Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сутыкненьні пад Вярхоўнай Радай Украіны, ёсьць пацярпелыя


Каля будынку парлямэнту Ўкраіны сёньня адбыліся сутыкненьні паміж маніфэстантамі і паліцыяй. Пратэстоўцы каля Вярхоўнай Рады патрабавалі падвышэньня пэнсiяў вайскоўцам.

Па словах дэпутата Антона Герашчанкі, актывісты спрабавалі падпаліць шыны. Праваахоўнікі перашкодзілі гэтаму, у выніку паміж імі і мітынгоўцамі ўзнікла бойка. Удзельнікі акцыі пратэсту кінулі ў будынак Вярхоўнай Рады кактэйль Молатава. Па словах дэпутата Уладзімера Парасюка, праваахоўнікі ўжывалі сьлёзацечны газ, а таксама зьбівалі актывістаў дубінкамі. У сутычцы пацярпелі 14 паліцэйскіх, 9 чалавек затрыманыя.

Як паведамляе прэсавая служба паліцыі Кіева, у пацярпелых траўмы рознай ступені цяжкасьці — у прыватнасьці пераломы ключыцы, сківіцы, носу і шматлікія гематомы.

«Супрацоўнікі паліцыі спрабавалі спыніць дзеяньні ўдзельнікаў акцыі, аднак яны пачалі агрэсіўна сябе паводзіць: яны кідалі камяні і бутэлькі з запальнай сумесьсю ў бок праваахоўнікаў» — заявілі ў паліцыі.

Паліцыя пасьля сутыкненьняў распачала крымінальную вытворчасьць па артыкуле «пагроза ці гвалт у адносінах да работніка праваахоўнага органу».

З трыбуны парлямэнту дэпутат з фракцыі «Народны фронт» Антон Герашчанка заявіў, што пад Вярхоўнай Радай была арганізаваная правакацыя. Ён усклаў адказнасьць за яе арганізацыю на «Рух новых сілаў» Міхэіла Саакашвілі, які знаходзіцца за мяжой.

У той жа час Саакашвілі і яго арганізацыя адпрэчваюць дачыненьне да сутыкненьняў пад парлямэнтам.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG