Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску прадаюць беларускія і польскія тульпаны, але самыя танныя — галяндзкія


Продаж тульпанаў у падземным пераходзе у Менску

Калі вы набылі тульпаны ў падарунак жанчыне да 8 сакавіка, яны могуць быць беларускія, галяндзкія ці польскія.

Тульпаны ў Менску прадаюць на вуліцы ў людных месцах, ля ўваходу на станцыю мэтро «Каменная горка», у падземным пераходзе станцыі мэтро «Плошча Якуба Коласа», на Камароўскім рынку, у супэрмаркетах і малых крамах. Цэны за адну кветку — ад 1,5 рубля да 3 рублёў.

Беларускія тульпаны
Беларускія тульпаны

Гандляры таньнейшым таварам сказалі, што вымушаныя былі скінуць кошты з прычыны вялікай канкурэнцыі. Гэта тульпаны беларускай вытворчасьці — з прыватных цяпліц. Оптам іх можна набыць у прыватнікаў па 1,2 рубля за штуку, калі набываеш партыю да тысячы кветак, і па 1 рублю — за партыю больш як тысяча штук.

У фэрмэрскай гаспадарцы «Находка Полесья», што на Берасьцейшчыне, сказалі, што на 7 сакавіка ўсе тульпаны прададзеныя, сёньня адгружаюць апошнюю партыю. Прадавалі оптам ад пяці тысяч.

Паводле прайс-ліста, кошт адной кветкі складаў 0,60 эўра (1,45 рубля па курсу Нацбанку). Мінімальная партыя — 5 скрыняў (1500 штук). Таксама прапануюцца зьніжкі да 30% у залежнасьці ад аб’ёму.

На складзе гэтай гаспадаркі ў Менску 7 сакавіка можна было набыць толькі жоўтыя тульпаны, мінімальная партыя ў тысячу кветак каштавала па 1,20 рубля за штуку.

«Находка Полесья» таксама экспартуе тульпаны ў Расею.

Тульпаны на Камароўскім рынку ў Менску
Тульпаны на Камароўскім рынку ў Менску

Інтэрнэт-крамы прадавалі імпартныя тульпаны з Галяндыі і Польшчы ад 1,7 рубля за штуку. У невялікіх крамах яны каштавалі па 3 рублі.

Але самыя танныя, галяндзкія тульпаны былі ў крамах «Эўраопт». Іх прадавалі букетам з трох штук за 2 рублі 99 капеек (99 капеек за штуку). Пастаўшчык кветак — ТАА «Эўраторг».

Ружы для беларусаў. Ці выгадна ў Беларусі займацца кветкавым бізнэсам?

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG