Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Беларусі і Ўкраіны ўзнаўляюць кантакты пасьля «значнага перапынку»


Кіраўнік МЗС Украіны Павал Клімкін і кіраўнік МЗС Беларусі Уладзімер Макей. Архіўнае фота

26 лютага ў Менску пройдуць кансультацыі паміж замежнапалітычнымі ведамствамі Беларусі і Ўкраіны. Пра гэта сёньня паведаміў журналістам прэсавы сакратар МЗС Беларусі Дзьмітры Мірончык.

«Зыходзім з таго, што правядзеньне кансультацый паміж МЗС, якія адбудуцца пасьля значнага перапынку, дазволіць аднавіць практыку апэратыўнага ўзаемадзеяньня замежнапалітычных ведамстваў дзьвюх краінаў», — сказаў Мірончык.

Беларускі бок на перамовах ачоліць першы намесьнік міністра Андрэй Еўдачэнка, украінскі — намесьнік міністра Васіль Боднар. Дыпляматы абмяркуюць узаемадзеяньне ў палітычнай, эканамічнай, гуманітарнай і іншых сфэрах. Асобнае пытаньне — падрыхтоўка да першага форуму рэгіёнаў Беларусі і Ўкраіны, які сёлета адбудзецца ў Гомлі.

За апошнія два гады Беларусь і Ўкраіна пераадолелі нэгатыўную тэндэнцыю ва ўзаемным гандлі, якая намецілася ў 2013 годзе. Летась таваразварот дасягнуў 4,6 мільярда даляраў. Украіна стала другім паводле значнасьці сярод усіх замежных гандлёвых партнэраў Беларусі.

На пытаньне, ці будуць удзельнікі кансультацыяў разглядаць становішча ва ўсходніх рэгіёнах Украіны, спадар Мірончык адказаў, што фармат кансультацыяў прадугледжвае самы шырокі парадак дня.

«Мы ня будзем ні ў чым абмяжоўваць нашых украінскіх калег. Што тычыцца беларускага боку, то мы далі пляцоўку для перамоваў яшчэ ў 2014 годзе і з таго часу працуем над замірэньнем ва Ўкраіне», — сказаў прадстаўнік МЗС.

XS
SM
MD
LG