Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Макрон і Мэркель маюць намер правесьці перамовы з Пуцінам па Сырыі


Прэзыдэнт Францыі Эмануэль Макрон і канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель маюць намер правесьці 25 лютага перамовы з расейскім лідэрам Уладзімірам Пуцінам у сувязі з усталяваньнем ААН 30-дзённага спыненьня агню ў Сырыі.

Пра гэта паведаміла прэсавая служба францускага прэзыдэнта.

Перамовы, якія будуць праведзеныя па тэлефоне, былі аб’яўленыя пасьля таго, як 24 лютага Рада Бясьпекі ААН аднагалосна прагаласавала за спыненьне агню ў Сырыі.

Адміністрацыя прэзыдэнта Францыі абвясьціла, што перамовы будуць сканцэнтраваныя на «ажыцьцяўленьні гэтай рэзалюцыі і на палітычнай дарожнай карце, неабходнай для дасягненьня трывалага міру ў Сырыі».

На тле паведамленьняў аб працягу баявых дзеяньняў у Сырыі Генэральны сакратар ААН Антоніё Гутэрыш 24 лютага заклікаў усе бакі неадкладна ажыцьцявіць «спыненьне агню» і выказаў надзею што перамір’е будзе «падтрыманае».

Гутэрыш заявіў, што неадкладнае перамір’е неабходнае, «у прыватнасьці, для забесьпячэньня неадкладнага, бясьпечнага, бесьперашкоднага і ўстойлівага прадастаўленьня гуманітарнай дапамогі, эвакуацыі хворых і параненых і палягчэньня пакут сырыйцаў».

Усе 15 членаў Рады Бясьпекі прагаласавалі за спыненьне ваенных дзеяньняў пасьля перамоваў, у ходзе якіх Масква выступіла супраць усталяваньня крайняга тэрміну ўступленьня перамір’я ў сілу.

Аўтары рэзалюцыі, Кувэйт і Швэцыя, унесьлі папраўкі ў тэкст, каб атрымаць падтрымку Расеі, адмовіўшыся ад патрабаваньня аб тым, каб перамір’е ўступіла ў сілу праз 72 гадзіны і замест гэтага прапанавалі форму «без затрымак».

Масква, якая зьяўляецца ключавым саюзьнікам прэзыдэнта Сірыі Башара Асада, мае права вета ў Радзе Бясьпекі.

Макрон і Мэркель 23 лютага заклікалі Пуціна падтрымаць прапанову аб спыненьні агню ў Сырыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG