Лінкі ўнівэрсальнага доступу

NBC: выбаркамы сямі штатаў ЗША былі ахвярамі расейскіх хакераў


Ілюстрацыйнае фота. Кампутар на выбарчым участку ў Брукліне, 8 лістапада 2016 году
Ілюстрацыйнае фота. Кампутар на выбарчым участку ў Брукліне, 8 лістапада 2016 году

Кампутарныя сыстэмы выбарчых камісій сямі штатаў ЗША былі ўзламаныя напярэдадні амэрыканскіх прэзыдэнцкіх выбараў 2016 году.

Да такой высновы прыйшлі аналітыкі амэрыканскіх выведных службаў, якія сабралі значную колькасьць дадзеных, якія сьведчаць пра тое, што хакерам удалося атрымаць доступ да выбарчых сьпісаў некалькіх буйных штатаў, паведамляе тэлекампанія NBC са спасылкай на амэрыканскіх афіцыйных асобаў.

Хакерам, якіх NBC называе «расейскімі апэратыўнікамі», атрымалася ўкараніцца ў кампутарныя сеткі выбарчых камісій Аляскі, Арызоны, Каліфорніі, Флорыды, Ілінойсу, Тэхасу і Вісконсіну. У некаторых выпадках хакеры змаглі ўзламаць вэбсайты камісій, у іншых яны атрымалі доступ да выбарчых сьпісаў. Сьведчаньняў таго, што гэтыя сьпісы сталі аб’ектам маніпуляцый, няма.

Пра гэтыя дадзеныя, з прычыны іх сакрэтнасьці, не было паведамлена кіраўніцтву штатаў. У інтэрвію NBC прадстаўнікі шасьці штатаў заявілі, што іх уласныя расьсьледаваньні ня выявілі прыкмет узлому кампутарных сыстэм выбарчых камісій. Улады Ілінойсу яшчэ ў 2016 годзе паведамілі пра тое, што сыстэма рэгістрацыі выбарнікаў стала аб’ектам нападаў хакераў, якім удалося атрымаць доступ да выбарчых сьпісаў. Паводле Міністэрства ўнутранай бясьпекі ЗША, выбарчыя камісіі 21 штату сталі аб’ектам кібэратак напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 2016 году. Большасьць зь іх былі няўдалымі.

Многія экспэрты чакаюць, што важныя прамежкавыя выбары ў Кангрэс, якія пройдуць увосень гэтага году, зноў выклічуць павышаную ўвагу расейскіх хакераў. Яны чакаюць новых нападаў на кампутарныя сеткі выбарчых камісій.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG