Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саакашвілі заявіў аб плянах вярнуцца на тэрыторыю Ўкраіны


Міхэіл Саакашвілі хоча вярнуцца на тэрыторыю Ўкраіны законным спосабам. Былы губэрнатар Адэскай вобласьці і грузінскі прэзыдэнт паведаміў, што ён не зьбіраецца прасіць палітычнага прытулку ў Польшчы.

На прэсавай канфэрэнцыі ў Варшаве палітык таксама сказаў, што ня мае ніякага іншага грамадзянства, акрамя ўкраінскага.

Раней стала вядома, што Саакашвілі папрасіў дапамогі ў Эўразьвязу і асобна канцлера Нямеччыны Ангелы Мэркель.

Калі ЭЗ і, у прыватнасьці, Мэркель нічога ня зробяць, то Ўкраіна прыйдзе да краху, сказаў экс-губэрнатар Адэскай вобласьці.

"Па так званай справе дзяржаўнага перавароту і грошаў Курчанкі я патрабую справядлівага ўкраінскага суду. Калі Луцэнка (генпракурор Украіны Юры Луцэнка) не хлусіў, калі выступаў у парлямэнце, а ўсе мы ведаем, што ён хлусіў, калі казаў, што я небясьпечны злачынец, то я павінен адказаць перад украінскім судом. Але калі я злачынец, дык чаму я тут, чаму мяне зараз не судзяць? Як можна так нахабна ігнараваць прававыя нормы?" – заявіўшы Саакашвілі.

Па яго словах, знаходзячыся ў Кіеве, ён хадзіў на допыты па "пяці-шасьці справах" і не быў на допыце толькі адзін раз, таму што быў у лекара.

"Няхай не спрабуюць абвясьціць мяне ў вышук. Я – тут, а не хаваюся і патрабую ад яго (генэральнага пракурора Юрыя Луцэнкі) дапусьціць мяне да сьледчых дзеяньняў, патрабую ад яго дапусьціць мяне да судовых пасяджэньняў. Я хачу, каб мяне дапытвалі", – сказаў Саакашвілі.

Лідэр украінскага «Рух новых сіл» сьцьвярджае, што за яго выгнаньнем з Украіны стаіць прэзыдэнт краіны Пётар Парашэнка. Паводле словаў Саакашвілі, Парашэнка разбурае Ўкраіну і хоча пазбавіцца ад яго як ад чалавека, які змагаецца з карупцыяй.

Саакашвілі заявіў, што працягне барацьбу з украінскімі ўладамі пасьля экстрадыцыі ў Польшчу.

«У мяне пасьля ўчорашняга вельмі баліць шыя, таму што яны ўсяляк мяне душылі ўсю дарогу. Я хачу сказаць: шыя ў мяне пройдзе, а шыі ўкраінскаму алігархату разам з украінскім народам мы зьвернем... Мы «зьвернем шыю» Парашэнку і яго хэўры, Луцэнку, усе яны будуць сядзець у турме » – заявіў Саакашвілі ў Варшаве 13 лютага.

Ён дадаў, што вольны ў Эўропе.

«Ва Ўкраіне, наадварот, мяне штодня перасьледавалі, за мной сачылі, увесь час ладзілі правакацыі, пастаянна запісвалі, пастаянна ўжывалі фізычную сілу, арыштоўвалі, а тут я на свабодзе. Эўропа вольная. І Ўкраіна будзе вольная. Свабодны Саакашвілі для вас у разы больш небясьпечны» – заявіў палітык.

Па словах былога прэзыдэнта Грузіі, ён мае намер у бліжэйшыя тыдні «актыўна супрацоўнічаць з Эўрапейскім парлямэнтам, эўрапейскімі і амэрыканскімі палітыкамі».

«Мы будзем ствараць свой «сьпіс Магніцкага» па ўкраінскай карупцыі» – адзначыў Саакашвілі.

Учора днём людзі ў камуфляжы затрымалі Міхэіла Саакашвілі ў рэстаране ў Кіеве. Памежная служба Украіны паведаміла, што гэта былі яе супрацоўнікі. Палітыка адправілі ў Польшчу. Менавіта адтуль ён прыбыў ва Ўкраіну летась. Украінскія ўлады лічаць, што палітык перасек мяжу незаконна.

Летась прэзыдэнт Украіны пазбавіў Саакашвілі ўкраінскага грамадзянства. Падставай для гэтага назвалі тое, што экс-прэзыдэнт Грузіі нібыта не паведаміў пра заведзеныя супраць яго крымінальных справы ў Грузіі.

Саакашвілі зьвярнуўся ў міграцыйную службу і папрасіў статус бежанца. Але суд у Кіеве адмовіўся прызнаваць палітыка асобай, якая мае патрэбу ў дадатковай абароне пасьля пазбаўленьня грамадзянства Ўкраіны.

У студзені 2018 году суд у Тбілісі прызнаў Саакашвілі вінаватым па справе аб злосным перавышэньні паўнамоцтваў на пасадзе прэзыдэнта Грузіі і прысудзіў яго да трох гадоў турмы.

5 лютага лідэру «Руху новых сіл» зноў адмовілі ў прадстаўленьні статусу ўцекача ва Ўкраіне. Палітык тады заявіў, што ўкраінская ўлада наўмысна паскарае разгляд справы, каб мець фармальныя падставы для экстрадыцыі яго з краіны. Саакашвілі таксама сьцьвярджаў, што Кіеў хоча выслаць яго ў Польшчы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG