Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абноўлены закон аб вэтэранах можа прыраўнаць «аўганцаў» да ўдзельнікаў вайны


Траецкае прадмесьце з Востравам сьлёз у памяць пра тых, хто загінуў у Аўганістане

Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў рыхтуюць новую рэдакцыю закону аб вэтэранах. Пра гэта БЕЛТА паведаміў старшыня Беларускага саюзу вэтэранаў вайны ў Аўганістане Валеры Гайдукевіч.

Паводле Гайдукевіча, за час дзеяньня закону ў яго ўнесена мноства зьменаў, у якіх цяпер складана разабрацца. Таму насьпела неабходнасьць упарадкаваць пытаньні з улікам сёньняшніх рэалій і абнавіць дакумэнт. Плянуецца, што праект новай рэдакцыі будзе падрыхтаваны сёлета, а ў наступным годзе дэпутаты пачнуць яго разглядаць.

Сярод іншага ініцыятары лічаць патрэбным прыраўнаць «аўганцаў» да ўдзельнікаў вайны. Як патлумачыў старшыня Асацыяцыі інвалідаў вайны ў Аўганістане Сяргей Красоўскі, раней удзельнікі баявых дзеяньняў мелі статус, прыраўнаны да вэтэранаў ВАВ, аднак паступова гэтых выгодаў іх пазбавілі.

«На сёньня мы проста ўдзельнікі баявых дзеяньняў на тэрыторыі іншых дзяржаў, — цытуе яго БЕЛТА. — Цяперашні закон абмяжоўвае гэтую катэгорыю ў атрыманьні некаторых сацыяльных гарантый, якія маюць вэтэраны ВАВ».

На перакананьне Валерыя Гайдукевіча, абавязкова павінна ўлічвацца, што чалавек удзельнічаў у баявых дзеяньнях, а заканадаўства павінна тлумачыцца на яго карысьць. Напрыклад, калі ёсьць магчымасьць даць трэцюю ці другую групу інваліднасьці, лепш, каб гэта была другая. Па яго словах, чалавек зь лёгкай кантузіяй у свой час мог і не зьвярнуцца да мэдыкаў, аднак гэта не праходзіць бясьсьледна.

У Беларусі 15 лютага адзначаецца 29-я гадавіна заканчэньня баявых дзеяньняў у Аўганістане і Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG