Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Літве на год абмежавалі трансьляцыю расейскага тэлеканалу «РТР-Планета»


Літоўская камісія па радыё і тэлебачаньні (ЛКРТБ) вырашыла абавязаць рэтрансьлюючыя кампаніі на год абмежаваць трансьляцыю ў Літве перадач расейскага тэлеканалу «РТР-Планета».

Як паведамляе агенцтва BNS, у праграмах «РТР-Планеты» за апошні год камісія выявіла тры выпадкі, калі былі зафіксаваныя падбухторваньне да вайны і распальваньне нянавісьці. Так, у сакавіку лерась у адной зь перадач каналу гучалі пагрозы на адрас ЗША, заклікі аднавіць СССР з усімі былымі тэрыторыямі. У іншай праграме ў траўні гучалі пагрозы акупаваць краіны Балтыі.

Рэтрансьляцыя зарэгістраванага ў Швэцыі тэлеканалу «РТР-Планета» ў Літве за падбухторваньне да вайны і распальваньне нянавісьці забаранялася ўжо двойчы — у 2015 годзе і ў 2016 годзе. Абодва разы рэтрансьляцыя каналу забаранялася на тры месяцы за выказваньні дэпутата Дзярждумы Расеі Ўладзіміра Жырыноўскага. Пасьля гэтых санкцый камісія па-ранейшаму фіксавала парушэньні.

Літоўскія тэлекампаніі ў 2015 годзе таксама абавязалі перавесьці тэлеканал «РТР-Планета» у пакет платных праграм, аднак пасьля сыгналаў з Эўракамісіі, што гэта можа парушаць правы Эўразьвязу, літоўскі рэгулятар пазьней адклікаў гэтае абмежаваньне.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG