Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьбіраўся ў сталіцу, вырашыў счакаць. Выйшаў рэскрыпт, і сыстэма міжгародніх перавозак пачала ламацца. Усе абмяркоўваюць, наракаюць, але не гавораць чагосьці вельмі істотнага.

Соль праблемы была ў манаполіі дзяржавы на міжгароднія перавозкі. І мне сёньня трапіўся толькі адзін камэнтар, у якім поўнае адчуваньне сутнасьці праблемы: «Но вообще маршрутки — порождение хреновой работы госперевозчика. Поищите в Германии или Франции маршрутки межгородские — там только скоростные поезда и не менее шустрые автобусы».

Але вернемся да нашых бараноў. Перш: Горадня — гэта мядзьведжы кут. Каб зьезьдзіць у сталіцу па справах цягніком, трэба на дарогу патраціць паўсутак! Чыгунка не разьлічана на сучасныя цягнікі. А аўтобусам было заўжды істотна даражэй: туды-назад прыблізна пятнаццаць даляраў.

Тым часам дзяржава немалы час штучна стрымлівала разьвіцьцё міжгарадзкіх пасажырскіх перавозак. Дарогі апанаваў украінскі аўтобусік невысокай клясы, прызначаны для блізкіх маршрутаў. На гомельскім аўтарамонтным пачалася яго масавая зборка пад новай назвай «радзіміч». І ён стаў асноўным, напрыклад, на гарадзенскім аўтавакзале. Мне даводзілася часта пад’яжджаць ім да Ліды, маршрут: «Горадня-Віцебск». Кіроўца наіўна зьдзіўляўся: за пяць гадоў працы толькі два пасажыры набылі квіток з канца ў канец. І тут жа пахваліўся, што адлегласьць — 600 кілямэтраў, туды-назад — 1200.

Карацей, іх зусім не засмучала, што «радзіміч» ходзіць у прыгарадную вёску за дзесяць кілямэтраў, а потым яго пасылаюць у Менск ці ў Віцебск. Гэта ўсё роўна, што «кукурузьнік» пусьціць у Бэрлін замест «боінга», а «радзіміч» — сьледам. Стаўленьне да пасажыра было як да мяшка з бульбай, прычым цана квітка ўвесь час расла. Хаця, напрыклад, у цягніку ў розных па камфортнасьці вагонах яна, як вядома, адрозная.

Вось гэта абурала. Большасьць рэйсаў з Горадні ў Менск (270 кілямэтраў) было тым самым «радзімічам». Аднойчы прыляцеў з адпачынку з Баўгарыі і трапіў на «радзіміч». Ехалі як у печцы, абліваліся потам. Чатыры гадзіны! Я быў у такім змучаным стане, быццам з самой Баўгарыі аўтобусам дабіраўся. А ўзімку ў «радзімічы» — таксама альбо пераграваесься або вымярзаеш. Але выбару ў цябе няма.

Праўда, існавалі прыватныя маршруткі, гаспадарам якіх дазволілі вазіць пасажыраў у Менск. Звычайна няновыя машыны, часам пераробленыя з грузавых, якія не адпавядалі такому рэйсу. Але ліцэнзію выдалі. Хто, як, чаму? Аднойчы вяртаўся ў мароз мікрааўтобусам з разьбітай шыбай. Усе сядзелі ў шапках, капюшонах. Ліцэнзія ў чалавека была! А самыя лепшыя з выгляду маршруткі хадзілі тым часам толькі па горадзе ці ў бліжэйшыя вёскі. Ім міжгародняя ліцэнзія «чамусьці» не сьвяціла.

Адзін гаспадар транспартнай фірмы мне прызнаўся тады: дзяржава перашкаджае пакупцы новых аўтобусаў. Вельмі вялікі падатак на ўвоз. Змушаюць купляць свае. Аднак «маз» таксама дарагі і менш камфортны, чым замежныя, а мікрааўтобусаў сваіх не існуе наогул. Але такі быў парадак! Дзяржава жадала вазіць усіх на «радзімічы» і вазіць за дорага.

Аднак сытуацыя на рынку перавозак рэзка зьмянілася некалькі год таму. Кемлівыя людзі знайшлі мабыць нейкую шчыліну ў заканадаўстве, і паявілася мноства, як выглядала часам, напалову легальных перавозчыкаў. Гэта зарэгістраваныя фірмы, у пераліку дзейнасьці маюць і радок аб пасажырскіх перавозках.

У сталіцы стаянку заўсёды мелі то ў адным месцы, то ў другім, ні ў якім разе не на аўтавакзале. Квіткі не выдаюць, толькі калі папросіш, шыльду з маршрутам за горадам замяняюць на «заказны». Але: езьдзяць хутка, раз. Другое: гадамі не падвышаюць коштаў. Трэцяе: квіток замаўляеш па тэлефоне ці праз інтэрнэт, купляць ня трэба, таму можаш заўсёды патэлефанаваць і зьмяніць час выезду. І вельмі частыя рэйсы, што зручна. Адна справа «радзімічам» пілаваць чатыры гадзіны, другая — на паўгадзіны менш, ці здаралася нават хутчэй даехаць.

У мяне было ўражаньне: дзяржава прайграла ім. А ўсё таму, што прагнула сабе чым пабольш. У маленстве, ці памятаеце, была такая прыказка: «много хочешь, мало получишь». Пасажыр для яе быў бязмоўным асобнікам, у якога няма выбару. Не любіла яна яго, не паважала, хіба толькі на словах. І пасажыр выбраў «часьніка», які прапанаваў лепшыя ўмовы.

І канкурэнцыя, між іншым, зрабіла сваё: на некаторых дзяржаўных маршрутах у Менск, напрыклад, паявіліся істотныя зьніжкі. Але зьмяніць сытуацыю ўжо было нельга… Пакуль не паявіўся цяперашні закон, якім хацелі «упарадкаваць», а насамрэч зьменшыць імпэт прыватнікаў.

Я таксама за парадак: няхай адпраўляюцца з аўтавакзалу, квіткі выдаюць. Але перш дзяржава павінна мець у галаве ня мэту прыціснуць прыватніка, а — зрабіць, каб пасажырам было ня горш, а лепш. І каб камфортна, і цана каб ня вырасла! Каб не адчуваць сябе як на апошніх выбарах бывала, калі ў бюлетэні толькі адно прозьвішча цябе чакае, «як у добрыя савецкія ўрэмена».

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG