Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Косаве адзначаюць 10-годзьдзе абвяшчэньня незалежнасьці


Бедныя, але з гонарам. 10 гадоў незалежнаму Косаву
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:03:17 0:00

Статус гэтага былога аўтаномнага краю Сэрбіі як незалежнай дзяржавы прызнаны ня ўсімі членамі сусьветнай супольнасьці.

Косава працягвае змагацца за зацьвярджэньне свайго сувэрэнітэту і спрабуе ўрэгуляваць адносіны зь Бялградам, каб пачаць інтэграцыю ў ЭЗ і NATO. Але калі сэрбскія ўлады намякаюць на гатовасьць адмовіцца ад блякаваньня косаўскай незалежнасьці дзеля паскарэньня уласнай эўраінтэграцыі, то Масква гэта рабіць не зьбіраецца.

Апошнія дасьледаваньні пацьвярджаюць, што грамадзяне Косава бачаць сваю будучыню ў Эўрапейскім зьвязе (93,6%) і NATO (89%) і лічаць, што асноўная пагроза іх бясьпекі зыходзіць ад Бялграду і Масквы. Расея ўспрымаецца як варожая краіна перш за ўсё праз свае цесныя сувязі з Сэрбіяй і актыўную антыальбанскую кампанію, якую Масква вядзе яшчэ з часоў косаўскага канфлікту канца 1990-х. І хоць вайна даўно скончылася, а ў самім Косаве бясьпеку ўсё яшчэ забясьпечваюць міжнародныя сілы пад камандаваньнем NATO, гэтае нэгатыўнае ўспрыманьне не мяняецца.

Сэрбія хоча нармалізацыі сувязяў з Косавам. Расея супраць

Між тым у Сэрбіі, мяркуючы па апытаньнях, пра вайну і ня думаюць. Большасьць грамадзянаў гэтай краіны выступаюць супраць аднаўленьня кантролю над адколатай правінцыяй сілавым шляхам і падтрымліваюць дыялёг аб нармалізацыі, што пачаўся ў 2011 годзе пры пасярэдніцтве ЭЗ. Разам з тым сэрбы па-ранейшаму ня хочуць фармальнага прызнаньня косаўскай дзяржаўнасьці. Большасьць апытаных адмовіліся б ад ўступленьня ў Эўразвяз, калі б умовай гэтага стала афіцыйнае прызнаньне Косава.

Сам Брусэль, зрэшты, такой ўмовы не выстаўляе. Яго патрабаваньне зводзіцца да падпісаньня паміж Бялградам і Прышцінай ўсёабдымнага пагадненьня аб нармалізацыі сувязяў. На практыцы гэта азначае, што Сэрбія павінна спыніць блякаваць паўнавартаснае разьвіцьцё Косава як самастойнай дзяржавы і яго інтэграцыю ў міжнародную супольнасьць. Аднак апошняе залежыць ня столькі ад самой Сэрбіі, колькі ад яе галоўнай «саюзьніцы», што канфліктуе з Захадам, — Расеі.

Беларусь не прызнае незалежнасьць Косава

На гэты момант Косава афіцыйна прызналі 116 дзяржаваў сьвету, у тым ліку 23 з 28 краінаў Эўразьвязу. Сярод тых, хто не прызнае незалежнасьці Косава — Расея, Кітай, Іран, Ізраіль, Армэнія, Азэрбайджан, Грузія, Босьнія, Грэцыя, Казахстан, Кіргізстан, Малдова, Румынія, Гішпанія, Славаччына, Таджыкістан, Украіна, Узбэкістан.

Не прызнае незалежнае Косава і Беларусь.

У лютым 2008 году Аляксандар Лукашэнка напісаў у лісьце сэрбскаму прэзыдэнту Борысу Тадзічу, што «Беларусь выказвае сваю салідарнасьць з жаданьнем сэрбаў бараніць свой сувэрэнітэт і тэрытарыяльную цэласьць».

Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь прыняў заяву, у якой асудзіў абвяшчэньне незалежнасьці Косава.

У траўні 2012 году амбасадар Беларусі ў Сэрбіі Ўладзімер Чушаў заявіў, што Беларусь ніколі не прызнае незалежнасьці Косава. «Нам моцна баляць косаўскія раны», — сказаў ён.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG