Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Копію Першай Устаўной граматы БНР можна будзе падпісаць у Менску


Копія Першай Устаўной граматы

Удзельнікі «Сьвята роднай мовы», якое пройдзе ў менскім клюбе «Грай» 21 лютага, змогуць падпісаць копію Першай Устаўной граматы БНР.

З такой ініцыятывай выступіла Арт Сядзіба. Арганізатары «Сьвята роднай мовы» раздрукавалі 200 асобнікаў Першай Устаўной граматы да народаў Беларусі, якая была прынятая 21 лютага 1918 году. Арыгінал Першай устаўной граматы падпісаў старшыня выканаўчага камітэту рады Першага Ўсебеларускага зьезду Язэп Варонка. Подпісы Варонкі і пісара на копіях Устаўной граматы прыбралі, каб кожны мог падпісаць дакумэнт сваім імем.

«Кожны зможа паставіць свой подпіс пад Першай Устаўной граматай, якая зьявілася на сьвет 100 гадоў таму і прымалася за два кілямэтры ад месца, дзе будзе праходзіць Сьвята роднай мовы», — заўважыў кіраўнік Арт Сядзібы Алесь Сьнег.

Арт Сядзіба традыцыйна ладзіць імпрэзы з нагоды дня роднай мовы. Сёлета «Сьвята роднай мовы» пройдзе ў менскім клюбе «Грай» (вул. Інтэрнацыянальная, 33). Імпрэза пачнецца а 17-й гадзіне і працягнецца да 22-й. У праграме мерапрыемства «Жывыя бібліятэка», беларускія настолкі, прэзэнтацыя перакладу на беларускую мову кнігі вершаў Чарльза Букоўскага, дзіцячая праграма і фотазона. На музычнай сцэне «Сьвята роднай мовы» выступяць гурты Rahis, Mikita, :B:N: і The Superbullz. Уваход на імпрэзу вольны, але неабходна зарэгістравацца.

Error rendering VK.

Міжнародны дзень роднай мовы быў абвешчаны UNESCO у 1999 годзе і традыцыйна сьвяткуецца 21 лютага. Сёлета дзень роднай мовы супадае з стагодзьдзем Першай устаўной граматы, празь месяц будзе адзначацца стагодзьдзе БНР. У Першай Устаўной грамаце выканкам камітэту рады Першага Ўсебеларускага зьезду абвясьціў пра ўтварэньне Народнага сакратарыяту, які выконваў ролю часовай улады ў Беларусі. Пазьней Народны сакратарыят стаў выконваць ролю ўраду Беларускай народнай рэспублікі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG