Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цяжкія мэталы ў прадуктах харчаваньня: ці можна іх пазьбегчы?


Адкажу адразу: нельга. Але трэба, як кажуць, ведаць ворага ў твар і харчавацца разумна.

Часьцей за ўсё, тэрмін «цяжкія мэталы» — гэта агульная назва мэталаў кадмій, ртуць, сьвінец, мыш’як і волава ў навакольным асяродзьдзі. Яны трапляюць туды праз экстракцыю і захоўваньне мэталаў, вытворчасьць фарбы і спальваньня вугалю і розных адкідаў.

Цяжкія мэталы могуць быць і ва ўгнаеньнях. Сьвінец можа паступаць са сьвінцовых труб у старых дамах і бэнзіну. Волава — з кансэрваў. Але не палохайцеся адразу: пакрыцьцё ўнутранай паверхні кансэрвавага слоіка гарантуе, што волава не прасочваецца ў ежу.

Цяжкія мэталы ў прадуктах харчаваньня

Цяжкія мэталы зьвязваюцца з глінай. Такім чынам забруджваюцца рэкі, акіяны і, у выніку, рыба. Расьліны паглынаюць цяжкія мэталы з глебы, паветра і вады. Жывёлы атрымліваюць цяжкія мэталы праз ваду і ежу. Таму мяса і іншыя прадукты жывёльнага паходжаньня ўтрымліваюць цяжкія мэталы. Гэта непазьбежна.

Наступныя прадукты могуць мець павышаны ўзровень цяжкіх мэталаў:

• Малюскі накшталт амараў, крабаў, мідый, кальмараў;

Драпежныя рыбы, такія як рыба-меч, акула, тунец, каралеўская макрэль, вугар;

• Унутраныя органы жывёл, асабліва ныркі і печань;

• Гародніна, якая расьце ў адкрытым грунце: капуста, морква, ліставая гародніна, карняплоды;

• Іншыя прадукты расьліннага паходжаньня з адкрытага грунту: бульба, бабовыя, збожжавыя культуры;

• Рыс і рысавыя прадукты;

• Мінэральныя дабаўкі.

Уплыў на здароўе

Доўгае празьмернае спажываньне цяжкіх мэталаў можа пашкодзіць ныркі, печань, мозг і нэрвовую сыстэму.

Цяжкія мэталы могуць зьвязвацца з клеткамі чалавечага арганізму, якія ў нармальных умовах павінны зьвязвацца з жалезам і кальцыем. У выніку, колькасьць жалеза і кальцыю ў крыві зьніжаецца, што можа скончыцца анэміяй остэапарозам.

Наконт мыш’яку і кадмію дакладна вядома, што доўгае празьмернае спажываньне павялічвае рызыку раку скуры і лёгкіх.

Бясьпека навакольнага асяродзьдзя

У Нідэрляндах, дзе я жыву, прымаюцца спэцыяльныя захады для зьніжэньня забруджваньня навакольнага асяродзьдзя цяжкімі мэталамі. Гэтыя меры ўключаюць ўвядзеньне неэтыляванага бэнзіну, замену сьвінцовых труб, забарону фарбавальнікаў (жоўтага колеру), якія ўтрымліваюць кадмій.

Як я ўжо казала вышэй, алавяныя слоікі павінны мець ўнутраны ахоўны слой. Ну і, натуральна, існуе строгі кантроль харчовых прадуктаў. Такім чынам дзяржава гарантуе, што рызыка празьмернага спажываньня цяжкіх мэталаў вельмі малая.

Дапушчальная доза

Для некаторых цяжкіх мэталаў Эўрапейскім органам для бясьпекі харчовых прадуктаў (EFSA) была прынятая так званая дапушчальная сутачная доза.

(Сьвінец і мыш’як настолькі таксычныя, што для іх ня можа быць ўстаноўлена дапушчальнае спажываньне. Узьдзеяньне сьвінцу і мыш’яку павінна быць настолькі нізкімі, наколькі гэта магчыма)

У Эўрапейскім Зьвязе для сьвінцу, кадмію, ртуці, мыш’яку і волава зафіксаваны так званыя максымальна дапушчальныя ўзроўні. Гэтыя паказчыкі азначаюцца асобна для розных прадуктаў харчаваньня, такіх як рыба, морапрадукты, мяса, мясныя субпрадукты, рыс, іншыя крупы, гародніна.

Ёсьць таксама прававыя патрабаваньні ЭЗ наконт максымальна дапушчальнага ўтрыманьня цяжкіх мэталаў у пітной вадзе.

Дык як цяпер харчавацца?

• Гэты артыкул я напісала не для таго, каб вас напалохаць, а для таго, каб вы харчаваліся разнастайна. Бо самая важная парада, як абараніць сябе ад цяжкіх мэталаў, — гэта харчавацца разнастайна. Гэты падыход абараняе ад таго, што вы атрымліваеце той жа самы цяжкі мэтал кожны дзень выпадкова.

• Найдалей, ня ежце кансэрвы, калі пакрыцьцё банкі пашкоджана. Бо ў такім выпадку волава трапляе ў прадукт. Невялікая ўвагнутасьць — гэта ня шкодна.

• Рэгулярна ежце часнык. Яго рэгулярнае спажываньне можа дапамагчы ў дэтаксыкацыі цяжкіх мэталаў у арганізьме.

У чатырохтыднёвым дасьледаваньні з удзелам 117 працаўнікоў заводу аўтамабільных акумулятараў, якія па роду працы атрымлівалі празьмернае ўзьдзеяньне сьвінцу, было выяўлена, што часнык паменшыў утрыманьне сьвінцу ў крыві на 19%. Часнык таксама паменшыў колькасьць і частату клінічных прыкметаў таксычнасьці, у тым ліку раздражнёнасьці, галаўнога болю і крывянога ціску.

часнык быў больш эфэктыўны ў ачышчэньні чалавечага арганізму ад сьвінцу

Лекавы сродак D-пэніцыламін, які выкарыстоўваўся ў кантрольнай групе, ня здолеў паменшыць гэтыя сымптомы. Часнык меў таксама куды менш пабочных эфэктаў, чым D-пэніцыламін. Такім чынам, часнык быў куды больш эфэктыўны ў ачышчэньні чалавечага арганізму ад сьвінцу, чым фармацэўтычны прэпарат.

• Цяжарным жанчыны, або тым, якія хочуць зацяжарыць, лепш адмовіцца ад спажываньня драпежных рыб, такіх як рыба-меч, шчупак, акунь, акула, вугар, тунец і каралеўская макрэль. У гэтай рыбы зашмат ртуці. Гэта, дарэчы, тычыцца і сьвежай, і кансэрваванай драпежнай рыбы.

• Увогуле, здаровым асобам рэкамэндуецца ня есьці больш за чатыры порцыі рыбы ў тыдзень. Рэкамэндуецца таксама спажываць розныя гатункі рыбы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG