Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сучасная дыета падлеткаў і дэпрэсія


Літаральна некалькі тыдняў таму былі апублікаваныя вынікі новага дасьледаваньня з удзелам аўстралійскіх падлеткаў.

Паводле навукоўцаў атрымліваецца, што сучасная, так званая «заходняя» дыета зьвязана ня толькі з атлусьценьнем, але і з псыхічным здароўем падлеткаў. Гэта значыць, тыя падлеткі, якія прытрымліваюцца заходняй дыеты, пакутуюць ня толькі фізычна (залішняя вага), але і псыхічна (дэпрэсія).

«Заходняя» дыета як правакатар дэпрэсіі

Навукоўцы апрацавалі дадзеныя 843 падлеткаў з заходняй Аўстраліі, якія ўдзельнічаюць у дасьледаваньні Raine (яно яшчэ ня скончылася). Першы раз падлеткі былі апытаныя, калі ім было па 14 гадоў, і другі раз, калі ім споўнілася 17 гадоў.

І вось якія вынікі атрымаліся. Тыя, хто ў 14 гадоў харчаваўся паводле прынцыпаў «заходняй» дыеты (высокі ўзровень спажываньня чырвонага мяса, ежы на вынас, рафінаваных прадуктаў і кандытарскіх вырабаў) агулам спажывалі больш энэргіі (калёрый). Адпаведна яны мелі больш высокі індэкс масы цела (ІМЦ), чым іх аднагодкі з больш здаровым падыходам да харчаваньня.

У 17 гадоў іх ІМЦ па-ранейшаму быў вялікі, і яны малі біямаркёры (сыгналы) запаленьня. Запаленьне лічыцца першапрычынай многіх захворваньняў.

Таксама гэтыя падлеткі за тры гады набылі праблемы з псыхічным здароўем і сымптомы дэпрэсіі.

А тыя падлеткі, якія з 14 да 17 гадоў харчаваліся здаровай ежай (маецца на ўвазе прынамсі дыета з высокім утрыманьнем садавіны, гародніны, рыбы, суцэльнага збожжа), мелі больш нізкі, здаровы ІМЦ, значна менш запаленчых працэсаў і псыхічна адчувалі сябе значна лепей.

Чаму так? Якія мэханізмы?

Прафэсар Вэндзі Одзі (Тасманскі ўнівэрсытэт), пад кіраўніцтвам якой праводзіцца экспэрымэнт, кажа, што яе каманда ў дадзены момант вывучае ўплыў асабістых элемэнтаў харчаваньня на ўзьнікненьне дэпрэсіі. Навукоўцы мяркуюць, што справа не ў адным прадукце ці дыетычнай звычцы, а ў сукупнасьці фактараў.

Па-першае, ролю грае спажываньне шкодных тлушчаў — гэта вядомы фактар рызыкі разьвіцьця дэпрэсіі. Даўно ўжо навукоўцы ў Гішпаніі выявілі, што тып тлушчу вельмі важны, калі ідзе гаворка аб дэпрэсіі. Самым падступным у гэтым сэнсе зьяўляецца транстлушч.

Дасьледнікі выявілі, што сярод людзей, якія елі больш транстлушчаў, меў месца больш высокі ўзровень дэпрэсіі. І чым больш транстлушчаў яны спажывалі, тым вышэйшая была рызыка.

І тое самае дасьледаваньне таксама пацьвердзіла, што чым больш ненасычаных тлушчаў (у т. л. тлушчаў сямейства Амэга-3) спажывалі людзі, тым меншы быў шанец, што яны маглі ўпадаць у дэпрэсію.

Што такое транстлушчы і дзе іх найболей

Транстлушчы — гэта ненасычаныя тлушчы з мадыфікаванай хімічнай структурай. У харчовай прамысловасьці ненасычаныя тлушчы (алей) могуць быць ператвораныя ў насычаныя тлушчы (цьвёрдыя тлушчы). Гэта адбываецца пры дапамозе спэцыфічнага хімічнага працэсу, так званай гідрагенізацыі.

Калі ў сьпісе інгрэдыентаў на этыкетцы значыцца «часткова гідрагенізаваны расьлінны тлушч», або «гідрагенізаваны тлушч», можаце быць упэўненыя, што прадукт утрымлівае транстлушч

Алей для прадпрыемстваў грамадзкага харчаваньня і хлебабулачныя тлушчы для вырабу печыва і пірожных, як правіла, утрымліваць высокі ўзровень транстлушчаў. Калі ў сьпісе інгрэдыентаў на этыкетцы значыцца «часткова гідрагенізаваны расьлінны тлушч», або «гідрагенізаваны тлушч», можаце быць упэўненыя, што прадукт утрымлівае транстлушч.

Натуральны транстлушч знаходзіцца ў малочных прадуктах з высокім адсоткам тлушчу, а таксама ў тлустых гатунках мяса.

Ранейшыя маштабныя дасьледаваньні, праведзеныя ў Аўстраліі, прыйшлі да высновы, што рэгулярнае спажываньне гародніны і садавіны ня толькі спрыяе аптымальнаму здароўю, але і пазытыўна адбіваецца на настроі.

Спажываньне садавіны, па выніках дасьледаваньня, мае больш моцнае ўзьдзеяньне ў параўнаньні з гароднінай на агульнае псыхічнае здароўе і настрой.

Прафэсар Вэндзі Одзі кажа, што на дадзены момант яе каманда зрабіла наступную выснову: «заходняя» дыета і атлусьценьне прыводзяць да дэпрэсіі праз запаленьне. А вось здаровая дыета з акцэнтам на неапрацаваныя прадукты, садавіну і рыбу прадухіляе і ад запаленьня, і ад атлусьценьня, і ад дэпрэсіі.

Ці можна параўнаць Беларусь з Аўстраліяй?

Дасьледаваньне аўстралійскіх навукоўцаў павінна насьцярожыць ўсіх нас. Так званая «заходняя» дыета прыжылася і ў Беларусі. Паводле маіх назіраньняў, сучасныя падлеткі спажываюць вельмі мала гародніны і садавіны, шмат апрацаваных прадуктаў і ежы з рэстаранаў хуткага харчаваньня (фастфуду).

Сацыяльныя сеткі, у сваю чаргу, таксама могуць стаць штуршком для дэпрэсіі і харчовых расстройстваў

Падлеткі таксама мала бываюць на вуліцы, затое шмат часу праводзяць у сацыяльных сетках. Сацыяльныя сеткі, у сваю чаргу, таксама могуць стаць штуршком для дэпрэсіі і харчовых расстройстваў. Больш падрабязна пра гэта я пісала ў мінулым артыкуле.

Спадзяюся, што падлеткаў і іх бацькоў гэты артыкул прымусіць задумацца. Даўно вядома, што тыя, хто ў падлеткавым узросьце пакутаваў ад залішняй вагі, маюць вельмі высокі шанец захаваць яе і ў дарослым жыцьці.

Таму ня трэба чакаць, пакуль «перарасьце», а трэба накіроўваць падлеткаў на шлях здаровага харчаваньня як мага раней.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG