Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларусьфільм» хоча зарабляць грошы. Замест экранізацыі клясыкі і гістарычных стужак будуць здымаць мэлядрамы і сэрыялы


Ілюстрацыйнае фота. Кадар з кароткамэтражнага фільму «Падарунак Санта Клаўса», «Беларусьфільм», 2017 год

Беларуская нацыянальная кінастудыя «Беларусьфільм» зьменіць стратэгію вытворчасьці, паведаміў БЕЛТА генэральны дырэктар студыі Ігар Поршнеў.

Усё, што прыносіць прыбытак

Паводле кіраўніка «Беларусьфільма», стратэгія вытворчасьці будзе зьмененая для павышэньня акупнасьці. Так, выпускаць буйнабюджэтныя карціны на гістарычную, сучасную, патрыятычную тэмы, экранізаваць клясыку плянуецца не часьцей за раз на два гады. Вытворчасьць малабюджэтных фільмаў коштам да 500 тысяч даляраў (мэлядрамы, сацыяльныя драмы, камэдыі, стужкі для сямейнага прагляду) плянуюць пашырыць, што мусіць забясьпечыць сталую прысутнасьць карцін у пракаце і павысіць працэнт вяртаньня ўкладзеных у іх сродкаў.

Кінастудыя мае намер удзельнічаць у вытворчасьці тэлесэрыялаў, перш за ўсё сумесна з расейскімі кампаніямі, што супрацоўнічаюць зь дзяржаўнымі тэлеканаламі, паколькі продажы гэтым каналам прыносяць найбольшы прыбытак.

Пашырэньне аўдыторыі

«Беларусьфільм» паспрабуе рэалізаваць правы паказу фільмаў на тэрыторыі Ўкраіны і Казахстану, увядзе практыку продажу правоў паказу карцін пакетным мэтадам расейскім рэгіянальным тэлеканалам у абыход пасярэдніка, а таксама рускамоўным тэлеканалам у іншых краінах (Ізраіль, Канада, ЗША, ФРГ, Літва, Латвія, Эстонія), пашырыць камэрцыйнае распаўсюджваньне стужак праз інтэрнэт — прагляд па замове на ўмовах аплаты. Так, беларускі фільм «Сьляды на вадзе», паводле Поршнева, за чатыры месяцы прысутнасьці ў інтэрнэце прагледзелі 5 млн гледачоў, карціна атрымлівае добрыя водгукі. Цяпер студыя вядзе перамовы з шэрагам расейскіх каналаў аб продажы ім стужкі.

Будуць працаваць над стратэгіяй

У «Беларусьфільме» вырашылі распрацаваць доўгатэрміновую рэпэртуарную стратэгію: будуць больш працаваць над вызначэньнем мэтавай аўдыторыі, плянамі прасоўваньня карцін, пашыраць жанрава-тэматычную разнастайнасьць стужак. Абноўленая кінастудыя плянуе здымаць у год ня менш за 6 ігравых, да 25 неігравых фільмаў, ня менш за 8 анімацыйных (у 2017 годзе было зьнята за 5 ігравых, да 19 неігравых фільмаў, ня менш за 9 анімацыйных і 1 камэрцыйная кінастужка).

У «Беларусьфільм» на экскурсію

Гендырэктар таксама дадаў, што абноўленую кінастудыю, рэканструкцыя якой завершаная 7 лістапада 2017 году, стала прывабным экскурсійным аб’ектам — за кастрычнік-сьнежань «Беларусьфільм» наведалі больш за 230 чалавек, цяпер у іх шмат заявак на арганізацыю экскурсіі, таму у будучыні кінастудыя плянуе стварыць асобны экскурсійны аддзел.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG