Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я прасіў міратворчую місію». Януковіч зьмяніў інтэрпрэтацыю свайго закліку да Расеі ўвесьці войскі ва Ўкраіну


Віктар Януковіч на прэсавай канфэрэнцыі ў Маскве. 2 сакавіка 2018 году
Віктар Януковіч на прэсавай канфэрэнцыі ў Маскве. 2 сакавіка 2018 году

Былы прэзыдэнт Украіны Віктар Януковіч, які пасьля падзеяў Майдану ў Кіеве ў 2014 годзе ўцёк у Расею, заяўляе, што зьвяртаўся да расейскага прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна з прапановай увесьці на тэрыторыю Ўкраіны ня войска, а паліцэйскую міратворчую місію.

«Я напісаў Пуціну зварот. У гэтым звароце я спасылаўся на пагадненьне пра сяброўства і ўзаемадапамогу, якое было між Украінай і Расеяю, і я прапанаваў правесьці кансультацыі — працэдуру, прадугледжаную гэтым пагадненьнем. Я ўносіў прапанову разгледзець на гэтых кансультацыях увядзеньне паліцэйскай міратворчай місіі. А другое пытаньне — я прасіў Пуціна паінфармаваць усясьветную супольнасьць аб тым, што адбылося ва Ўкраіне», — заявіў Віктар Януковіч у Маскве на прэсавай канфэрэнцыі.

Паводле яго, калі б гэтая прапанова была прынятая, то яна мусіла прайсьці адпаведную працэдуру падпісаньня ды ратыфікацыі ў абодвух парлямэнтах — Расеі ды Ўкраіны.

Януковіч выступае ў Маскве

Віктар Януковіч перакананы, што ва Ўкраіне ў 2014 годзе адбыўся антыканстытуцыйны пераварот і незаконны захоп улады, у выніку чаго на Данбасе пачалася грамадзянская вайна.

Былы прэзыдэнт таксама паведаміў, што падчас ягонага знаходжаньня ў Крыме (напярэдадні ягоных уцёкаў у Расею. — РС) яго ніхто не інфармаваў пра сытуацыю на паўвостраве і ўдзел расейскіх вайскоўцаў у блякаваньні ўкраінскіх дзяржаўных устаноў у Сымфэропалі: «Гэта была рэакцыя крымчукоў у адказ на сытуацыю ў Кіеве».

У Кіеве ідзе завочны суд над Януковічам

Віктар Януковіч
Віктар Януковіч

​Справа аб дзяржаўнай здрадзе Віктара Януковіча слухаецца ў Абалонскім раённым судзе Кіева. Завочны працэс над экс-прэзыдэнтам пачаўся ў сярэдзіне траўня мінулага году. Былому прэзыдэнту Ўкраіны інкрымінуюць дзяржаўную здраду. Абвінавачаньне мае намер патрабаваць пажыцьцёвага зьняволеньня.

Матэрыялы справы налічваюць больш за 20 тамоў. У пачатку ліпеня былы прэзыдэнт Украіны ў эфіры расейскай тэлевізіі заявіў, што адклікае сваіх адвакатаў і выходзіць з працэсу, назваўшы суд над ім у Кіеве «прафанацыяй», а яго вынік — «прадвызначаным». Пасьля гэтага працэс над Януковічам працягнуўся з удзелам прызначанага дзяржавай адваката. Але з часам адвакаты Віктара Януковіча вярнуліся ў працэс.

Чатыры гады таму — 1 сакавіка 2014 году — на прэсавай канфэрэнцыі ў Растове-на-Доне Віктар Януковіч паведаміў, што напісаў лісты да расейскага Савету Фэдэрацыі і прэзыдэнта Пуціна (ад 1 сакавіка 2014 году — Радыё Свабода) з просьбай увесьці войскі на тэрыторыю Ўкраіны. Цяпер фатакопія гэтага ліста фігуруе ў якасьці галоўнага доказу дзяржаўнай здрады Віктара Януковіча.

Пра мір на Данбасе

Віктар Януковіч таксама паведаміў, што неўзабаве зьвернецца да краінаў, якія ў 2014 годзе бралі ўдзел у мірных перамовах з апазыцыяй, каб аднавіць дыялёг у гэтым фармаце з далучэньнем прадстаўнікоў Данбасу.

Я не зьнімаю правіну зь сябе, але і з гарантаў гэтага пагадненьня.

«Зараз галоўнае — спыніць вайну, устанавіць замірэньне, урэгуляваць гэты вайсковы канфлікт і мірным шляхам аб’яднаць Данбас з Украінай, захаваць цэласнасьць украінскай дзяржавы. Я не зьнімаю правіну зь сябе, але і з гарантаў гэтага пагадненьня. Гэта ключавое пытаньне, зь яго ўсё пачалося», — перакананы Януковіч. (Пагадненьне аб урэгуляваньні палітычнага крызісу ва Ўкраіне 21 лютага 2014 году ў Кіеве падпісалі Віктар Януковіч і лідэры апазыцыі пры пасярэдніцтве краінаў Эўразьвязу, ЗША і Расеі. — РС).

Грошы Януковіча

Адказваючы на пытаньне аб тым, хто фінансуе ягонае пражываньне ў Расеі, Віктар Януковіч адзначыў:

«Ніякіх грошай Януковіча не знайшлі ні ў адным банку сьвету. Гэта пацьвердзіла і Генэральная пракуратура, і Эўразьвяз. Іх не знайшлі, бо шукаць чорную кошку ў цёмным пакоі марна, калі яе там няма. Не было ніякіх грошай, і іх няма. За які кошт я жыву? У мяне ёсьць сям’я, ёсьць сын — дастаткова яшчэ малады і здаровы чалавек. Як той казаў, я вашы грошы не лічу, а вы не лічыце мае. Я жыву, і мне хапае на жыцьцё. Не магу сказаць, што я ўсім задаволены. Мне вельмі цяжка і вельмі балюча, і я вельмі хачу, каб хутчэй спыніць пакуты людзей ва Ўкраіне».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG