Суд у Сэуле асудзіў сяброўку былога прэзыдэнта Паўднёвай Карэі да 20 гадоў турмы. Чхвэ Сун Сіль прызналі вінаватай у карупцыі і ва ўмяшаньні ў палітычныя справы краіны. Акрамя таго, яна павінна будзе выплаціць штраф памерам 16,5 мільёна даляраў.
Чхвэ Сун Сіль некалькі гадоў была дарадцам экс-прэзыдэнта Паўднёвай Карэі Пак Кын Хэ. Два гады таму яны абедзьве апынуўся ў цэнтры палітычнага скандалу. Паводле дадзеных сьледзтва, Чхвэ Сун Сіль выкарыстоўвала свой уплыў, каб прымусіць буйныя карпарацыі рабіць ахвяраваньні ў зьвязаныя зь ёй фонды.
Былая кіраўніца Паўднёвай Карэі Пак Кын Хэ была адхіленая ад улады праз працэдуру імпічмэнту ў сярэдзіне сакавіка 2017 году. Яе арыштавалі паводле абвінавачваньня ў карупцыі, перавышэньні паўнамоцтваў і разгалошваньні дзяржаўнай таямніцы.
У пачатку студзеня агенцтва Associated Press паведаміла, што Пак Кын Хэ падазраюць у незаконным атрыманьні больш 3 мільёнаў даляраў ад трох былых кіраўнікоў спэцслужбаў краіны.
Сьцьвярджаецца, што экс-прэзыдэнтка выкарыстала гэтыя грошы на свае асабістыя патрэбы, уключаючы падтрымку бізнэсу сваёй сяброўкі, а таксама на не прадугледжаныя законам ўзнагароджаньні для сваіх памочнікаў.