Вугорскі лідэр назваў хрысьціянства «апошняй надзеяй Эўропы». Віктар Орбан лічыць, што палітыкі ў Брусэлі, Бэрліне і Парыжы, выяўляючы пазытыўнае стаўленьне да мігрантаў, адкрылі дарогу «да заняпаду хрысьціянскай культуры і наступу ісламу».
Віктар Орбан заявіў у нядзелю, 18 лютага, у чарговым звароце аб становішчы краіны, што ягоны ўрад будзе выступаць супраць імкненьня ААН і Эўрапейскага Зьвязу лічыць міграцыю прымальнай зьявай.
Орбан абмаляваў карціны Заходняй Эўропы, захопленай мусульманамі, у якой жыхары вымушаныя пакідаць вялікія гарады, паколькі мігранты перш за ўсё займаюць менавіта такія гарады.
Прэм’ер-міністар Вугоршчыны папярэдзіў, што іслам хутка «пастукаецца ў дзьверы Цэнтральнай Эўропы з заходняга напрамку, роўна як і з паўднёвага». Пра гэта паведаміла агенцтва Associated Press.
На выбарах у красавіку Віктар Орбан будзе разам з партыяй FIDESZ, якую ён узначальвае ( «Фідэс» — Вугорскі грамадзянскі саюз), прэтэндаваць на перамогу і свой трэці мандат кіраўніка ўраду.