Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дамовіцеся вывесьці 10 тысяч узброеных сіл Беларусі — мы паставім іх на мяжы» — Лукашэнка пра менскія перамовы па Данбасе


Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

Прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка заявіў сёньня журналістам пасьля галасаваньня на выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў, што Менск застанецца перамоўнай пляцоўкай па ўрэгуляваньні канфлікту ва Ўкраіне, перадае БЕЛТА.

Менск застанецца перамоўнай пляцоўкай па Ўкраіне

«Я ведаю, што нікуды гэтая пляцоўка ня дзенецца. Няўжо эўрапейскія праблемы хтосьці паедзе ў Азію вырашаць?» — сказаў Лукашэнка і адзначыў, што такога ж меркаваньня прытрымліваюцца і ў Нямеччыне.

«Мы ж не вядзем перамовы, а забясьпечваем, як мяне папрасілі Пуцін, Парашэнка, Мэркель з Аляндам. Мы доўга думалі, трэба нам гэта ці ня трэба», — расказаў кіраўнік Беларусі.

Прэзыдэнт Беларусі падкрэсьліў, што, калі будуць дасягнутыя дамоўленасьці аб пераносе перамоваў у іншыя сталіцы, беларускі бок ня будзе гэтаму пярэчыць.

«Калі знайшлі вялікую пляцоўку — дык гасподзь зь імі! Мы сваю ролю ўжо, шчыра кажучы, згулялі. Якія б ні былі менскія пагадненьні, вайну спынілі», — зьвярнуў увагу Аляксандар Лукашэнка.

Але ён ўпэўнены, што пытаньне аб пераносе перамоваў па Ўкраіне не абмяркоўвалася на сустрэчы прэзыдэнтаў ЗША і Казахстану, як пра гэта многія пішуць. «Я ня тое, што ня веру, я ведаю, што гэтае пытаньне Трамп не ўздымаў. У кагосьці сьвярбяць рукі абмеркаваць гэтае пытаньне і падацца міратворцам».

«Я казаў Парашэнку і Пуціну: вы не разьлічвайце на тое, што я чыйсьці буду»

Паводле БЕЛТА, Лукашэнка падкрэсьліў, што калі б Беларусі даручылі згуляць нейкую ролю ва ўрэгуляваньні канфлікту ва Ўкраіне, яна б выконвала усё неабходнае, не займаючы чыюсьці пазыцыю.

«Я нават казаў абодвум прэзыдэнтам, Парашэнку і Пуціну: вы не разьлічвайце на тое, што я чыйсьці буду. Я буду выразна выконваць тое, пра што вы, два прэзыдэнты, дамовіцеся: стаць паміж — я стану, дамовіцеся вывесьці 10 тыс. узброеных сілаў Беларусі — мы паставім іх на мяжы, дзе вы скажаце», — сказаў Лукашэнка.

Паводле яго, Беларусь яшчэ ў першы год канфлікту накіравала свае прапановы, як яго можна ўрэгуляваць, аднак высокапастаўленыя чыноўнікі з Брусэля ў той час не прынялі іх.

«Думаеце, нам танна гэта абыйшлося?» — пра дапамогу ўкраінскім уцекачам

Паводле Лукашэнкі, беларускі бок пагадзіўся на гэтую місію, паколькі сам зацікаўлены ў больш хуткім вырашэньні канфлікту, бо яго наступствы адбіваюцца і на Беларусі.

Прэзыдэнт Беларусі сказаў, што ў Беларусь за час канфлікту, толькі паводле афіцыйных дадзеных, прыбылі прыкладна 160 тыс украінцаў. У той жа час эўрапейскія краіны ня хочуць прымаць такая колькасьць уцекачоў і ўводзяць розныя квоты.

«Я даў усім роўныя ўмовы зь беларусамі, то бок бясплатная мэдыцынская ахова здароўя, бясплатная адукацыя, дзіцячыя сады і іншае, камунальныя паслугі і ўсё, як у Беларусі. Вы думаеце, нам танна гэта абыйшлося? Не. Але людзі патрапілі ў бяду», — падкрэсьліў кіраўнік дзяржавы.

«У Беларусь хлынуў паток зброі»

Паводле Лукашэнкі, пасьля абвастрэньня сытуацыі ва Ўкраіне ў Беларусь хлынуў паток зброі, пасьля чаго было прынята рашэньне ўзмацніць кантроль на беларуска-ўкраінскай мяжы.

«Я мог бы гэта рабіць 10-12 гадоў, а мне трэба за тры гады гэта зрабіць, каб перакрыць мяжу, — праблема. А тое, што сюды хлынула зброя, — гэта ўжо вельмі вялікая праблема, — заявіў Аляксандр Лукашэнка. — І потым, гэта ж і палітычнае, і дыпляматычнае, і іншае ўздзеяньне на нашу краіну (вы ж ўяўляеце, што там сёння ва Ўкраіне дзеецца), а як ад гэтага адгародзісься ў эпоху глябальнага інтэрнэту?»

Лукашэнка, аднак, заўважыў, што асобным дзяржавам канфлікт ва Ўкраіне выгадны.

«Яны будуць пастаянна разьдзімаць гэты канфлікт, каб было горача ў Расеі і Беларусі», — перадае БЕЛТА словы Лукашэнкі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG