Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Мюнхэне завяршылася канфэрэнцыя па бясьпецы. Удзельнікі не задаволеныя вынікамі


Будынак, дзе праходзіла канфэрэнцыя, ахоўвалі ў тым ліку паліцэйскія сабакі

Мюнхэнская канфэрэнцыя па бясьпецы завяршылася, але ўзьнятыя на ёй праблемы вырашыць не атрымалася. Пра гэта ў заключным слове сказаў яе старшыня Вольфганг Ішынгер, паведамляе DW.

«Калі я адкрываў канфэрэнцыю ў пятніцу, я думаў, што мы зможам прыбраць знак пытальніка з назвы дакладу. На жаль, нам не ўдалося адысьці ад краю прорвы», — заявіў Ішынгер, маючы на ўвазе даклад «Сьвет коціцца ў прорву?»

Апошні дзень канфэрэнцыі быў амаль цалкам прысьвечаны сытуацыі на Блізкім Усходзе. Яна закраналася і падчас дыскусіі аб зьнешняй палітыцы ЗША. Амэрыканскія сэнатары спрабавалі супакоіць эўрапейцаў, што з прыходам новай адміністрацыі асновы трансатлянтычнага супрацоўніцтва застануцца нязьменнымі.

Але зьявіліся і некаторыя зьмены, адна зь іх датычыцца заключанай пры папярэдняй адміністрацыі ЗША ядзернай зьдзелкі з Іранам у абмен на адмену санкцыяў. Адміністрацыя Дональда Трампа крытыкуе гэтую зьдзелку і не выключае выхаду зь яе. Сэнатары заклікалі заходні бізнэс не гандляваць з Іранам і Паўночнай Карэяй — яшчэ адным патэнцыяльным агменем ваеннага канфлікту, пра які з трывогай казалі ў Мюнхэне.

Прэм’ер-міністар Ізраілю Бэньямін Нэтаньягу абвінаваціў Іран у жаданьні зьмяніць статус-кво на Блізкім Усходзе, выкарыстаўшы ў якасьці пляцдарму Сырыю. Прэм’ер Ізраілю даў зразумець, што ягоная краіна гатовая маштабны ўжыць сілу.

Старшыня Мюнхэнскай канфэрэнцыі Вольфганг Ішынгер акцэнтаваў увагу на тым, што ўсе ў сьвеце імкнуцца да таго, каб скончыліся гонкі ўзбраеньняў, выконваліся дамовы. Аднак, паводле яго, на канфэрэнцыі недастаткова выразна прагучалі тэзісы пра тое, якія канкрэтныя крокі палітыкі і адказныя асобы павінны зрабіць, каб ажыцьцявіць гэтыя пляны і «адцягнуць цёмную будучыню».

Ішынгер прапанаваў ужо ў бліжэйшы панядзелак працягнуць працу і запрасіў усіх прысутных праз год сустрэцца і праверыць, ці ўдалося дасягнуць посьпеху.

У 54-й Мюнхэнскай канфэрэнцыі па бясьпецы прынялі ўдзел каля 500 чалавек: палітыкі, сярод якіх кіраўнікі дзяржаваў і ўрадаў, кіраўнікі міжнародных арганізацыяў і выведак шэрагу краін, экспэрты, бізнэсоўцы.


У NATO патлумачылі, чаму Ўкраіну не бяруць у альянс

XS
SM
MD
LG