Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У прадмесьці Парыжу на заднім сядзеньні аўтамабіля знайшлі віялянчэль за 1,3 млн эўра


Скрадзеная ў прадмесьці Парыжу віялянчэль коштам больш за мільён эўра знайшлася. Пра гэта 17 лютага абвясьціла гаспадыня інструмэнта, вядомая француская выканаўца Афэлі Гаяр.

«Сёньня раніцай мне затэлефанаваў невядомы чалавек, які заявіў, што віялянчэль ляжыць у машыне перад маім домам. Я яе знайшла на заднім сядзеньні. Адна з шыбаў машыны была разьбітая», — расказала Афэлі Гаяр агенцтву AFP.

У чацьвер, 15 лютага, у парыскім прадмесьці Пантэн (дэпартамэнт Сэна-Сэн-Дэні) на віялянчэлістку пры выхадзе з дома напаў невядомы, які прыгразіў ёй нажом і прымусіў аддаць мабільны тэлефон і футарал зь віялянчэльлю.

Верагодна, рабаўнік не здагадваўся пра тое, наколькі «таксычны» набытак быў у футарале. Унікальная віялянчэль, створаная ў 1737 годзе ў майстэрні італьянскага майстра Франчэска Гафрылера, ацэньваецца прыкладна на 1,3 мільёна эўра.

Віялянчэлістцы Афэлі Гаяр магчымасьць карыстацца гэтым інструмэнтам даў францускі банк.

«Пасьля нападу, які было вельмі жорсткім, я не спала двое сутак, — распавяла выканаўца. — І вось цяпер такі цуд пасьля двух дзён кашмару».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG