Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лёс Насьці Рыбкі вырашаць улады Тайлянду. Расеі яе пакуль не выдаюць


Затрыманая Насьця Рыбка пры перавозе ў турму. Тайлянд, 28.02.2018
Затрыманая Насьця Рыбка пры перавозе ў турму. Тайлянд, 28.02.2018

Далейшы лёс Насьці Рыбкі (Анастасіі Вашукевіч) і Алекса Лесьлі (Аляксандра Кірылава), затрыманых у Тайляндзе на курорце Патая, залежыць ад рашэньня мясцовых уладаў.

Гаворка пакуль што не ідзе пра выдачу «сэкс-трэнера» і ягонай падапечнай у Расеі, дзе Рыбка замяшаная ў гучным скандале з палітычнай падаплёкай — фатаграфіі ў яе Інстаграме былі выкарыстаныя ў расьсьледаваньні Аляксея Навальнага пра сувязі прадпрымальніка Алега Дзерыпаскі і віцэ-прэм’ера Расеі Сяргея Прыходзькі.

Іміграцыйныя ўлады Тайлянду паведамілі ў сераду, што Рыбка і іншыя асобы, якія праходзяць па гэтай справе, застануцца пад вартай да таго часу, пакуль ня высьветліцца, які аб’ём і характар наяўных супраць іх доказаў.

Вашукевич, Кірылаў і яшчэ 8 чалавек былі затрыманыя ў Патаі ў канцы лютага паводле абвінавачаньня ў незаконнай дзейнасьці — паводле дадзеных уладаў, яны арганізоўвалі «сэкс-трэнінгі», ня маючы дазволу на працу ў Тайляндзе.

Неўзабаве пасьля арышту прагучалі заявы пра тое, што Вашукевіч, грамадзянцы Беларусі, пагражае дэпартацыя ў гэтую краіну. «Цяпер паліцыя зьбірае доказы, каб вызначыць, ці будуць затрыманыя асобы аддадзеныя далейшаму судоваму перасьледу», — паведаміў агенцтву BenarNews генэрал-лейтэнант Сутыпонг Вангпін, кіраўнік тайляндзкага Бюро ў справах іміграцыі. Ён не падаў ніякіх падрабязнасьцяў.

Вашукевіч сьцьвярджала, што за дзеяньнямі тайляндзкіх уладаў супраць яе і Лесьлі стаіць ціск Расеі. Сутыпонг, аднак, заявіў, што «арышт зроблены бязь нейкіх навядзеньняў з-за мяжы».

Кніга Насьці Рыбкі
Кніга Насьці Рыбкі

​Вашукевіч, якая знаходзіцца разам зь іншымі затрыманымі ў турме Суан Плу ў сталіцы Тайлянду — Бангкоку, у панядзелак пацьвердзіла карэспандэнту New York Times, што магла б даць амэрыканскаму боку нейкую падрабязную інфармацыю, зьвязаную з сытуацыяй вакол расейскага ўмяшаньня ў прэзыдэнцкія выбары 2016 году ў ЗША. У абмен Насьця Рыбка хацела б атрымаць прытулак у Злучаных Штатах: «Калі Амэрыка дасьць мне абарону, я раскажу ўсё, што ведаю, — сказала Вашукевіч — Я баюся вяртацца ў Расею Там ^[са мной^] могуць здарыцца дзіўныя рэчы».

Тайляндзкія чыноўнікі кажуць, што пакуль яшчэ ня вызначана, якімі будуць далейшыя дзеяньні ў дачыненьні да Рыбкі і іншых падазраваных — грамадзянаў Расеі, Беларусі і Ўкраіны. «Шасьцёра зь іх, улучна з Вашукевіч, утрымліваюцца ў турме Суан Плу, яшчэ чацьвёра — пад вартай у Патаі», — паведаміў генэрал Сутыпонг.

Паводле New York Times, Вашукевіч і астатнія затрыманыя могуць быць адпраўлены ў Патаю для судовага разбору.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG