Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Няроўныя ўмовы для кандытатаў, рэдагаваньне агітацыйных улётак апазыцыі — праваабаронцы па выніках назіраньня за перадвыбарчай агітацыяй


Лідэры правацэнтрысцкай кааліцыі праводзяць першы перадвыбарны пікет у Менску у рамках агітацыйнай кампаніі па выбарах мясцовых саветаў. Менск, 18 студзеня 2018 году

Аналітыкі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» падрыхтавалі справаздачу па выніках назіраньня за этапам перадвыбарчай агітацыі кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў.

Яны зрабілі наступныя агульныя высновы:

  1. У параўнаньні зь мінулымі выбарамі дэпутатаў мясцовых саветаў, падчас сёлетніх выбараў выдзелена значна больш месцаў для правядзеньня масавых мерапрыемстваў. Гэтыя месцы зьяўляюцца больш зручнымі. Пры прыняцьці рашэньняў аб месцах агітацыі ўлады сёлета часьцей кіраваліся прынцыпам «дазволена ўсё, што не забаронена».
  2. Значна больш кандыдатаў у параўнаньні зь мінулымі выбарамі падалі апавяшчэньні аб правядзеньні масавых мерапрыемстваў у спрошчаным парадку. Адпаведна, павялічылася колькасьць заяўленых перадвыбарчых пікетаў.
  3. Падчас сёлетняй выбарчай кампаніі кандыдаты ў дэпутаты больш актыўна выкарыстоўвалі магчымасьць стварэньня выбарчага фонду для фінансаваньня выдаткаў па перадвыбарчай агітацыі. Тым ня менш, доля кандыдатаў, якія стварылі выбарчыя фонды, застаецца невысокай (10,4%).
  4. Толькі 35% назіральнікаў у рэгіёнах паведамілі, што мясцовыя дзяржаўныя і недзяржаўныя СМІ надрукавалі праграмы ўсіх кандыдатаў. У большасьці дзяржаўных СМІ пераважалі матэрыялы пра кандыдатаў ад улады (дзейных дэпутатаў, чыноўнікаў ці дырэктараў прадпрыемстваў) і практычна адсутнічала інфармацыя пра кандыдатаў ад апазыцыі. Назіральнікі паведамляюць пра адсутнасьць партыйных улётак ці іншых альтэрнатыўных матэрыялаў. Ёсьць факты рэдагаваньня ці адвольнага зьмяненьня зьместу агітацыйных матэрыялаў кандыдатаў ад апазыцыі, распаўсюджваньня непраўдзівых ці няпоўных зьвестак.
  5. Выбарчыя камісіі ў рэгіёнах пераважна не інфармавалі грамадзкасьць аб часе і месцы правядзеньня сустрэч з выбарнікамі.
  6. 30% назіральнікаў кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» ў рэгіёнах паведамілі, што кандыдаты былі пазбаўленыя роўных умоваў, не маглі сустракацца з выбарнікамі ў вылучаных памяшканьнях.
  7. Як і падчас мінулых выбарчых кампаній, на карысьць праўладных кандыдатаў актыўна выкарыстоўваўся адміністрацыйны рэсурс. Агітацыйная кампанія праўладных кандыдатаў вялася пераважна ў форме сустрэч з выбарнікамі ў актавых залах прадпрыемстваў. Удзел выбарнікаў у такіх сустрэчах забясьпечваўся адміністрацыяй.
  8. Адміністрацыйны рэсурс актыўна выкарыстоўвалі і дзейныя дэпутаты, беручы ўдзел у афіцыйных мерапрыемствах. Гэтым ствараліся няроўныя ўмовы для кандыдатаў. Такая практыка апраўдваецца з боку раённых выбарчых камісій тым, што дэпутаты займаюцца сваімі непасрэднымі абавязкамі.
  9. Не заўважана сур’ёзных перашкодаў для перадвыбарчых пікетаў, аднак сустракаліся элемэнты ціску на пікеты апазыцыйных дзеячаў.

Са справаздачай цалкам можна азнаёміцца тут.

Кампанія «Праваабаронцы за свабодныя выбары», якую з 2008 году праводзяць РПГА «Беларускі Хэльсынскі Камітэт» і Праваабарончы цэнтар «Вясна», зьяўляецца незалежнай і не ставіць за мэту падтрымку палітычных партый і якіх-небудзь палітычных дзеячаў. Увесь выбарчы працэс назіральнікі ацэньваюць, выключна зыходзячы з прынцыпаў свабодных, дэмакратычных і празрыстых выбараў, пры якіх народ Беларусі можа ў поўнай меры рэалізаваць сваё канстытуцыйнае права на ўдзел у кіраваньні краінай.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG