Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гультаі з грыбамі», «падманухі», курыца зь вішнямі — у Беліцы правялі конкурс «Пазнай смак сваёй кухні»


Жанчыны, якія ўдзельнічалі ў кулінарным спаборы ў Беліцы

Шчупак па-графску, «скавароднік», «падманухі», «гультаі з грыбамі» — у кожнай вёсцы былі свае стравы. Каб не зьнікалі рэцэпты бабуляў, у Беліцы Лідзкага раёну правялі конкурс «Пазнай смак сваёй кухні».

Удзельнікаў адразу настроілі: «працоўная» мова — беларуская. А калі хто ня ўмее? Можна на трасянцы... У кожнай стравы свая гісторыя, агучыць яе таксама было мэтай. Свой стол прадстаўлялі жыхары пятнаццаці вёсак.

Кулінарны спабор меў «гістарычны прысмак». Каля Беліцы, каб усе ведалі, кухар караля Жыгімонта Аўгуста Пётар Мышыц за добрую службу атрымаў дзьве валокі зямлі і стаў мясцовым землеўладальнікам. Такія зьвесткі зачытала вядоўца конкурсу. Іх знайшоў у Мэтрыцы Вялікага Княства Літоўскага Станіслаў Суднік, сябра журы, рэдактар гісторыка-краязнаўчага часопіса «Лідзкі летапісец». На ягоную думку, факт гэты невыпадковы і дадае конкурсу добрага імпэту на будучыню. Зьвесткі пра каралеўскага кухара былі зьмешчаныя ў лісьце караля да ваяводы троцкага Мікалая Радзівіла.

Ганна Некраш зь Лідзкага раённага цэнтру культуры і народнай творчасьці лічыць вельмі каштоўным, што вяскоўцы разам з рэцэптамі стараюцца захаваць і зьвесткі зь лякальнай гісторыі. Напрыклад, у вёсцы Крупава пан меў вішнёвы сад і вельмі любіў вішні, усіх жанчын і дзяўчат называў «мая ты вішанька». Таму яны гатуюць напой зь вішань і маюць рэцэпт курыцы зь вішнямі, што вельмі незвычайна.

У Ваверцы, дзе жыў пан Графіноўскі, вяскоўцы зьберагаюць у трэцім пакаленьні сурвэтку, што належала яму, з вышытым ініцыялам. Прывозілі паказаць у Беліцу.

Кожны па-свойму стараўся прадставіць сваю мясцовасьць, свае адметныя рэцэпты і зьвязаныя зь імі гісторыі, кажа Ганна Некраш.

Што запомнілася ёй самой? «Падманухі» — аладкі з цыбуляй зь Бердаўкі. Яе жыхары прывезьлі сваю гісторыю пра летнюю рэзыдэнцыю князя Дэмбавецкага і пра стравы, якія для яго гатаваліся, прадставілі іх.

Сама Беліца блізка ад Нёмана. Удзельнікі зь іншых наднёманскіх вёсак нагатавалі рыбных страў. Частавалі рыбай у цесьце, шчупаком па-графску (у начынцы — тры гатункі кашы). Былі на сталах вясковыя сыры собскага вырабу, мноства грыбоў — гэта быў дзень посных страў. Пакаштаваць можна было любую.

Журы толькі аднойчы зьнізіла бал за бліны з ікрой, якія адна каманда паспрабавала выдаць за нацыянальную страву.

Да наступнага разу, можна спадзявацца, высьветляць, што ж гатаваў Пётар Мышыц свайму каралю і вялікаму князю літоўскаму ў адной асобе — Жыгімонту Аўгусту ў сярэдзіне ХVІ стагодзьдзя. На думку Станіслава Судніка, гэта маглі быць прысмакі італійскай кухні, моду на якую пры двары завяла каралева Бона Сфорца, маці Жыгімонта Аўгуста. Спадар Суднік лічыць, што прыклад Мышыца не адзінкавы — пачынальнік магнацкага роду Кішкаў таксама быў каралеўскім кухарам, кажа ён. І нават вядома, што пазычыў ці скраў для свайго гаспадара рэцэпт нямецкай каўбасы, упадабанай каралём.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG