Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуса падазраюць у рабаваньні сэйфавага сховішча ў нямецкім банку


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Нямецкая паліцыя арыштавала 29-гадовага грамадзяніна Беларусі, які падазраецца ва ўзломе сэйфавага сховішча банку Saalesparkasse на ўсходзе краіны.

Ня выключана, што гэтая асоба мае дачыненьне і да сэрыі кватэрных крадзяжоў, а таксама да незаконнага збыту наркотыкаў. Улічваючы «арыгінальны і высокапрафэсійны» характар рабунку, сьледчыя дапускаюць, што да яго магла мець дачыненьне злачынная групоўка.

Арышт беларуса, першага з падазраваных, стаў вынікам амаль 9-месячнага расьсьледаваньня з нагоды факту буйнога крадзяжу каштоўных рэчаў з банкаўскіх ячэек рэгіянальнага аддзяленьня Saalesparkasse. Усяго ў пошукавай апэрацыі было занята каля 100 паліцыянтаў. Вобшукі і ператрусы праводзіліся ў кватэрах, камэрцыйных памяшканьнях, гаражах і складах у гарадах Гале, Ляйпцыгу, Альтэнбургу, Цайцы ды іншых. Падчас іх на месцах было выяўлена звыш 300 каліў канопляў, дзьве ўжо падрыхтаваныя для іх плянтацыі, 2 кіляграмы марыхуаны, а таксама зброя і боепрыпасы.

Паводле паліцыі, рабаўнікам удалося пранікнуць у ключавыя кампутарныя базы філіялаў Saalesparkasse ў Гале і ў выніку ўзламаць 25 банкаўскіх ячэек кліентаў, якія належалі як прыватным асобам, так і арганізацыям. Дзеля гэтага злачынцам давялося «ашукаць» забясьпечаную PIN-кодамі сыстэму счытваньня картак у цэнтрах абслугоўваньня з тым, каб дабрацца да індывідуальных кантэйнэраў. Паліцыя таксама не выключае, што рабаўнік ці рабаўнікі працяглы час шпіёнілі за наведнікамі банку. Былі гэта выпадковыя ахвяры або канкрэтна выбраныя кліенты, паліцыі належыць высьветліць. Калі размова ідзе пра «канкрэтна выбраных», то здабычай маглі стаць сотні тысяч эўра.

Аднак кліент даказаць гэтага, як правіла, ня можа, бо банк не кантралюе зьмесьціва ячэек.

Яе піша інфармацыйнае выданьне tag24.de, супрацоўнікі Saalesparkasse цалкам мадэрнізавалі і аднавілі сваю сыстэму бясьпекі і таму іх паслуга сэйфавага сховішча фінансаў ды каштоўнасьцяў да апошняга часу карысталася вялікім попытам сярод кліентаў. Паведамляецца, што банк урэгуляваў сытуацыю з прэтэнзіямі пацярпелых.

На пытаньне СМІ, колькі часу можа спатрэбіцца нямецкай паліцыі, каб раскрыць злачынную схему, адказаў пакуль не далі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG