Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ярмошына правядзе яшчэ як мінімум дзьве выбарчыя кампаніі


Лідзія Ярмошына

Чарговы тэрмін паўнамоцтваў старшыні Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзеньню рэспубліканскіх рэфэрэндумаў Лідзіі Ярмошынай скончыцца ў сьнежні 2021 году. Пра гэта яна паведаміла карэспандэнту Свабоды.

«Старшыню ЦВК прызначае прэзыдэнт са згоды Савета Рэспублікі — вышэйшай палаты Нацыянальнага сходу. Такая норма прапісаная ў Канстытуцыі», — сказала яна.

Такім чынам, Лідзія Ярмошына, якая ўзначальвае ЦВК са сьнежня 1996 году, можа правесьці яшчэ, як мінімум, двое выбараў: парлямэнцкія і прэзыдэнцкія.

У Беларусі кіраўнік дзяржавы абіраецца на пяць год, а парлямэнт — на чатыры. З-за гэтага ў 2020 годзе ўзьнікне сытуацыя, якой раней ніколі яшчэ не было. Абедзьве выбарчыя кампаніі мусяць прайсьці амаль адначасова.

Спадарыня Ярмошына некалькі разоў заяўляла, што, на яе думку, гэтыя кампаніі трэба «разьвесьці» па часу: адну правесьці ў 2019 годзе, другую — у 2020. Сваё меркаваньне яна выклала Аляксандру Лукашэнку.

Адказу ёй кіраўнік дзяржавы пакуль ня даў. Гэтаксама як, паводле Ярмошынай, пакуль няма яго рэакцыі і на прапановы па зьмене выбарчага заканадаўства. Яны знаходзяцца на разглядзе ў кіраўніка дзяржавы з лютага 2017 году.

Падчас галасаваньня на мясцовых выбарах у Дзяржынску
Падчас галасаваньня на мясцовых выбарах у Дзяржынску

Дэпутацтва не перашкаджае Канапацкай змагацца за лідэрства ў партыі

Лідзія Ярмошына адзначае, што дэпутацкі статус Ганны Канапацкай не абмяжоўвае яе ў змаганьні за пасаду старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі.

«У нас дэпутат Палаты прадстаўнікоў ня можа быць толькі прэзыдэнтам, судзьдзём і дэпутатам савета ніжэйшага роўню. Больш ніякіх абмежаваньняў няма. Так што спадарыні Канапацкай тут нічога не перашкаджае. А з пункту гледжаньня гендэрнай роўнасьці, яе памкненьні мне зразумелыя», — канстатуе Ярмошына.

Выбары па партыйных сьпісах надалі б ім новы імпульс

«Я лічу, што партыйныя сьпісы ўзьнялі б выбары на новы, больш высокі ровень», — сказала Свабодзе Лідзія Ярмошына.

Яна тлумачыць, што актыўны ўдзел партыйнай «вярхушкі» ў выбарах зрабіў бы іх больш цікавымі: «Тады дэбаты сталі б зусім іншымі. Выбары тады паднімуцца ў рэйтынгу».

XS
SM
MD
LG