Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польшча хоча спагнаць зь Нямеччыны 850 мільярдаў даляраў


Шэсьце на Дзень незалежнасьці ў Варшаве, 11 лістапада 2017 году

Польшча мае намер спагнаць зь Нямеччыны 850 мільярдаў даляраў у выглядзе рэпарацыяў. У такую суму Варшава ацаніла шкоду, нанесеную Польшчы войскамі Вэрмахта ў Другой сусьветнай вайне. Пра гэта заявіў кіраўнік парлямэнцкай групы па рэпарацыях Аркадыюш Мулярчык.

Мулярчык паведаміў, што група рыхтуе даклад з абгрунтаваньнем сумы ўрону. Дакумэнт накіруюць ва ўрад ужо ў гэтым годзе. Справаздачу створаць на аснове аналягічнага дакладу, складзенага яшчэ пасьля вайны. Палітык дадаў, што пытаньне з рэпарацыямі да гэтага часу не ўрэгуляванае.

У верасьні мінулага года Сэйм Польшчы ацаніў шкоду ад дзеяньняў Нямеччыны ў гады Другой сусьветнай вайны прыкладна ў 50 мільярдаў даляраў. Бэрлін тады ўзгадаў пра пагадненьне польскага ўрада, прынятае ў 1953 годзе. У ім прызнавалася, што Нямеччына цалкам выканала свае абавязацельствы перад Польшчай.

Цяперашні кансэрватыўны ўрад Польшчы аспрэчвае пагадненьне ад 1953 года, заяўляючы, што яно ня мае законнай сілы, паколькі было падпісанае пад ціскам Савецкага Саюза. Па словах Мулярчыка, польскі бок патрабуе кампэнсацыі ад Нямеччыны, а не ад Расеі, таму што атрымаць кампэнсацыю ад Бэрліна «больш рэальна».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG