Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіеў: дэпутатцы Надзеі Саўчанцы пагражае арышт


Надзея Саўчанка
Надзея Саўчанка

Вярхоўная Рада Ўкраіны можа зьняць дэпутацкую недатыкальнасьць з Надзеі Саўчанкі, калі заўтра яна не прыбудзе на допыт у Службу бясьпекі. Пра гэта паведаміў генэральны пракурор Украіны Юры Луцэнка. Ён заявіў, што дэпутатцы пагражае крымінальная адказнасьць і арышт.

Саўчанка праходзіць сьведкай па справе кіраўніка арганізацыі «Афіцэрскі корпус» Уладзіміра Рубана, які нібыта рыхтаваў замах на прэзыдэнта Пятра Парашэнку.

Раней Саўчанка не зьявілася на допыт, які быў заплянаваны на 13 сакавіка. У гэты дзень яна пакінула Украіну і паведаміла, што знаходзіцца з рабочай паездкай у Страсбургу. На яе старонцы ў Фэйсбуку апублікаваная заява на імя кіраўніка СБУ, у якой яна заклікае ўручыць ёй позву асабіста ў рукі. Паводле Луцэнкі, цяпер Саўчанка знаходзіцца на тэрыторыі Іспаніі.

Напярэдадні ўкраінскія СМІ паведамілі, што Саўчанку могуць абвінаваціць у падрыхтоўцы вайсковага перавароту на Украіне.

«На дадзены момант сьледства мае шмат доказаў, у тым ліку і запісаў — і аўдыё, і відэа, якія раскрываюць карціну заплянаванага, добра зрэжысаванага тэракту ў сьценах Вярхоўнай Рады. У сувязі з гэтым мы не толькі арыштавалі Рубана, але і зьвярнуліся да народнага дэпутату Саўчанкі з просьбай прыйсьці на допыт у СБУ», — сказаў генпракурор журналістам.

Уладзімір Рубан у судзе
Уладзімір Рубан у судзе

З пачатку канфлікту на ўсходзе Ўкраіны Ўладзімір Рубан па асабістай ініцыятыве займаўся перамовамі аб вызваленьні палонных, выконваючы ролю пасярэдніка паміж сэпаратыстамі і ўкраінскай уладай. Пры гэтым яго неаднаразова абвінавачвалі ў зрывах абменаў палоннымі. У канцы лютага 2017 году ўкраінскія ўлады анулявалі Рубанаў дазвол на перасячэньне лініі разьмежаваньня ў Данбасе. Гэта адбылося праз некалькі дзён пасьля таго, як ён разам з Надзеяй Саўчанкай наведваў папраўчую калёнію ў падкантрольнай сэпаратыстам Макееўцы, дзе ўтрымліваюцца ўкраінскія вайскоўцы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG