Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пашкаўскі сельсавет пераблытаў 100-годьдзе БНР з 23 лютага


Урад БНР. 1918
Урад БНР. 1918

І памылкова паведаміў пра ўручэньне 3 мэдалёў з нагоды 100 гадоў абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі.

27 лютага «моўны інспэктар» Случак накіраваў у Пашкаўскі сельсавет Магілёўскага раёна запыт наконт заплянаваных мерапрыемстваў з нагоды юбілею БНР.

У адказе падпісаным выконваючай абавязкі старшыні сельсавета Дземянковай гаворыцца:

«Наш ваш запыт Пашкаўскі сельскі выканаўчы камітэт паведамляе, што з нагоды 100 год абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі Пашкаўскім сельскім выканаўчым камітэтам уручана тры мэдалі».

Копія ліста разышлася па сацыяльных сетках і сайтах СМІ.

«Я быў зьдзіўлены гэтым адказам, — кажа Радыё Свабода Ігар Случак. — Звычайна прыходзяць паведамленьні, што мерапрыемствы па адзначэньні 100 год БНР або не заплянаваны, або ў некаторых выпадках паведамляецца, што пройдуць мерапрыемствы ў бібліятэках, або ва ўстановах адукацыі.

У выпадку ж з Пашкаўскім выканкамам было паведамлена пра ўручэньне мэдалёў. Як на маю думку, то тут або нейкая памылка — людзі ў тым „мядзьведжым кутком“ пераблыталі 100 год БНР з 100 гадамі БССР або Савецкага войска, або гэта быў такі недарэчны жарт ад кіраўніцтва выканкама, які быў зроблены ў афіцыйным выглядзе і завераны пячаткай.

Ігар Случак
Ігар Случак

Так ці інакш, гэта падстава для чарговага звароту — трэба ж усё ж даведацца, што за мэдалі былі ўручаныя, каму і за што. Можа мы не ведаем, а ў Пашкаве яшчэ жывыя вэтэраны Слуцкага паўстаньня, або жаўнеры Асобнага атраду БНР Булак-Балаховіча і нашае Міністэрства абароны ўганаравала іх памятнымі мэдалямі».

Выканаўца абавязкаў старшыні сельскага выканаўчага камітэта Вольга Дземянкова патлумачыла Радыё Свабода, што ў адказе зьмяшчаецца памылка.

«Мы ўручылі 3 мэдалі з нагоды 100-годьдзя ўтварэньня ўзброеных сіл Рэспублікі Беларусь», — распавядае Вольга Мікалаеўна. Паводле яе, мэдалі выдалі ў мясцовым ваенкамаце, іх уручылі вэтэранам вайны.

Афіцыйна сёлета узброеным сілам Рэспублікі Беларусь спаўняецца 100 гадоў.

Як здарылася, што Ігар Случак атрымаў афіцыйны адказ з такім зьместам? «Напэўна, выканаўца нешта ня так пераклала», — мяркуе Вольга Дземянкова.

З нагоды 100-годьдзя абвяшчэньня Беларускай народнай рэспублікі ніякіх мерапрыемстваў Пашкаўскі сельскі савет не плянаваў і не плянуе.

Як бараніць свае моўныя правы
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:55 0:00

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG