Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хадановіча аблілі кавай на кніжнай выставе: «Чорна-распушчальны піяр кніжкі атрымаўся»


Андрэй Хадановіч
Андрэй Хадановіч

Падчас прэзэнтацыі ў Менску перакладу на беларускую мову рамана Баляслава Пруса «Лялька» невядомы маладзён абліў кавай паэта Андрэя Хадановіча, іншых удзельнікаў імпрэзы ды ўцёк.

Прэзэнтацыя праходзіла на польскім стэндзе Міжнароднай кніжнай выставы ў Менску 3 сакавіка.

Паводле відавочцаў, маладзён перабіў выступоўцаў, выказаў абурэньне Польскім інстытутам, які не запрасіў перакладчыкаў кнігі і не падтрымаў яе друк. Пасьля гэтага ён абліў кавай мадэратара Андрэя Хадановіча і ўцёк. Часткова пацярпелі і іншыя ўдзельнікі імпрэзы, сярод якіх прафэсарка Сьвятлана Мусіенка з Горадні.

Андрэй Хадановіч сказаў карэспандэнту Свабоды, што ня бачыць ніякай лёгікі ў дзеяньнях невядомага.

«Я расцэньваю гэта як дробнае хуліганства. Але, на жаль, арганізаванае дробнае хуліганства. Хто б там ні быў гэты хлопчык, ня маю гонару яго ведаць. Але адгукнуўся ён на фэйсбук перакладчыцы Галіны Жарко, якая абуралася тым, што яе не запрасілі на прэзэнтацыю. Але потым высьветлілася, што ўсё ж такі запрашалі, але, як казаў дон Карлеонэ ў „Хросным бацьку“, відаць, без дадатковай пашаны. Яна не прыехала, ёй было зручней абурацца, што яе там няма», — сказаў Хадановіч.

Андрэй Хадановіч згадаў пост Галіны Жарко ў фэйсбуку, у якім яна зрабіла дапушчэньне, што ці не Андрэй Хадановіч падгаварыў Польскі інстытут не падтрымліваць яе пераклад.

«Гэта [пост Жарко ў фэйсбуку] — моцны сродак маніпуляцыі тымі, хто чытае і эмацыйна рэагуе. Нават калі перакладчыца ня ставіла сабе мэты і не арганізоўвала гэта, у нас прэзумпцыя невінаватасьці, ніхто яе ў гэтым не абвінавачвае. Але гэты факт дробнага хуліганства быў вынікам такога яе эмацыйнага дапушчэньня, — сказаў Хадановіч. — Нам трэба ўзважаней ужываць словы, бо наша слова можа справакаваць дзеяньне далёка не заўсёды ўзважанае і прававое».

Прэзэнтацыя, аднак, не была сарваная. Андрэй Хадановіч скарыстаўся сурвэткай, прыбраў сьляды кавы і працягнуў гутарку зь дзьвюма дасьледчыцамі, якія бралі ўдзел у імпрэзе.

«Адразу зьявіўся ўсплёск цікавасьці да прэзэнтацыі. Такі чорна-распушчальны піяр кніжкі на вылітай каве атрымаўся. І польскі стэнд стаў гарачай кропкай у працы кніжнай выставы», — кажа суразмоўца.

Перакладчыца «Лялькі» Галіна Жарко жыве ў Польшчы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG