Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генэральны сакратар ААН: Сьвету пагражае ядзерны канфлікт


Антоніу Гутэрыш выступае на канфэрэнцыі ў Мюнхэне, Нямеччына, 16 лютага 2018

Генэральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш, выступаючы на Мюнхэнскай канфэрэнцыі ў пытаньнях бясьпекі, заявіў, што сьвет стаіць перад «пагрозай ядзернага канфлікту» на тле ядзерных выпрабаваньняў Паўночнай Карэі.

«Упершыню ад заканчэньня халоднай вайны мы стаім перад ядзернай пагрозай, пагрозай ядзернага канфлікту. І я, натуральна, маю на ўвазе сытуацыю з распрацоўкай Паўночнай Карэяй ядзернай зброі і ракет далёкага дзеяньня. Гэтыя распрацоўкі ў цэлым супярэчаць волі міжнароднай супольнасьці і выразна парушаюць некалькі пастановаў Рады бясьпекі ААН», — сказаў генэральны сакратар ААН.

Гутэрыш таксама падкрэсьліў, што адзінства і шматбаковасьць маюць вырашальнае значэньне для разьвязаньня складаных глябальных праблем, уключаючы зьмены клімату і кібербясьпеку.

У парадку дня Мюнхэнскай канфэрэнцыі ў пытаньнях бясьпекі, якая пачалася 16 лютага ў Нямеччыне, будзе галоўным чынам абмеркаваньне сусьветнымі лідэрамі пагаршэньня адносінаў паміж Расеяй і Захадам, канфліктаў ва Ўкраіне і Сырыі, а таксама ядзерныя амбіцыі Паўночнай Карэі.

Перад пачаткам пасяджэньняў канфэрэнцыі яе старшыня Вольфганг Ішынгер папярэдзіў, што сьвет рухаецца ў кірунку «грандыёзнага канфлікту».

Ён таксама зьвярнуў увагу на павелічэньне напружанасьці ў адносінах паміж Вашынгтонам і Пхэньянам, паміж НАТА і Расеяй, на «рост нацыяналізму і нелібэральных плыняў», што, на яго думку, зьяўляецца прыкметамі «паслабленьня некаторых асноўных прынцыпаў міжнароднага парадку».

У 2017 годзе КНДР ажыцьцявіла шэсьць ядзерных выпрабаваньняў, а таксама выпрабавала некалькі міжкантынэнтальных балістычных ракет, што выклікала крытыку з боку сусьветнай супольнасьці. У сувязі з гэтым Рада бясьпекі ААН некалькі разоў пашырала санкцыі супраць Паўночнай Карэі, у прыватнасьці, 22 сьнежня 2017 арганізацыя адзінагалосна ўхваліла прапанаваныя ЗША новыя санкцыі супраць Паўночнай Карэі. Санкцыі абмяжуюць для КНДР імпарт нафты, вернуць усіх яе рабочых з-за мяжы на працягу году і могуць істотна абмежаваць суднаходства.

XS
SM
MD
LG