Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яго называлі «бязьлітасным сьледчым». Цяпер ён сам кажа пра катаваньні


Фарух Тахтымамэтаў

Фарух Тахтымамэтаў, вядомы ва Ўзбэкістане як «бязьлітасны сьледчы», пераконваў, што ў турме Службы нацыянальнай бясьпекі (СНБ) з затрыманымі не абыходзяцца дрэнна. Але пасьля таго, як сам нядоўга пасядзеў за кратамі, былы сьледчы СНБ зьмяніў сваё меркаваньне.

«Яны трымалі мяне абсалютна голым у маленькай, перапоўненай клетцы разам зь яшчэ 12 мужчынамі», — распавёў ён у інтэрвію узбэцкай службе Радыё Свабода, якое даў у бальніцы Стамбулу, дзе ён праходзіць лячэньне.

Тахтымамэтаў кажа, што яго зьбівалі, прыніжалі і пакінулі без мэдычнай дапамогі ва ўзбэцкай турме, куды, паводле яго слоў, адправілі па «сфабрыкаваных абвінавачваньнях».

Пра тое, што такія рэчы адбываюцца ў турмах Узбэкістану, праваабаронцы заяўлялі на працягу многіх гадоў. Розьніца толькі ў тым, што цяпер меркаваная ахвяра — чалавек, якога многія былыя зьняволеныя абвінавачваюць у фабрыкацыі абвінавачваньняў.

Спэцапэрацыя СНБ у ташкенце ў чэрвені 2015 году
Спэцапэрацыя СНБ у ташкенце ў чэрвені 2015 году

42-гадовы Фарух Тахтымамэтаў узначальваў першы аддзел сьледчага ўпраўленьня СНБ Узбэкістану. Ён быў у званьні падпалкоўніка, калі ў траўні 2014 году падчас камандзіроўкі ў Сурхандар’інскую вобласьць яго арыштавалі.

«Мяне схапілі двое мясцовых афіцэраў СНБ ў аэрапорце Сурхандар’і, калі я выйшаў з самалёта. Яны забралі мае дакумэнты, накінулі на галаву мяшок і павезьлі прэч без тлумачэньня», — успамінае ён.

Яны нават не задавалі пытаньняў.

Тахтымамэтаў распавядае, што яго адвезьлі ў вайсковую турму і «запхнулі» у клетку, дзе «маглі спаць толькі сабакі». «Яны нават не задавалі пытаньняў, яны толькі патрабавалі, каб я гаварыў. Я пытаўся: "Пра што?". Яны адказвалі: "Пра ўсё"», — кажа Тахтымамэтаў.

Пазьней яго абвінавацілі ў злоўжываньні службовымі паўнамоцтвамі і незаконным авалоданьні дзяржаўнай маёмасьцю.

«Мяне прымушалі заставацца голым»

Паводле падлікаў самога Тахтымамэтава, ён правёў за кратамі ў Сурхандар’і 45 дзён. Да яго не пускалі наведнікаў і не дазвалялі ніякіх кантактаў.

«Мяне прымушалі заставацца абсалютна голым увесь час, хоць у сукамэрнікаў было адзеньне», — працягвае ён.

«Я спрабаваў прыкрываць інтымныя часткі шахматнай дошкай, якая была ў камэры, але ахоўнікі патрабавалі, каб я прыбраў гэта. Яны хацелі стварыць на мяне моцна псыхалягічны ціск, зьняважыць», — лічыць ён.

Я адчуў гэта на ўласнай шкуры.

Тахтымамэтава затрымалі праз год пасьля апэрацыі на шчытападобнай залозе. Цяпер яму кожны дзень неабходная доза гармону. Ён скардзіцца, што яму адмаўлялі ў мэдычнай дапамозе, калі ён «адчуваў сябе вельмі хворым і прасіў паклікаць доктара і даць лекі».

Журналіст спытаў у былога сьледчага, ці ўсьвядоміў ён, празь якія прыніжэньне давялося прайсьці іншым зьняволеным, многіх з якіх за краты адправіў ён.

«Так, я думаў пра гэта. Я адчуў гэта на ўласнай шкуры», — кажа Тахтымамэтаў.

Пры гэтым ён дагэтуль адмаўляе заявы шматлікіх ахвяр, сярод якіх і праваабаронцы, пра катаваньні ў турмах СНБ.

«Не было катаваньняў у СНБ. Ні да каго з людзей, якіх я дапытваў, катаваньняў не ўжывалі. Магчыма, гэта існуе ў іншых падразьдзяленьнях, у абласьцях, але не ў Ташкенце», — запэўнівае Тахтымамэтаў.

Турма ў Бухарскай вобласьці Ўзбэкістану.
Турма ў Бухарскай вобласьці Ўзбэкістану.

Але Стыў Сьвярдлоў, прадстаўнік праваабарончай арганізацыі Human Rights Watch у Цэнтральнай Азіі, называе гэтыя заявы хлусьнёй.

«Любыя сьцьвярджэньні, што афіцэры СНБ не ўжывалі катаваньняў ці кепскага абыходжаньня з затрыманымі падчас знаходжаньня Тахтымамэтава на пасадзе, заведама ілжывыя», — сказаў Свярдлоў у інтэрвію Радыё Свабода.

Паводле Сьвярдлова, адной з паказальных зьяўляецца справа Каюма Орцікава, былога ахоўніка амбасады Вялікабрытаніі ў Ташкенце, які ў 2009 гады правёў дзевяць месяцаў у ташкенцкай турме СНБ.

Орцікаў і яго сям’я распавядалі, што супрацоўнікі СНБ падпальвалі яго геніталіі, засоўвалі іголкі пад пазногці і пагражалі, што яго згвалцяць ВІЧ-пазытыўныя зьняволеныя, калі ён не прызнаецца, што шпіён.

Справа Каюма Орцікава — адна зь дзесяткаў, якія праваабаронцы задакумэнтавалі ва Ўзбэкістане.

Справа бізнэсоўцаў

Фарух Тахтымамэтаў таксама адмаўляе, што ён злоўжываў службовымі паўнамоцтвамі і краў дзяржаўную ўласнасьць. Пры гэтым некалькі падазраваных, якіх дапытваў Тахтымамэтаў, сьцьвярджаюць адваротнае.

У 2008 годзе ён дапытваў бізнэсоўца Азамжона Юлчыева па справе аб ухіленьні ад выплаты падаткаў. Юлчыеў абвінавачвае Тахтымамэтава ў незаконным атрыманьні 10 мільёнаў даляраў ад тавараў, якія ён ўвозіў ва Ўзбэкістан.

Азамжон Юлчыев распавядае, што сьледчы ў яго справе напісаў, што ў яго канфіскавалі маёмасьці толькі на 2 мільёны даляраў, а насамрэч, торба была значна вышэй.

Азамжон Юлчыеў
Азамжон Юлчыеў

У інтэрвію Радыё Свабода Юлчыеў выказаў упэўненасьць, што Тахтымамэтаў і яго каманда забралі астатняй тавар. Ён распавёў, што Тахтымамэтаў пагражаў яму — альбо ён падпіша прызнаньне, альбо «згніе ў турэмнай клетцы».

Яшчэ некалькі падобных гісторый узбэцкай службе Радыё Свабода распавялі іншыя абвінавачаныя, якіх дапытваў Тахтымамэтаў.

Фарух Тахтымамэтаў кажа, што памятае справу Азамжона Юлчыева, але запэўнівае, што ў яго «не было доступу» да канфіскаванай маёмасьці бізнэсоўца.

Мірзіёеў супраць СНБ

Фарух Тахтымамэтаў кажа, што ня ведае, што зь ім будзе далей. У 2014 годзе суд у Сурхандар’і прызнаў яго вінаватым і прысудзіў заплаціць штраф. Яго вызвалілі ў залі суду.

Празь некалькі месяцаў ён з жонкай і пяцьцю дзецьмі зьехаў у Турэччыну. Сям’я жыве ў двух пакоях інтэрнату каля бальніцы, дзе Тахтымамэтаў праходзіць лячэньне.

Аднак цяпер ён можа паўстаць перад паўторным расьсьледаваньнем, бо новы прэзыдэнт Узбэкістану Шаўкат Мірзіёеў пачаў чысткі ў СНБ і паабяцаў рэфармаваць структуру.

Шаўкат Мірзіёеў выступае ў ААН 19 верасьня 2017 году.
Шаўкат Мірзіёеў выступае ў ААН 19 верасьня 2017 году.

У лютым Мірзіёеў звольніў ўплывовага кіраўніка СНБ Рустама Інаятава. Ён заявіў, што «час СНБ скончыўся», дадаўшы, што арганізацыя «перавышае паўнамоцтвы», несправядліва абвінавачваючы звычайных людзей, бізнэсоўцаў і чыноўнікаў.

У апошнім выступе ў бухарскай вобласьці Шаўкат Мірзіёеў заявіў, што атрымаў доказы, як прадстаўнікі СНБ катавалі мясцовага бізнэсмэна.

Фарух Тахтымамэтаў сказаў Радыё Свабода, што ён «цалкам» падтрымлівае пазыцыю Мірзіёева адносна СНБ. Ён дадаў, што гатовы вярнуцца дадому і зноў паўстаць перад судом.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG