Аляксандар Лукашэнка сустрэўся сёньня ў Менску з прэм’ерам-міністрам Турэччыны Біналі Йылдырымам. Гэта першы ў гісторыі візыт турэцкага прэм’ера ў Беларусь, піша БЕЛТА.
Падчас сустрэчы Лукашэнка заявіў, што асноўныя міністэрствы і ведамствы дзьвюх краінаў наладзілі «шчыльнае і плённае супрацоўніцтва», беларуска-турэцкія адносіны «перажываюць нейкі пэрыяд рэнэсансу», а таваразварот паміж краінамі наблізіўся да 1 млрд даляраў, і гэта «толькі база для далейшага разьвіцця двухбаковых адносінаў».
Лукашэнка заклікаў да нарошчваньня актыўнага беларуска-турэцкага супрацоўніцтва па ўсіх напрамках.
Кіраўнік турэцкага ўраду Біналі Йылдырым таксама адзначыў, што прэзыдэнт Турэччыны Рэджэп Эрдаран задаволены беларуска-турэцкімі адносінамі, але лічыць, што «мы недастаткова выкарыстоўваем патэнцыял і маем магчымасьці для разьвіцця супрацоўніцтва».
Прэм'ер-міністар Турэччыны ўпершыню зьдзяйсьняе візыт у Беларусь.
Напярэдадні адбыліся ягоныя перамовы з прэм’ер-міністрам Андрэем Кабяковым, па выніках якіх бакі падпісалі пакет дакумэнтаў па пашырэньні супрацоўніцтва ў розных сфэрах.
Прэм’ер-міністар Турэччыны таксама правёў сустрэчу са старшынёй Савета Рэспублікі Міхаілам Мясьніковічам і старшынёй Палаты прадстаўнікоў Уладзімерам Андрэйчанкам. Акрамя таго, праграма візыту Біналі Йылдырыма прадугледжвае ягоны ўдзел у адкрыцьці Беларуска-турэцкага дзелавога форуму, наведваньне Менскага заводу колавых цягачоў і Кітайска-беларускага індустрыяльнага парку «Вялікі камень».
Беларусь павялічыла экспарт прадуктаў у Турэччыну ў 100 разоў
Пра рэзкае павелічэньне экспарту беларускіх прадуктаў у Турэччыну паведаміў сёньня журналістам начальнік галоўнага ўпраўленьня замежнаэканамічнай дзейнасьці Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчаваньня Аляксей Багданаў перад пачаткам Беларуска-турэцкага бізнэс-форуму, паведаміла БЕЛТА.
Паводле яго, экспарт прадпрыемстваў сыстэмы Мінсельгасхарчу ў Турэччыну за мінулы год вырас практычна ў 100 разоў і склаў 10,8 млн даляраў. У асноўным пастаўлялася масла (90% усяго экспарту), сухое натуральнае малако, сыры і тварог, а таксама яйкі.
Багданаў патлумачыў гэта тым, што мінулы год прайшоў пад знакам дэфіцыту прадукцыі тлушчавай групы, а менавіта масла — кошты на яго вырасьлі ва ўсім сьвеце.
Начальнік галоўнага ўпраўленьня ЗЭД сказаў, што ў далейшым беларускі бок плянуе зрабіць упор на экспарт у Турэччыну беларускіх сыроў.
«Калі там пачнецца сэзон, мы хочам, каб беларускія сыры былі прадстаўленыя ў многіх гатэлях гэтай краіны», — распавёў чыноўнік.
Беларускі экспарт у Турэччыну ў 2017 годзе дасягнуў 134,4 млн даляраў
Паводле афіцыйных дадзеных, Турэччына займае дзявятае месца па аб’ёме таваразвароту ў зьнешнім гандлі Беларусі. У 2017 годзе паказьнікі ўзаемнага гандлю перавысілі 940 млн даляраў. Пры гэтым беларускі экспарт павялічыўся практычна на 60% у параўнаньні з 2016 годам і дасягнуў 134,4 млн даляраў. Беларусь пастаўляе ў Турэччыну калійныя угнаеньні, сталёвыя паўфабрыкаты, нафтахімію, сынтэтычныя валокны і ніткі, сельскагаспадарчыя тавары.
Па выніках дзевяці месяцаў 2017 году аб’ём турэцкіх інвэстыцыяў у беларускую эканоміку склаў 40,4 млн даляраў (165,6% да аналягічнага пэрыяду 2016 года-га). У Беларусі працуюць каля 300 суб’ектаў гаспадараньня з турэцкім капіталам.
У Турэччыне дзейнічае адзін прамы суб’ект беларускай тавараправоднай сеткі — ТАА «BNH Petrokimya», заснаваны прадпрыемствамі канцэрну «Белнафтахім». У сьнежні 2016 году адкрытае прадстаўніцтва Менскага аўтамабільнага заводу, вядзецца праца дзеля стварэньні зборачных вытворчасьцяў камбайнаў «Гомсельмаш», будаўнічай і спэцыяльнай тэхнікі «Амкадор», а таксама паставак на турэцкі рынак тэхнікі БелАЗ.