Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Праз 20 гадоў мы прачнемся, гэта будуць абсалютна кітайскія зямлі», — Сабчак у Сібіры


7 сакавіка кандыдат у прэзыдэнты Расеі Ксенія Сабчак падчас візыту ў Іркуцкую вобласць дала інтэрвію Радыё Свабода. Візыт Ксеніі Сабчак у Іркуцк супаў з чарговым мэдыя-скандалам вакол яе імя ў расейскіх фэдэральных СМІ.

Напярэдадні яна заявіла аб тым, што накіравала ў амбасаду Ўкраіны просьбу дазволіць ёй прыехаць у Крым. Пры гэтым адзначыла, што паедзе туды толькі праз украінскую тэрыторыю. На гэтую навіну ўжо адрэагавалі расейскія і ўкраінскія палітыкі.

Дэпутат Дзярждумы Натальля Паклонская заявіла, што бачыць у славах Сабчак прыкметы крымінальнага злачынства — публічныя заклікі да ажыцьцяўленьня дзеяньняў, накіраваных на парушэньне тэрытарыяльнай цэласнасьці Расеі. Намесьнік старшыні Савета міністраў Крыму Дзьмітрый Палонскі назваў заяву Ксеніі Сабчак «палітычным цыркам», а міністар замежных справаў Украіны Паўло Клімкін — «палітычнай шызафрэніяй».

— Ксенія, Натальля Паклонская ў сацсетках піша, што вы ўжо былі ў Крыме ў 2014-м і не прасілі ва ўладаў Украіны дазволу. Яна бачыць у гэтым непасьлядоўнасьць, а вы?

— У мяне ёсьць мая пазыцыя, вы можаце зь ёй не пагадзіцца, але я яе не зьмяню. Я лічу, што закон вышэй за ўсё. Ёсьць людзі, якія лічаць інакш. Некаторыя лічаць, што вышэй за ўсё воля народа. Ну, падабаецца нам Пуцін, мы хочам, каб ён кіраваў намі васемнаццаць гадоў, — скажуць некаторыя... Калі мы дамовіліся, і ў нас ёсьць мірны дагавор з Украінай, дзе мы, як вялікая дзяржава, гаворым аб непарушнасьці і недатыкальнасьці межаў з Украінай, і апісваем, што Крым знаходзіцца ў рамках гэтых украінскіх межаў, мы ня маем права парушаць уласнае слова.

— Што вы, як кандыдат у прэзыдэнты, можаце прапанаваць сібірскім рэгіёнам? Дакладней, як, на ваш погляд, павінна зьмяніцца, палітыка цэнтра ў адносінах да рэгіёнаў наогул і ў адносінах да Сібіры ў прыватнасьці?

— Перш за ўсё, у маёй праграме вельмі падрабязна расьпісана тое, што я лічу важным для любога расейскага рэгіёну: гэта фэдэралізм у поўным разуменьні гэтага слова. Я лічу, больш улады трэба даць усім рэгіёнам, больш магчымасьці выбіраць самакіраваньне на ўсіх узроўнях, вядома ж, рэальныя выбары мэра і губэрнатара. І ўся сыстэма ўлады, выбарнай улады ў самым рэгіёне. Па-другое, гэта зьмяненьне падатковага заканадаўства. Мне здаецца несправядлівым, што ўсе грошы сёньня цэнтралізавана сыходзяць у Маскву і там ужо разьмяркоўваюцца па рэгіёнах. Я лічу, было б правільна ўсё ж такі пакідаць частку гэтых грошай на месцах. У прыватнасьці, у нас у праграме прапісана магчымасьць пакідаць падатак на прыбытак тых прадпрыемстваў, якія тут працуюць, унутры рэгіёну. Што, вядома, забясьпечыць перадумовы для эканамічнага росту тут, магчымасьць інвэстыцый і гэтак далей. Гэта вельмі важна, таму што там, дзе грошы, там і разьвіцьцё. Мы цяпер гэта бачым па Маскве. Масква багацее, Масква становіцца прывабным цэнтрам для ўсіх.

Але гэта цягне за сабой шэраг вялікіх праблем. Па-першае, няма іншых цэнтраў сілы ў Расеі, як у любой іншай вялікай краіне. У той жа Амэрыцы велізарная колькасьць розных цэнтраў. Людзі не сьцякаюцца толькі ў Нью-Ёрк. Ёсьць Далас, ёсьць Лос-Анджэлес, ёсьць Флорыда, ёсьць іншыя рэгіёны, дзе маюцца магчымасьці разьвіцьця, у тым ліку, для прамысловасьці. У Расеі такога няма. Масква, яшчэ пара-тройка буйных гарадоў-мільёньнікаў, а ўсё астатняе — гэта рэгіёны, з якіх людзі мараць зьехаць. Выбрацца кудысьці ў сталічны цэнтар.

Гэта можна спыніць толькі стварэньнем сапраўднай эканомікі, у розных рэгіёнах, у тым ліку і ў Іркуцку. Тым больш што для гэтага тут ёсьць усе ўмовы: Байкал, выдатная прырода, магчымасьць экалягічнага адпачынку, турызму. Але толькі гэта трэба таксама разьвіваць правільна, выконваючы закон, а не разбазарваючы гэтую зямлю кітайцам і ня ладзячы нейкія зусім жахлівыя забудовы.

— Ці можна сёньня Сібір назваць сыравіннай калёніяй Расеі?

— Па сутнасьці, цяпер мы сыравінная калёнія, прычым ня толькі Расеі, мы становімся яшчэ і сыравіннай калёніяй Кітая. Трэба разумець, што ў рэгіёне, дзе на адзін квадратны кілямэтар прыпадае, па-мойму, каля пяці жыхароў у сярэднім, вядома ж, побач велізарны Кітай, другая эканоміка сьвету. Кітайцы бяруць гэтыя землі ў арэнду, скупляюць, дамаўляюцца на карупцыйных умовах аб куплі ўсё новых і новых тэрыторый. Па сутнасьці, гэта такая паўзучая эміграцыя з Кітая. І не патрэбна ніякая вайна. Проста праз 20-30 гадоў мы прачнемся, гэта будуць абсалютна кітайскія зямлі, кітайскія надпісы, кітайскія шлюбы і гэтак далей. У гэтым сэнсе ўтрымаць Сібір Расея можа, толькі ствараючы тут сваю эканоміку, прамысловасьць, уласныя цэнтры сілы і зрабіўшы больш жорсткім заканадаўства па скупцы зямель кітайскімі прадпрыемствамі. І наогул, жорсткі кантролем за тым, як выкарыстоўваецца ўзятая ў арэнду зямля. На сёньняшні момант мы ведаем аб велізарнай колькасьці парушэньняў.

— Ёсьць дадзеныя, што ў шматлікіх рэгіёнах, і ў Сібіры ў тым ліку, паводле папярэдніх апытаньняў, нечакана шмат набірае Грудзінін. І ў той жа час мы бачым ляяльнасьць фэдэральных СМІ ў адносінах да вас і жорсткую кампанію па дыскрэдытацыі Грудзініна. Як вы гэта тлумачыце?

— Я ня вельмі разумею, чаму вы мне гэтае пытаньне адрасуеце. Гэта нейкая агітацыя за Грудзініна ў вас? У мяне ёсьць адчуваньні роўна зваротныя. Я лічу, што адбываецца як раз агітацыя за Грудзініна усімі спосабамі. Я лічу, што адміністрацыя прэзыдэнта наўмысна надзімае яго рэйтынг гэтай дыскрэдытацыяй.

А я хачу нагадаць, што гэты чалавек лiчыць найлепшым кіраўніком нашай краіны таварыша Сталіна. Я лічу, што падтрымліваць Сталіна, як сказаў пазаўчора Барыс Грабеншчыкоў, якога я вельмі люблю і паважаю, можа толькі чалавек, які прэтэндуе на кватэру расстралянага. Для мяне немагчыма ўявіць сабе сытуацыю, пры якой можна прагаласаваць за сталініста. Але ўлада навязвае нам гэтую дыхатамію: альбо Пуцін, альбо камуніст Грудзінін. І гэта робіцца абсалютна адмыслова.

— Вам часта ставяць у дакор, што вы пазьбягаеце пэрсанальнай крытыкі ў адрас Пуціна. У вас ёсьць прэтэнзіі асабіста да яго як да прэзыдэнта Расеі?

— Галоўная прэтэнзія, што ён ставіць людзей на вышэйшыя дзяржаўныя пасады не паводле прынцыпаў прафэсіяналізму, а па прынцыпе ляяльнасьці. Галоўная прэтэнзія ў тым, што ён ніколі не здае сваіх, і нават чалавек, які быў абвінавачаны ў карупцыі, усё роўна не нясе потым за гэта ніякага пакараньня. Па сутнасьці, галоўная віна яго ў тым, што ён стварыў сыстэму, у якой краінай кіруе каля ста набліжаных сяброў і іх сем’яў, а ўсе астатнія вымушаныя працаваць на мільярдныя багацьці вось гэтых блізкіх Пуціну таварышаў.

— Пры гэтым вы выступаеце супраць люстрацыі. Вось калі ўявіць, што часы зьменяцца: цяперашні кіраўнік дзяржавы і яго найбліжэйшае асяродзьдзе павінны будуць панесьці нейкую пэрсанальную адказнасьць за тое, што адбываецца ў краіне цяпер?

— Безумоўна. Любы грамадзянін, уключаючы прэзыдэнта, павінен несьці гэтую пэрсанальную адказнасьць у незалежным судзе. І рэформа незалежнай судовай улады — гэта галоўная рэформа маёй праграмы. Я лічу, што першае, што нам трэба, гэта незалежны суд. Тады ў нас зьявіцца зноў жа іншы цэнтар сілы ўлады. Сёньня выканаўчая ўлада абʼядноўвае ў сабе функцыі ўсіх трох галін. І ўсе рашэньні прымае менавіта прэзыдэнт. Гэта відавочна. Палітычныя працэсы, палітычныя ганеньні і прысуды, пішуцца па ўказцы.

— Хутка юбілей вашага бацькі, здымаецца фільм да гэтай падзеі, у ім, наколькі я ведаю, будзе і інтэрвію з Уладзімірам Пуціным. Як вам здаецца, ваш бацька сёньня быў бы ў апазыцыі Пуціну?

— Я здымаю фільм пра майго бацьку з рэжысэрам (Верай Крычаўскай. — СР). Мы робім гэта разам. Гэта такая журналісцкая праца з майго боку і рэжысэрская — зь яе. Мы хутка, я спадзяюся, пасьля выбараў, пакажам гэты фільм. Я адмыслова перанесла тэрміны, каб ня зьмешваць з прэзыдэнцкай кампаніяй. Я думаю, што, вядома ж, мой бацька не ўхваліў бы тую сыстэму, якая цяпер існуе ў Расеі. Ён быў чалавекам дэмакратычных перакананьняў, ён бы падтрымаў мяне.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG