Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Невядомы кінуў выбуховае прыстасаваньне ў будынак амбасады ЗША ў Чарнагорыі і сам загінуў


Паліцыя ахоўвае ўваход у будынак амбасады ЗША ў Падгорыцы, Чарнагорыя, 22 лютага 2018 году. фота REUTERS
Паліцыя ахоўвае ўваход у будынак амбасады ЗША ў Падгорыцы, Чарнагорыя, 22 лютага 2018 году. фота REUTERS

Невядомы кінуў выбуховае прыстасаваньне, верагодна, ручную гранату, у будынак амбасады ЗША ў Падгорыцы, сталіцы Чарнагорыі, перш чым падарваць сябе, паведамляецца ў афіцыйным Twitter акаўнце ўраду Чарнагорыі.

У паведамленьні гаворыцца, што праз паўгадзіны пасьля поўначы па мясцовым часе «невядомы зьдзейсьніў самагубства з выбуховым прыстасаваньнем. Непасрэдна перад гэтым той чалавек кінуў выбуховую прыладу са скрыжаваньня ля спартовага цэнтру ў бок комплексу амэрыканскай амбасады». Іншых ахвяраў і пацярпелых няма. Матыў нападніка невядомы.

У наступным папведамленьні ўдакладняецца, што «хутчэй за ўсё, прылада была ручная граната», паліцыя вядзе расьсьледаваньне здарэньня.

Reuters паведаміла, што іх фатограф быў сьведкам таго, як паліцыя перакрыла прылеглыя да будынка дыпмісіі вуліцы, і дадаў, што яўных пашкоджаньняў на будынку амбасады не заўважна.

Амбасада ЗША ў Чарнагорыі аб’явіла пра пагрозу бясьпецы грамадзянам Злучаных Штатаў, паведамляецца на сайце амэрыканскай дыпляматычнай місіі. Ведамства папрасіла не знаходзіцца на тэрыторыі каля будынка, пакуль дзейнічае папярэджаньне. Таксама амэрыканская амбасада параіла адсочваць паведамленьні СМІ па дадзенай сытуацыі, пазьбягаць месцаў збору людзей, у тым ліку дэманстрацыяў, і выконваць указаньні мясцовых уладаў, а таксама ужываць меры для асабістай бясьпекі.

Дзярждэпартамэнт ЗША пацьвердзіў інфармацыю аб «невялікім выбуху» каля амбасады ЗША ў сталіцы Чарнагорыі. Пра інцыдэнт распавяла кіраўнік прэс-службы зьнешнепалітычнага ведамства Гэзэр Наўэрт у Twitter. Яна таксама падкрэсьліла, што прадстаўнікі дыпмісіі «шчыльна супрацоўнічаюць з паліцыяй, каб выявіць нападніка або тых, хто нападаў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG