават у камбінат школьнага грамадзкага харчаваньня.

У 2015 годзе на Гомельскім мясакамбінаце забівалі жывёлу зь перавыкананьнем заданьняў і завалілі лядоўні сьвінымі і каровінымі паўтушамі. Тыя ляжалі нават у тэхналягічных калідорах халадзільнага цэху. Тэмпэратурны рэжым вытрымліваўся ня ўсюды, бо шэраг лядоўняў меў патрэбу ў рамонце і дэзынфэкцыі. Мяса ў некаторых лядоўнях пачарнела, пачало тхнуць гнілізнай. Шмат якія паўтушы пагрызьлі мышы, пакідаючы пасьля сябе сьляды зубоў і экскрэмэнты.

Мяса з «пушком»

Пра безгаспадарчасьць на камбінаце неабыякавыя людзі пісалі ў адміністрацыю прэзыдэнта, у Камітэт дзяржаўнага кантролю — хто пад сваім прозьвішчам, а хто ананімна.

Праверкай камбінату заняліся спачатку гомельскія вэтэрынары, але пастараліся пераканаць кіраўніцтва аблвыканкаму, што вялікіх парушэньняў няма. Нават замянілі фатаздымкі гнілога мяса, каб паказаць кіраўніцтву аблвыканкаму. Спрыялі ў гэтым начальнікі абласной і гарадзкой вэтслужбаў.

З падачы вэтэрынараў выглядала ўсё на камбінаце досыць няблага: маўляў, былі некаторыя тушы зь белым «пушком», гэта значыць з плесьняю, але яе «зачысьцілі». Усё, магчыма, на гэтым і скончылася б. Але на мясакамбінат наведаліся «цікавыя людзі ў пагонах», як называлі вэтэрынары для кансьпірацыі супрацоўнікаў Камітэту дзяржбясьпекі. Тыя зрабілі свае здымкі сапсаванага мяса.

У лістападзе 2015 году ў Гомель прыехала камісія Дэпартамэнту вэтэрынарнага кантролю Міністэрства сельскай гаспадаркі, якую ачольваў намесьнік дырэктара Аляксандар Букін.

Як паказала судовае сьледзтва, правяральнікі таксама выявілі сапсаваную ялавічыну і сьвініну. Аднак у аналітычнай запісцы кіраўнік менскай камісіі Букін не адлюстраваў сапраўдны стан захаваньня і перапрацоўкі мяса.

Намесьнік міністра сельскай гаспадаркі Васіль Півавар
Намесьнік міністра сельскай гаспадаркі Васіль Півавар

Паводле абвінавачаньня, дырэктар прадпрыемства Стэфановіч падстрахаваўся. Папрасіў намесьніка міністра сельскай гаспадаркі Васіля Півавара, куратара вэтэрынарнай службы, зь якім меў сяброўскія стасункі, «аб’ектыўна вырашыць праблему». Праз дырэктара вэтэрынарнага дэпартамэнту Півавар і паспрыяў «карэктыроўцы» высноваў менскай камісіі.

Са свайго боку, Стэфановіч з намесьнікам і вэтэрынарным лекарам прадпрыемства ладзілі для правяральшчыкаў частаваньні з «гарачымі напоямі».

Як зазначыла дзяржаўнае абвінавачваньне, і кіраўнікі, і вэтэрынары, хаваючы рэальную сытуацыю на мясакамбінаце, меліся паказаць сябе гаспадарлівымі людзьмі, годнымі спэцыялістамі, якія ведаюць сваю справу. Бо за гэтым стаялі надбаўкі, прэміі. Зацікаўленьне мелі і прадстаўнікі Мінсельгасхарчу — ім трэба было паказаць, што Гомельскі мясакамбінат уваходзіць у лік надзейных экспартэраў мясной прадукцыі за мяжу.

У спрэчках яшчэ маюць выступіць адвакаты і самі падсудныя з апошнім словам. Пасьля гэтага суд абвесьціць свой вырак.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG