Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпутаты Бундэстагу задалі ўраду Нямеччыны 29 пытаньняў пра Беларусь


Ілюстрацыйнае фота. Міністры замежных спраў Нямеччыны Зыгмар Габрыэль (зьлева) і Беларусі Уладзімер Макей пасьля прэс-канфэрэнцыі ў Менску. 17 лістапада 2017 году

Фракцыя левых у нямецкім Бундэстагу зьвярнулася да нямецкага кіраўніцтва — канцлера Ангелы Мэркель і кіраўніка МЗС Зыгмара Габрыеля — з запытам пра беларуска-нямецкія дачыненьні. У час, калі ў краіне вядуцца перамовы аб стварэньні вялікай кааліцыі паміж хрысьціянскімі і сацыял-дэмакратамі, эўрадэпутаты хочуць атрымаць ад высокіх асобаў краіны ды ўраду, які пакуль складаецца з палітыкаў гэтых абедзьвюх партыяў, адказаў на ўсе 29 пытаньняў іх «маленькага», як яны яго назвалі, запыту.

Нямецкія левыя, якія пазыцыянуюць сябе як пасьлядоўныя прыхільнікі працэсу эўрапейскай інтэграцыі і праціўнікі ўсіх формаў уздыму мілітарызму ў сьвеце, хочуць ведаць, у якой ступені фэдэральны ўрад падтрымлівае ідэю рамачнага пагадненьня паміж ЭЗ і Беларусьсю. Пакуль дачыненьні паміж Менскам і Брусэлем рэгулююцца дамовай ад 1989 году паміж СССР і Эўрапейскай эканамічнай супольнасьцю, і Беларусь застаецца адзінай сярод шасьці краін — удзельніц праграмы «Ўсходняга партнэрства» (УП), якая ня мае двухбаковага пагадненьня аб супрацоўніцтве, хоць пры гэтым Брусэль і фінансуе некаторыя сумесныя праекты ў рамках УП. У сваім звароце левыя цытуюць словы зь менскай прамовы Зыгмара Габрыеля, які мінулай восеньню наведаў беларускую сталіцу і меў сустрэчы з прэзыдэнтам Аляксандрам Лукашэнкам і сваім менскім калегам Уладзімерам Макеем, наконт гістарычнай адказнасьці немцаў за вялікія разбурэньні краіны і вялікія людзкія пакуты і страты падчас Другой усясьветнай вайны, а таксама наконт усялякага садзейнічаньня ўсебаковаму збліжэньню паміж беларусамі і немцамі, паміж Беларусьсю і ЭЗ.

Сярод пытаньняў, якія зьмяшчаюцца «маленькім запыце», наступныя:

  • Колькі было сустрэч паміж Ангелай Мэркель і Аляксандрам Лукашэнкам, пачынаючы з 2005 году (з указаньнем іх часу і месца)?
  • У чым канкрэтныя вынікі менскай сустрэчы ў лістападзе 2017 году паміж Зыгмарам Габрыелем, Аляксандрам Лукашэнкам і Ўладзімерам Макеем?
  • Якія намаганьні зрабіў нямецкі ўрад у сувязі з адменай ці мараторыем на сьмяротнае пакараньне ў Беларусі?
  • Як ацэньвае нямецкае кіраўніцтва ролю Менску ў перамовах пра ўкраінскі крызіс?
  • У якой ступені пацьвердзіліся асьцярогі фэдэральнага міністра абароны, зьвязаныя з вайсковымі вучэньнямі «Захад-2017», дзе, паводле яе ацэнак, маглі ўзяць удзел каля 100 000 чалавек?
  • Якія мэмарыяльныя праекты, прысьвечаныя ахвярам нямецкай акупацыі падчас Другой усясьветнай вайны, падтрымала нямецкае кіраўніцтва ад 2005 году (з указаньнем часу, месца, назваў і фінансавай падтрымкі)? У якіх з гэтых мерапрыемстваў узялі ўдзел прадстаўнікі нямецкага ўраду?
  • Якія выплаты зрабіла ФРГ Беларусі і яе пацярпелым падчас Другой усясьветнай вайны грамадзянам ( з указаньнем канкрэтнага часу і аб’ёму выплат)?
  • Што вядома фэдэральнаму ўраду пра двухбаковыя праграмы супрацоўніцтва ў розных галінах і праекты з удзелам грамадзянскай супольнасьці?
  • Які бюджэт фэдэральнага ўраду для фінансаваньня праграмаў падтрымкі Беларусі?
  • Што вядома фэдэральнаму ўраду пра цяперашні стан перамоваў паміж Беларусьсю і ЭЗ наконт палёгкі візавага рэжыму?
  • Як фэдэральны ўрад зьбіраецца адказаць на ўведзены Беларусьсю ў лютым 2017-га кароткага бязьвізавага рэжыму для турыстаў з 80 краін сьвету, у тым ліку з усіх дзяржаў ЭЗ?

Што да тэмы нямецка-беларускіх стасункаў, то нямецкія левыя і раней задавалі фэдэральнаму ўраду нямала нязручных пытаньняў.

Так, у 2012 годзе тэмай іх парлямэнцкага запыту стала супрацоўніцтва нямецкіх і беларускіх паліцыянтаў напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў-2010 у Беларусі. Як паказалі вынікі расьсьледаваньняў апазыцыйных палітыкаў, беларускія сілавікі адмыслова наведалі Нямеччыну, каб паназіраць за дзеяньнямі сваіх тамтэйшых калег падчас задушэньня дэманстрацыяў у Дрэздэне, таксама беларускія міліцыянты забесьпячваліся зь Нямеччыны рознымі, неабходнымі ў такіх мэтах, сродкамі. Далейшая публікацыя матэрыялаў расьсьледаваньня ў многіх нямецкіх ды замежных СМІ выклікалі ў грамадзтве вялікі скандал.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG