Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тысячы славакаў выйшлі на мітынгі ў памяць аб забітым журналісьце. Падазраваных затрымалі


Тысячы людзей выйшлі 2 сакавіка на мітынгі ў Славаччыне ў памяць пра забітых на мінулым тыдні журналіста Яна Куцяка і яго сяброўку. Акцыі былі заплянаваныя ў прыкладна 25 гарадах краіны, у тым ліку і ў сталіцы Браціславе — у ёй прыняў удзел прэзыдэнт Андрэй Кіска.

Разам з фотаздымкамі журналіста дэманстранты ў Браціславе трымалі ў руках банэры з надпісамі: «Далоў, мафія, з маёй краіны», «Атака на журналістаў = напад на ўсіх нас» і іншыя.

Успаміналі 2 сакавіка забітага журналіста і ў двух дзясятках гарадоў за мяжой, у тым ліку ў Лёндане, Парыжы і Бруселі.

Партрэт забітых — журналіста Яна Куцяка і яго сяброўкі Марціны Кушніравай
Партрэт забітых — журналіста Яна Куцяка і яго сяброўкі Марціны Кушніравай

25 лютага ў доме ў вёсцы Вэлька-Мача, на ўсход ад сталіцы Браціславы, былі знойдзены целы расстраляных 27-гадовага журналіста Яна Куцяка і яго сяброўкі Марціны Кушніравай. У паліцыі 1 сакавіка паведамілі пра затрыманьне семярых чалавек па справе аб гэтым забойстве.

Паведамлялася, што сярод затрыманых ёсьць людзі з прозьвішчамі і ініцыяламі асоб, некаторыя з якіх зьяўляюцца падобнымі з імёнамі італьянскіх бізнэсоўцаў — фігурантаў апошняга расьсьледаваньня Куцяка.

Апошнім, незавершаным расьсьледаваньнем журналіста была інфармацыя аб дзейнасьці італьянскай мафіі ва ўсходняй Славаччыне і яе магчымыя сувязі з людзьмі, блізкімі да прэм’ер-міністра Робэрта Фіца. Сярод імёнаў затрыманых фігуравала імя Antonino V., верагодна, італьянскага прадпрымальніка Антаніна Вадала. Ён некаторы час быў саўладальнікам фірмы разам з памочніцай прэм’ер-міністра Фіца Марыяй Троскавай. Апошняя на час расьсьледаваньня адышла ад спраў і адпрэчвае любыя правапарушэньні.

Сьвечы і плякат з партрэтам прэм’ер-міністра Славаччыны Робэрта Фіца і надпісам «забойца» падчас пратэсту каля будынка ўраду ў Браціславе 28 лютага.
Сьвечы і плякат з партрэтам прэм’ер-міністра Славаччыны Робэрта Фіца і надпісам «забойца» падчас пратэсту каля будынка ўраду ў Браціславе 28 лютага.

2 сакавіка былы пракурор Італіі па барацьбе з арганізаванай злачыннасбцю Франка Раберці у інтэрвію Італьянскаму радыё заявіў, што італьянскія праваахоўнікі папярэджвалі славацкія улады пра «небясьпечнае» пранікненьне ў краіну арганізаванай злачыннай групоўкі «Ндрангета».

«Мы папярэджвалі ўладу ў Браціславе, але, на жаль, яны не зьвярталі на нас увагі», — сказаў Раберці.

«Ндрангета», якая базуецца на поўдні Італіі, магла забіць Яна Куцяка і яго сяброўку, таму што «iншага спосабу прымусіць яго замаўчаць» не было, сказаў Рабэрці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG