Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка заняў шостае месца ў дзясятцы жывых дыктатараў сьвету


Аляксандар Лукашэнка

Шматмоўнае міжнароднае выданьне Epoch Times са штаб-кватэрай у Нью-Ёрку надрукавала артыкул пра топ-10 самых жорсткіх сучасных дыктатараў.

У дзясятку ўвайшлі як тыя кіраўнікі, якія сёньня ўсё яшчэ маюць уладу, так і тыя, хто кіраваў сваімі краінамі яшчэ нядаўна, але дагэтуль жывыя і здаровыя. У сьпісе трое прадстаўнікоў былога СССР, сярод якіх і прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка.

  1. Цзян Цзэмінь, Кітай (кіраваў краінай ад 1989 па 2002 гг.)
  2. Кім Чэн Ын, Паўночная Карэя (ва ўладзе з 2011 г.)
  3. Мсваці III, Свазылэнд (ва ўладзе з 1986 г.)
  4. Робэрт Мугабэ, Зімбабвэ (быў ва ўладзе з 1980 па 2017 гг.)
  5. Умар аль-Башыр, Судан (ва ўладзе з 1989 г.)
  6. Аляксандар Лукашэнка, Беларусь (ва ўладзе з 1994 г.)
  7. Поль Кагамэ, Руанда (ва ўладзе з 2000 г.)
  8. Нурсултан Назарбаеў, Казахстан (ва ўладзе з 1990 г.)
  9. Тэадора Аб’янг Нгема Мбасага, Экватарыяльная Гвінэя (ва ўладзе з 1979 г.)
  10. Гурбангулы Бердымухамедаў, Туркмэністан (ва ўладзе з 2006 г.)

Як адзначае нямецкая вэрсія выданьня Epoch Times, прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка, які займае ў гэтым сьпісе шостую пазыцыю і зьяўляецца ў ім адзіным эўрапейскім прадстаўніком, атрымаў тытул «апошні дыктатар Эўропы» пасьля падзеньня сэрбскага дыктатара Слабадана Мілошавіча. Гэты тытул сам Лукашэнка лічыць глупствам. Ён падкрэсьлівае, што ня мае ў сваім распараджэньні рэсурсаў, каб звацца дыктатарам.

Адным зь першых крокаў пасьля яго абраньня было вяртаньне старых савецкіх дзяржаўных сымбаляў, спыненьне прыватызацыі, адыход ад набліжэньня да Эўропы і намаганьні ў стварэньні славянскага расейска-ўкраінска-беларускага саюзу.

Беларусь захоўвае старую сацыялістычную плянавую эканоміку, беспрацоўе ў ёй трымаецца штучна на нізкім узроўні, але гэты дысбалянс урад ня можа трымаць доўга, піша выданьне.

Яно таксама піша, што рэжым Лукашэнкі жорстка перасьледуе сваіх крытыкаў. У 1999 і 2000 гадах у краіне зьніклі пяць актывістаў апазыцыі, пра лёс якіх нічога невядома і дагэтуль. Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2010-га былі жорстка задушаныя мірныя акцыі пратэстаў, шмат іх удзельнікаў былі кінутыя за краты. У 2015-м Лукашэнка зноў «выйграў выбары» і такім чынам атрымаў свой пяты тэрмін на пасадзе кіраўніка дзяржавы.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG