Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сучасны погляд на біялягічна актыўныя дабаўкі


Біялягічна актыўная дабаўкі (БАД) на сёньняшні дзень зьяўляюцца адным з сусьветных лідэраў сярод харчовых рэчываў па колькасьці спажываньня людзьмі самага рознага ўзросту.

БАДы не зьяўляюцца лекамі, іх можна купляць у аптэках згодна зь беларускім заканадаўствам без якіх-небудзь рэцэптаў, цалкам самастойна.

Калі зьвярнуцца да дадзеных афіцыйнай статыстыкі, то ў такой краіне як ЗША 52% насельніцтва ўжывае хаця бы адзін БАД, а каля 10% ужываюць чатыры БАДы. Пры гэтым ня менш за палову жыхароў гэтай краіны карыстаецца дабаўкамі, у склад якіх уваходзяць вітаміны і мінэралы. Людзі робяць гэта для прафіляктыкі самых разнастайных хваробаў, ад сардэчна-судзінных да вострых вірусных інфэкцый.

Што мы дакладна ведаем

Як жа паступіць нашаму звычайнаму чалавеку, ці патрэбныя яму БАДы?

Насуперак распаўсюджанаму меркаваньню, што БАДы «не працуюць», бо не трапляюць у дастатковай колькасьці ў арганізм, гэта ня так. Вялікая колькасьць БАДаў складаецца з амінакіслот, дэфіцыт якіх чалавечы арганізм у пэўныя пэрыяды жыцьця можа адчуваць.

Напрыклад, у вернікаў пачаўся Вялікі пост. Гэта той час, калі згодна з традыцыяй чалавек павінен абмяжоўваць паступленьне ў арганізм пэўных харчовых прадуктаў, што натуральным чынам прыводзіць да адноснага недахопу некаторых амінакіслот, напрыклад, таўрына, што пры пэўных абставінах можа нанесьці ўрон для чалавека.

Мэтазгоднасьць прыёму БАДаў, у якіх знаходзіцца шмат амінакіслотаў, павінен падказаць лекар

Сёньня дакладна вядома, што недахоп таўрыну прыводзіць да замаруджаваньня зажыўленьня пасьляапэрацыйных ран. Дык вось калі чалавек ужывае БАД, у склад якога ўваходзіць таўрын, у гэтага рэчыва няма канкурэнцыі з іншымі харчовымі элемэнтамі пры ўсмоктваньні ў кроў з кішэчніку.

Калі чалавек зьядае кавалак мяса, то ў ім знаходзіцца вялікая колькасьць самых розных амінакіслот, тлушчу, алею і іншых элемэнтаў. Каб усмактацца ў кроў, гэтыя элемэнты ўступаюць адзін з другім у канкурэнцыю — у выніку адны ўсмоктваюцца, а іншыя амаль не. Прыём БАДаў вядзе да таго, што амінакіслоты, якія ёсьць у іх складзе, усмоктваюцца ў вялікай колькасьці.

Мэтазгоднасьць прыёму БАДаў, у якіх знаходзіцца шмат амінакіслотаў, павінен падказаць лекар. Гэта называецца мультымадальнай праграмай рэабілітацыі пры той ці іншай паталёгіі, пасьля хірургічнага ўмяшаньня.

БАДы не прадухіляюць хваробы

Важна разумець, што дагэтуль няма дадзеных, якія б тычыліся адназначнай эфэктыўнасці прыёму БАДаў для прафіляктыкі хранічных неінфэкцыйных хваробаў, напрыклад, сардэчна-судзіннай паталёгіі.

залішне працяглы прыём у вялікай колькасьці рэчываў у складзе БАДы, як сэлен, бэта-каратын, фоліевая кіслата і іншыя, можа быць патэнцыйнай прычынай павелічэньня сьмяротнасьці

Больш за тое, назапашваюцца дадзеныя, што залішне працяглы прыём у вялікай колькасьці рэчываў у складзе БАДы, як сэлен, бэта-каратын, фоліевая кіслата і іншыя, можа быць патэнцыйнай прычынай павелічэньня сьмяротнасьці за кошт анкалягічнай паталёгіі і, напрыклад, гемарагічнага інсульту. У такіх выпадках гаворка ідзе, вядома, пра залішне вялікае захапленьне БАДамі.

Зь іншага боку, існуюць дадзеныя, атрыманыя ў выніку сучасных дасьледаваньняў з удзелам вялікай колькасьці людзей, што пасьля 65 гадоў ужываньне БАДаў, узбагачаных невялікай колькасьцю кальцыю і вітаміну D у дозе каля 800 МЕ, можа зьнізіць рызыку пераломаў костак за кошт прафіляктыкі остэапарозу. Разам з тым, пры спажываньні занадта вялікай колькасьці кальцыю можа разьвівацца ныркава-каменная хвароба.

Падсумаваньне

Калі абагульніць вышэйсказанае, то для разумнага карытаньня БАДамі трэба ведаць наступнае:

1. БАДы не рэкамэндуецца прымаць здаровым людзям для прафіляктыкі хранічных неінфэкцыйных хваробаў, бо дагэтуль няма дадзеных, якія бы сьведчылі пра іх эфэктыўнасьць у гэтым сэнсе;

2. Для здаровых людзей найлепшы выхад што да прафіляктыкі хваробаў — збалянсаванае харчаваньне зб вялікай колькасьцю харчовых элемэнтаў разам з адэкватным узроўнем фізычнай актыўнасьці;

3. Пры наяўнасьці фактараў рызыкі пэўных хвароб, напрыклад, пры постмэнапаўзальным остэапарозе ў жанчын, БАДы, узбагачаныя кальцыем і вітамінам D, могуць запаволіць разьвіцьцё остэапарозу. Пры гэтым мэтазгоднасьць прыманьня БАДу трэба ўдакладніць у свайго лекара;

4. БАДы сумесна зь іншымі сродкамі могуць быць часткай мультымадальных (г. зн. з выкарыстаньнем некалькіх мэтадаў) праграм рэабілітацыі пад кантролем лекара.

Ну і апошняе. Паколькі БАДы можна купляць самастойна, ужываць іх трэба разумна. Трэба памятаць, што гэта толькі дабаўкі да ежы, а ня лекі. Ня трэба спадзявацца, што БАД як пілюля накшталт усім вядомага анальгіну, здыме галаўны боль.

БАДы ня лечаць дэмэнцыю, анкалягічную паталёгію і іншыя сур’ёзныя захворваньні — пры такіх праблемах трэба зьвярнуцца да лекара.

А вось калі той ці іншы БАД дапамагае вам псыхалягічна пайсьці ў спартовую залю для заняткаў спортам, тады будзем лічыць, што БАД адыграў станоўчаю ролю ў прафіляктыцы некаторых хваробаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG