Лінкі ўнівэрсальнага доступу

44% жыхароў Беларусі купляюць тавары праз інтэрнэт


Ілюстрацыйнае фота. Shutterstock.

44% жыхароў Беларусі робяць пакупкі ў інтэрнэце. Гэтую лічбу назвала 12 сакавіка на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску начальніца ўпраўленьня Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю Беларусі Ірына Барышнікава. Паводле яе, за апошнія 10 гадоў таваразварот у інтэрнэце павялічыўся больш як у 20 разоў.

Што беларусы купляюць у сеціве

На першым месцы знаходзіцца бытавая тэхніка. Далей у сьпісе — адзеньне і абутак, спартовыя тавары, тавары для аўтамабіляў.

Найбольш хутка расьце попыт на тавары для дзяцей. Таксама расьце купляньне харчоў — летась прадукты склалі ўжо амаль пятую частку ад усяго аб’ёму купленага.

Акрамя беларускіх інтэрнэт-крамаў, прывабнымі для жыхароў краіны застаюцца крамы ў Кітаі (21% ад усіх пакупак) і ў Расеі (11%).

Чым незадаволеныя беларусы

Найбольш часта пакупнікі скардзяцца на тры рэчы:

  • тавары ім дастаўляюць са спазьненьнем;
  • не даецца ўся інфармацыя аб тавары, частку яе наўмысна ўтойваюць;
  • нярэдка пад выглядам якаснай прадукцыі прадаецца «шэры» тавар.

Летась за розныя парушэньні закрылі 44 інтэрнэт-крамы.

Старшыня Беларускага таварыства правоў спажыўцоў Ганна Суша заявіла, што ў 2017 годзе былі прынятыя рашэньні на карысьць спажыўцоў на агульную суму больш як 313 тысяч рублёў. Аднак рэальна выплачана пакупнікам толькі 10-15% ад гэтай сумы. Прадаўцы рознымі спосабамі стараюцца не вяртаць грошы.

Спадарыня Суша раіць пасылаць свае прэтэнзіі заказнымі лістамі альбо тэлеграмамі. У такіх выпадках спагнаць свае грошы можна будзе лягчэй.

Найлепшым інтэрнэт-крамам прысвояць «Знак якасьці»

Для таго, каб пакупнік не сумняваўся ў тым, што ён мае справу з прыстойнымі прадаўцамі, інтэрнэт-крамам будуць прысвойваць «Знак якасьці», паведаміў генэральны дырэктар Асацыяцыі кампаній інфармацыйных тэхналёгіяў Дзьмітры Ананьнеў.

Для таго, каб атрымаць такую адзнаку, прадаўцу трэба будзе прайсьці іспыт прыкладна паводле 40 крытэраў.

Законы аб гандлю ў інтэрнэт-крамах палепшаць

Пра гэта паведаміла Ірына Барышнікава. Паводле яе, у Палату прадстаўнікоў ужо перадалі шэраг зьменаў і дапаўненьняў да некалькіх законаў. У прыватнасьці, прадугледжваецца:

  • зрабіць абавязковай інфармацыю ня толькі пра краіну-прадаўца, але і пра краіну-вытворцу канкрэтнага тавару;
  • пакупнік атрымае права скасаваць дамову аб куплі тавару без прад’яўленьня пашпарта;
  • толькі са згоды пакупніка тэрмін гарантыйнага рамонту можна будзе павялічыць з 14 да 20 дзён.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG