Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэйвід Крэймэр: «Дзеяньні Пуціна толькі ўзмацняюць нацыянальную ідэнтычнасьць беларусаў»


Дэйвід Крэймэр, архіўнае фота

Роўна 10 гадоў таму паміж Беларусьсю і ЗША разгарэўся палітычны канфлікт, які прывёў да працяглага замарожваньня міждзяржаўных дачыненьняў. Пра дэмакратычныя пэрспэктывы Беларусі — у інтэрвію Радыё Свабода з былым намесьнікам памочніка дзяржаўнага сакратара ЗША Дэйвідам Крэймэрам.

6 сакавіка 2008 году ўрад ЗША апублікаваў тлумачэньне санкцыяў да «Белнафтахіму», уведзеных за нежаданьне ўладаў Беларусі вызваліць Аляксандра Казуліна ды іншых палітычных вязьняў. 12 сакавіка амбасадару ЗША Карэн Ст’юарт далі зразумець, што яе знаходжаньне ў краіне непажаданае. З таго часу амэрыканскі пасол так у Беларусь і не вярнуўся.

Дэйвід Крэймэр займаў тады пасаду намесьніка памочніка дзяржаўнага сакратара ЗША ў адміністрацыі Джорджа Буша. Менавіта яму выпала весьці перамовы з уладамі Беларусі, вынікам якіх стала вызваленьне палітвязьняў. Пасьля Крэймэр кіраваў прадэмакратычнай грамадзкай арганізацыяй «Freedom House» («Дом Свабоды»), а зь нядаўняга часу працуе ў праграме імя Вацлава Гаўла ў Міжнародным унівэрсытэце Флорыды.

Дэйвід Крэймэр у Дзяржаўным дэпартамэнце ЗША, 2006 год
Дэйвід Крэймэр у Дзяржаўным дэпартамэнце ЗША, 2006 год

— Як цяпер, празь 10 гадоў, вы ацэньваеце адносіны ЗША зь Беларусьсю? Ці мае цяперашняя адміністрацыя выразную палітыку ў гэтым кірунку?

— Што казаць, у нас дагэтуль няма амбасадара ў Беларусі, і я зусім не разумею, чаму ўлады ў Менску ня могуць дазволіць паслу ЗША вярнуцца. Вельмі цяжка будаваць нейкія адносіны бяз поўнага дыпляматычнага прадстаўніцтва. Я памятаю 2008 год, памятаю, што адбылося з амбасадаркай Ст’юарт, і мы з таго часу так і не ўзнавілі дачыненьні.

Лукашэнка толькі і робіць, што выкарыстоўвае Захад у стасунках з Расеяй

Вельмі цяжка наладжваць адносіны зь лідэрам, які адмаўляецца жыць паводле нормаў і стандартаў дэмакратычнай супольнасьці. Ён толькі і робіць, што выкарыстоўвае Захад у сваіх стасунках з Расеяй. Таксама праўда, што многім цяпер не да Беларусі. Розныя рэчы адбываюцца ў Эўропе, Расея стаіць на першым месцы ў парадку дня.

— А ці пасьпяваеце вы сачыць за актуальнымі падзеямі ў Беларусі?

— Я ня быў у Беларусі з красавіка 2007 году, калі прыяжджаў на перамовы з уладамі наконт вызваленьня палітычных вязьняў. Я хацеў бы вярнуцца. Двойчы я прыяжджаў у Беларусь, і мяне вельмі ўразілі людзі, вельмі таварыскія і адкрытыя. Мне спадабалася зь беларусамі камунікаваць, нягледзячы на складанасьці з уладамі.

Пакуль асаблівых зьменаў не назіраю. Але я хацеў бы бачыць Беларусь больш дэмакратычнай, квітнеючай, інтэграванай у эўраатлянтычную супольнасьць. Гэта будзе найлепшы шлях дзеля прагрэсу і працягу трансфармацыі. І я ўпэўнены, што беларусы заслугоўваюць гэтага.

Дэйвід Крэймэр, 2017 год
Дэйвід Крэймэр, 2017 год

— Хаця нейкія перамены ўсё ж адчуваюцца. 10 гадоў таму, калі вы прыяжджалі, акцыю на 25 сакавіка брутальна разагналі, а сёлета дазволілі нават канцэрт у цэнтры гораду...

— Я думаю, што яны [улады Беларусі] цяпер пад большым ціскам з боку Расеі, чым 10 гадоў таму. Лукашэнка хвалюецца праз магчымыя непрадказальныя дзеяньні Расеі. За гэтыя 10 гадоў адбыліся спробы нападу на Грузію, Украіну. Гэта быў своеасаблівы званочак для Лукашэнкі і папярэджаньне для людзей вакол яго. Дый эканамічная сытуацыя не найлепшая. «Падатак на дармаедзтва» выліўся ў пратэсты. Да ўладаў, відаць, прыходзіць разуменьне, што калі яны захаваюць аўтарытарны стыль паводзінаў, тады сытуацыя стане яшчэ менш стабільнай.

Да ўладаў, відаць, прыходзіць разуменьне, што калі яны захаваюць аўтарытарны стыль паводзінаў, тады сытуацыя стане яшчэ менш стабільнай

Разам з тым я ня маю ілюзіяў, што Лукашэнка будзе праводзіць нейкія дэмакратычныя рэформы. Ён зацікаўлены толькі ў захаваньні сваёй улады, якую трымае з 1994 году. Ён хоча пераканацца, што не паўстане нейкі рух, як было ва Ўкраіне ў 2004 ці 2014, ці ў Грузіі, ці іншых краінах, які дае людзям грунт для аб’яднаньня. Ён баіцца, што сытуацыя папросту выйдзе з-пад кантролю...

Дэйвід Крэймэр, 2008 год
Дэйвід Крэймэр, 2008 год

— Ці значыць гэта, што «Круглы стол», як калісьці ў Польшчы, у Беларусі немагчымы?

— Лукашэнка мусіць сысьці. Ён у нейкай ступені закладнік сваёй жа сыстэмы, у якой ён ня можа сабе дазволіць мірна перадаць уладу. А ягоны сын недастаткова дарослы, каб замяніць яго. Я проста ня бачу, як Беларусь перагорне старонку, пакуль ён прэзыдэнт гэтай краіны.

Як я сказаў раней, нават калі Беларусь пачне перамены, яна ня стане адразу дэмакратыяй. Пакуль ён кіруе краінай, Беларусь ня будзе рухацца ў больш дэмакратычным кірунку. Вось чаму важна дазволіць іншым палітычным сілам у Беларусі спаборнічаць. Каб беларусы мелі сапраўдны выбар. Гэта тое, чаго яны заслугоўваюць.

— Вы шмат разоў кантактавалі зь людзьмі Лукашэнкі. Як вам здаецца, наколькі ён самастойны палітык і наколькі ён залежны ад Пуціна?

— Я ня думаю, што ён самастойны гулец, бо вельмі залежыць ад Масквы. Яму падабаецца паказваць сябе як абаронцу Беларусі — нібыта ён захаваў сувэрэнітэт. Але ён і нарабіў шмат шкоды, уцягваючы Беларусь у залежнасьць ад Расеі. Ён так гуляе з Захадам і з Расеяй, маніпулюючы і тымі і тымі.

Лукашэнка можа здаць Беларусь Расеі, каб толькі застацца пры ўладзе

Я хачу бачыць Беларусь сувэрэннай і незалежнай, і я ня ведаю шмат людзей, якія так ня думаюць. Але мы не павінны трапляць у пастку перакананьня, што Лукашэнка апошні абаронца Беларусі. Ён нарабіў шкоды краіне, і трэба разумець, што Лукашэнка можа здаць Беларусь Расеі, каб толькі застацца пры ўладзе. А ў Расеі хапае інструмэнтаў кантролю: акрамя вайсковых, ёсьць і эканамічныя спосабы.

Дэйвід Крэймэр, 2015 год
Дэйвід Крэймэр, 2015 год

— У апошнія гады беларусы пачалі масава цікавіцца мовай і культурай, носяць вышыванкі. Як на захадзе ацэньваюць гэтыя праявы арыентацыі на нацыянальныя каштоўнасьці?

— Я думаю, гэта ў вялікай ступені вынік расейскага нападу на Ўкраіну. Мы бачым, што ва Ўкраіне цяпер вельмі моцнае пачуцьцё еднасьці, патрыятызму, нягледзячы на моцны падзел грамадзтва. Падобна і ў Беларусі ды іншых краінах: дзеяньні Пуціна і русыфікацыя толькі ўзмацняюць нацыянальную ідэнтычнасьць. Я лічу гэта вельмі пазытыўным працэсам. На жаль, нацыянальная ідэнтычнасьць была ў Беларусі вельмі слабая цягам гадоў.

Ва Ўкраіне цяпер моцнае пачуцьцё еднасьці, патрыятызму, нягледзячы на моцны падзел грамадзтва

​— 25 сакавіка Беларусь сьвяткуе 100-годзьдзе незалежнасьці. Якое пасланьне вы хацелі б перадаць з гэтай нагоды?

— Я жадаю беларусам усяго найлепшага з нагоды юбілею незалежнасьці, і я хацеў бы вярнуцца і сьвяткаваць разам зь беларусамі. Спадзяюся, ужо ў найбліжэйшай будучыні настане ясьнейшы дзень, якога беларусы заслугоўваюць. Перакананы, што ў Беларусі шмат людзей зычаць добрай будучыні сваёй краіне і бачаць гэтую будучыню ў эўраатлянтычнай супольнасьці.

«Пуцін ня думае пра Беларусь. Гэта кепскі знак»

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG